26 красавiка 2024, Пятніца, 8:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

COVID-19 у Латвіі: як краіна дайшла да жорсткага локдаўна

1
COVID-19 у Латвіі: як краіна дайшла да жорсткага локдаўна

Латвія, якая дагэтуль адносна паспяхова спраўлялася з пандэміяй, гэтай восенню трапіла ў складаную сітуацыю.

Вось ужо тыдзень як Латвія жыве ва ўмовах жорсткага локдаўна. Працуюць толькі крамы з таварамі першай неабходнасці, забароненыя грамадскія мерапрыемствы, пікеты, сходы, піша dw.com.

Не працуюць рэстарацыі, тэатры і кіно, касуюцца гурткі і заняткі па інтарэсах. Вучоба і праца - пераважна на выдаленні. З 20.00 вечара да 5.00 раніцы - каменданцкая гадзіна. Адзінае абмежаванне, ад якога ўлады адмовіліся - гэта закрыццё межаў. Медыкі ўжо запатрабавалі адстаўкі міністра аховы здароўя - праз памылкі, дапушчаныя ва ўпраўленні крызісам.

Прышчэпленая толькі палова насельніцтва Латвіі

Жорсткія абмежаванні ў Латвіі, уведзеныя з 21 кастрычніка да 15 лістапада, датычацца ўсіх - як прышчэпленых, так і тых, хто пакуль не прышчапіўся. За невыкананне абмежаванняў пагражае штраф да 2 тысяч еўраў. Паводле звестак Нацыянальнай службы здароўя, працэс вакцынацыі скончыла толькі палова амаль двухмільённага насельніцтва Латвіі, а гэтага недастаткова. У групе рызыкі - пенсіянеры, яны часцей за іншых трапляюць у лякарні з COVID-19. Але прышчапляцца не спяшаюцца: сярод жыхароў, старэйшых за 60, вакцынаваных прыкладна 60%. Сярод тых, каму за 80, прышчэпленыя менш за палову.

Са слоў інфекцыяніста Рыжскай клінічнай універсітэцкай лякарні ім. П.Страдзіня Угі Думпіса, цяпер Латвіі трэба тэрмінова развязваць пытанне вакцынацыі - перш за ўсё паджылых жыхароў краіны. І для гэтага патрэбная асаблівая стратэгія і іншыя аргументы, мяркуюць экспэрты.

«Пенсіянеры - не антываксеры. Там іншыя праблемы. Я не веру, што яны масава адмовяцца ад прышчэпкі, калі з імі будуць мэтанакіравана працаваць. Было памылкай пачынаць вакцынацыю з моладзі і не звяртацца да больш паджылай групы грамадства праз тыя ж рэлігійныя арганізацыі«, - адзначае Уга Думпіс.

З лекарам адной з рыжскіх лякарняў Артурам Шылавым журналісты пагутарылі па Zoom адразу пасля ягонай начной змены. Ён яшчэ ў шпіталі. Перад пачаткам інтэрв'ю ён атрымлівае званок ад калегі, з якой ён толькі развітаўся пасля дзяжурства - у яе выяўлены COVID-19, а гэта значыць, што каранавірус можа быць і ў яго.

Артур Шылаў упэўнены, што локдаўн дазволіць крыху разгрузіць лякарні і дасць час прышчапіцца тым, хто гэта не зрабіў яшчэ з мінулай вясны. Аднак, са слоў лекара, Латвія не ўлічыла памылкі іншых краін і з абмежаваннямі спазнілася. Ужо ў ліпені экспэрты папярэджвалі, што ўвосень пачнуцца праблемы. Таксама становіцца больш тых пацыентаў, якія запускаюць хранічныя хваробы ці не атрымліваюць планавую дапамогу ў перагружанай сістэме аховы здароўя. Бо ўжо 18 кастрычніка ў большасці латвійскіх шпіталёў спынілі надаваць планавыя медыцынскія паслугі.

«Я падазраю, што сваю ролю адыграла тое, што налета пройдуць выбары ў парламент Латвіі. На жаль, на гэта вельмі сумна глядзець - дагэтуль увесь крызіс развязваецца праз палітычную дыскусію, і пастановы ў выніку вельмі запозненыя», - кажа Шылаў.

Першую хвалю COVID-19 Латвія перажыла адносна паспяхова, а цяпер б'е рэкорды па хуткасці распаўсюджвання каранавіруса і ўжо папрасіла іншыя краіны дапамагчы з медыцынскім абсталяваннем, якога бракуе. У спісе ў тым ліку і 120 апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх. Аднак у Латвіі не стае і медыцынскага персаналу.

«Можна знайсці дадатковыя ложкі, але знайсці медыцынскі персанал не так проста. У інтэнсіўную тэрапію чалавека з вуліцы не возьмеш. Паводле афіцыйных звестак, у краіне больш за 10 тысяч медсясцёр, якія маглі б працаваць у галіне. Рэальна працуюць блізу 5300. Гэта самая нізкая колькасць медсясцёр на колькасць жыхароў ва ўсёй Еўропе. З лекарамі ўсё не так дрэнна, але большая іх частка ў пенсійным або перадпенсійным узросце», - адзначае Артур Шылаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках