26 красавiка 2024, Пятніца, 17:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Муратаў – найлепшы

12
Муратаў – найлепшы
Дзмітрый Муратаў

Галоўнае ў Дзмітрыі Муратаве - гэта здольнасць да дэфібрыляцыі.

У гісторыі расейскай журналістыкі, сказаў аднойчы Адам Міхнік, былі толькі тры выбітныя галоўныя рэдактары: Аляксандр Пушкін, Аляксандр Герцэн і Дзмітрый Муратаў. Адзін з іх сёння стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. І ніколі яшчэ Нобелеўская прэмія міру не была такой снайперскі дакладнай.

У рэдакцыі «Новай газеты» вісіць шэсць партрэтаў. Гэта забітыя журналісты. Андрэй Домнікаў, Юрый Шчакачыхін, Ганна Паліткоўская, Станіслаў Маркелаў, Анастасія Бабурава, Наталля Эстэмірава. Куля хутчэйшая за словы, на жаль. Муратаў спяшаўся выратаваць сваіх журналістаў, але не заўсёды паспяваў абагнаць гэтую чортаву кулю. Я памятаю, як ён крычаў: «Я правяду рэбрэндынг Паліткоўскай! Больш ніякай Чачэніі!» Не паспеў. Гэта было ў 2006 годзе. Учора, у пятнаццатую гадавіну забойства Паліткоўскай «Новая газета» саджала кветкі ў памяць аб Ганне і ўсіх забітых. Сёння Муратаў нарэшце ўзнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру. Я ж кажу - снайперскае траплянне.

У Муратава доўгая памяць. Толькі ў ягонай ведамасці заробкаў журналісты застаюцца нават пасля смерці. Толькі ён памятае, што ў бацькі даўно забітага журналіста юбілей, і ляціць кудысьці за Урал. Толькі ён перапыняе адпачынак і ляціць з паўднёвых пляжаў у Маскву, каб пакласці ў лякарню старога самарскага сябра, хоць напэўна гэта можна было зрабіць і праз тэлефон. Толькі ён забяспечвае поўнае суправаджэнне па горадзе і ў аэрапорт удаве знакамітага пісьменніка, які зламаў нагу ў Маскве, - хай пісьменнік не меў дачынення да газеты, але Дзмітрый яго чытаў яшчэ ў юнацтве.

Муратаў лётаў у Чачэнію, каб вызваліць праваабаронцу Аюба Ціціева. Днямі не з'яўляўся ў рэдакцыі, не вылазіў з чыноўных кабінетаў, каб не дапусціць дэпартацыі журналіста Алі Феруза ва Узбекістан, дзе яго чакала турма і катаванні. Прыязджаў у Менск, калі я сядзела, каб перадаць мне «маляву», а маёй маме - грошы. Калі мне пагражалі, а муж сядзеў у турме, я патэлефанавала Муратаву. І ён, які ідзе ў той момант дадому, проста развярнуўся і пайшоў на Беларускі вакзал. Сеў у цягнік і прыехаў. Навошта - незразумела. Але і проста вярнуцца дадому таксама не мог. Бурчэў: «Я нейкі галоўны рэдактар па выкліку». Павёў сябе сціпла: ён і без выкліку прыязджае туды, дзе патрэбная дапамога.

Дзмітрый Муратаў - былы хакеіст. Прычым хакей для яго - гэта не проста захапленне дзяцінства і юнацтва, не проста моладзевая каманда, у якой ён гуляў. Хакей - гэта любоў. У 2014 годзе ён збіраўся прыехаць на фінал чэмпіянату ў Менску. Але не паехаў з адной простай прычыны: Мікалай Статкевіч і Алесь Бяляцкі ўсё яшчэ сядзелі ў турмах.

Клюшка Валерыя Харламава з аўтографам значыла для Дзмітрыя Муратава вельмі шмат. Гэта быў адзін з самых каштоўных асобнікаў у ягонай калекцыі клюшак. Але калі гаворка зайшла пра збор сродкаў на куплю «Спінразы» для хлопчыка, хворага на СМА, Муратаў без шкадаванняў выставіў клюшку Харламава на аўкцыён і прадаў яе за 100 тысяч даляраў. Грошы сышлі маленькаму Мацвею, «Новая газета» выйшла з вокладкай «Харламаў гуляе ў камандзе Мацвея», а на наступны дзень у рэдакцыю прыйшоў сын Валерыя Харламава і падарыў Муратаву іншую клюшку, з якой выходзіў на лёд ягоны бацька. Вакол Муратава наогул стала адбываюцца цуды. З ім па-іншаму не бывае. Таму што галоўнае ў ім - гэта здольнасць да дэфібрыляцыі.

У кожнага з нас, якія жывуць ва ўмовах рэпрэсій, войнаў, турмаў, забойстваў сяброў, рана ці позна спыняюцца сардэчныя скарачэнні. І тады пачынаецца гультаяватае, цягучае і гнюснае: «Ну падумаеш, двоечка! Бо не дзясятку ж далі». Каб сэрца яго зноў пачало працаваць, патрэбна дэфібрыляцыя. І ў нашым выпадку - аўтадэфібрыляцыя, бо да журналістаў людзі ў белых халатах з адмысловымі скрыначкамі не прыязджаюць. Нешматлікія могуць запускаць уласнае сэрца кожны дзень нанава і ісці ў бой з усякай несправядлівасцю. Муратаў можа.

Да яго бескарысна звяртацца са звычайным ныццём - заробак маленькі, насмарк не праходзіць, золь за акном і працаваць не хочацца. Не заўважыць, не зверне ўвагі, пройдзе побач. Але калі паўсталі праблемы, калі патрэбная дапамога, калі пагражае небяспека - ён прымчыцца з усякага месца прасторы. Муратаў - гэта адначасова медыцына катастроф і Чып з Дэйлам, якія спяшаюцца на дапамогу. Ён і цяпер спяшаецца: у свеце яшчэ столькі несправядлівасці.

Нічога, паспее.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках