26 красавiка 2024, Пятніца, 20:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Завінавачаны холдынг хочуць ратаваць за кошт беларусаў

1
Завінавачаны холдынг хочуць ратаваць за кошт беларусаў

Заплаціць за чарговую падтрымку дзяржпрадпрыемстваў давядзецца падаткаплацельшчыкам.

Прычым праз неэфектыўныя марнаванні пацярпіць прыватны бізнэс і ўзровень жыцця беларусаў.

Менаблвыканкам выпусціць аблігацыі на $91 млн і на 125 млн рублёў. Іх павінны набыць Беларусбанк і Белаграпрамбанк. Грошы пойдуць на «падвышэнне эфектыўнасці дзейнасці ўдзельнікаў холдынгу «Мясамалпрам».

Еўрарадыё даведалася ў экспэрта, чаму прадпрыемствы гэта не ўратуе, а беларусы стануць жыць горш.

Аблігацыі Менаблвыканкама, таму што ў яго ёсць грошы беларусаў

«Мясамалпрам» падтрымліваюць ужо не першы раз. Яшчэ ў 2016 годзе быў асобны ўказ №496 «Аб мерах па фінансаваму аздараўленню юрыдычных асоб – удзельнікаў холдынгу «Мясамалпрам».

Тады Менаблвыканкам таксама выпускаў аблігацыі «на суму ўтворанай на 1 снежня 2016 года ва… удзельнікаў холдынгу «Мясамалпрам»... запазычанасці па асноўнай пазыцы і нявыплачаных працэнтах у крэдытах». Запазычанасці сталіся перад Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам. На 571,3 млн. рублёў. Тэрмін выплаты мінулых аблігацый заканчваецца якраз 31 снежня 2021 года, а падаць дакументы на новы выпуск Менскі аблвыканкам павінен не пазней за 1 студзеня 2022 года.

Выпускае не сам «Мясамалпрам» таму, што нават пад гарантыі ўрада банкі не гатовыя даваць холдынгу грошы, уважае кіраўнік праекта «Кошт Урада» Уладзімір Кавалкін.

- Гэтыя прадпрыемствы відавочна стратныя і знаходзяцца ў стане, калі не могуць абслугоўваць свае запазычанасці. Калі б яны маглі іх абслугоўваць, то самі выпусцілі б аблігацыі або схадзілі ў банк па крэдыт.

Калі бізнэс-праект прыбытковы, банк з задавальненнем дае крэдыт. Тут банк, хутчэй за ўсё, ні пры якіх умовах не хоча крэдытаваць дзяржпрадпрыемствы проста таму, што дакладна ведае, што гэтыя грошы не вернуцца ніколі.

Затое банк гатовы набыць аблігацыі Менскага аблвыканкама, які будзе разлічвацца грашыма, сабранымі з беларусаў.

- Запазычанасці, якія былі назапашаныя прадпрыемствамі «Мясамалпрама», лягуць наўпрост на бюджэт, гэта значыць на падаткаплацельшчыкаў, - працягвае Уладзімір Кавалкін.

«Кожны хацеў бы, каб гэтыя грошы пайшлі на медыцыну»

Калі мінулы раз Менаблвыканкамам выпускаў аблігацыі на пяць гадоў, то зараз вяртаць грошы плануецца толькі ў 2036 годзе і ў 2042 годзе.

Выходзіць, адкласці выплаты па даўгах «Мясамалпрама» ўлады разлічваюць на 14 і на 20 гадоў. Уладзімір Кавалкін зазначае, што амаль $140 млн маглі пайсці на паляпшэнне ўзроўню жыцця беларусаў. Але замест гэтага давядзецца заплаціць ім самім.

- Гэта шмат для грамадзяніна, таму што кожны лічыць сваю капейку. Кожны хацеў бы, каб гэтыя грошы пайшлі на больш якасную медыцыну і на больш якасную адукацыю для сваіх дзяцей.

Але гэта драбок нават у рамках бюджэту Менаблвыканкама, напрыклад. У апошнія гады ўрад набраў дастаткова шмат крэдытаў праз аблігацыі. І 100-150 мільёнаў нічога не зменяць. Але мы разумеем, што гэтыя грошы ніколі не вернуцца ў казну.

Эфектыўны бізнэс атрымае менш магчымасцяў

Прывілеі для дзяржбізнэсу выцясняюць магчымасці для развіцця прыватнага сектара. Бо свабодных грошай у банкаў становіцца менш.

- Гэта, безумоўна, адбіваецца і на дынаміцы росту ВУП, і на стварэнні новых працоўных месцаў, і на эфектыўнасці фінансавай стабільнасці рэальнага і фінансавага сектара. Атрымліваем доўгатэрміновыя негатыўныя эфекты.

Акрамя таго, калі аб'ём даступных сродкаў меншы, то і стаўкі па крэдытах вышэйшыя.

- Бізнэс будзе ад гэтага пакутаваць. Гэта азначае зніжэнне інвестыцый, ніжэй заробак і гэтак далей. Цяжар неэфектыўнага менэджменту дзяржава перакладае на плечы, з аднаго боку, падаткаплацельшчыкаў, таму што за іх кошт гэты банкет. А з іншага боку, на бізнэс і патэнцыйных працаўнікоў гэтага бізнэсу.

«Эканамічная эфектыўнасць не першарадная»

Чыноўнікі рапартуюць аб росце экспарту і поспехах, а «Мясамалпрам», які амаль напалову складаецца з прадпрыемстваў па вытворчасці знакамітай беларускай малочнай прадукцыі, усё роўна праблемны.

- Там усё адна вялікая праблема, таму што ўсё рэгулюецца і кіруецца дзяржавай адначасова. Праблемы, пачынаючы з калгасаў, якім дыктуюць закупачныя цэны. Праз гэтага яны хранічна стратныя і нарошчваюць запазычанасці.

Дыктуюць кошты перапрацоўшчыкам, каб дэмпінгаваць пры продажах у Расею. У выніку далёка не заўсёды ўдаецца атрымаць нейкі прыбытак. Чыноўнікі навязваюць сваё бачанне бізнэсу дырэктарам гэтых дзяржпрадпрыемстваў, - кажа Уладзімір Кавалкін.

Такі падыход прыводзіць да таго, што не ў дырэктара ёсць план па рабоце прадпрыемства, а чыноўнікі паведамляюць яму, якімі павінны быць паказчыкі.

- Навязваюць дзеянні ў шкоду эфектыўнасці. Напрыклад, трымай работнікаў больш, чым трэба, бо мы не можам дапусціць беспрацоўя. Ці выпускай прадукты па нізкім кошце. А гэта яшчэ і прадпрыемства дзяржавы, у якой не толькі бізнэс-мэты, а яшчэ і сацыяльныя і палітычныя мэты. У тым ліку навязаныя былым прэзідэнтам. Атрымліваецца сітуацыя, калі эканамічная эфектыўнасць не з'яўляецца першараднай, - рэзюмуе Уладзімір Кавалкін.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках