26 красавiка 2024, Пятніца, 9:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: У Арктыцы неўзабаве замест снегу будуць ісці дажджы

12
Навукоўцы: У Арктыцы неўзабаве замест снегу будуць ісці дажджы

Імклівы зрух клімату можа адбыцца значна хутчэй, чым меркавалася.

Навукоўцы правялі даследаванне, якое паказала, што неўзабаве дажджы заменяць снегапады ў якасці найболей распаўсюджанага тыпу ападкаў Арктыкі. Адбудзецца гэта праз змены клімату і награванне паўночнага палярнага рэгіёну нашай планеты, паведамляе The Guardian.

На сённяшні дзень у Арктыцы выпадае больш снегу, чым дажджу. Але пад канец стагоддзя гэтыя ападкі памяняюцца месцамі: над морамі і сухазем’ем рэгіёна будзе выпадаць значна больш дажджоў, чым снегападаў.

Гэта адбудзецца пры павышэнні сярэдняй тэмпературы на тры градусы Цэльсію. Калі пагадненні, укладзеныя на нядаўнім саміце Cop26, дасягнуць сваіх мэт, павышэнне тэмпературы выйдзе стрымаць у межах 2,4 градуса Цэльсію. Але нават пры росце тэмпературы на 1,5-2 градусы Цэльсію ў Грэнландыі і Паўночным моры будзе ісці больш дажджоў, чым снегападаў.

Навукоўцы выкарыстоўвалі найноўшыя кліматычныя мадэлі, якія паказалі, што замена снегу дажджом адбудзецца на дзесяцігоддзі раней, чым меркавалася. Восень стане сэзонам з найбольш моцнымі кліматычнымі зменамі. Так, калі выкіды вуглякіслага газу не скароцяцца, у цэнтральнай Арктыцы ўвосень будзе выпадаць больш дажджоў, чым снегу, ужо ў 2060-2070 гадах, а не пад 2090, як меркавалася раней.

Са слоў даследнікаў наступствы такіх змен будуць «сур'ёзнымі» - ад паскарэння глабальнага пацяплення і ўздыму ўзроўню мора да раставання вечнай мерзлаты і масавага голаду паўночных аленяў. Навукоўцы мяркуюць, што награванне Арктыкі можа прычыніцца да пагаршэння экстрэмальных з'яў, такіх як ураганы, паводкі і спякота, у Еўропе, Азіі і Паўночнай Амэрыцы.

«Тое, што адбываецца ў Арктыцы, не застаецца толькі там. Вы можаце думаць, што Арктыка далёкая ад вашага штодзённага жыцця, але напраўду тэмпература там настолькі павысілася, што гэта паўплывае на поўдзень. У цэнтральнай Арктыцы, дзе, як уяўляецца, увосень мае ісці снег, мы бачым ранні пераход да залеў. Гэта будзе мець сур'ёзныя наступствы. Арктыка са стабільнымі снегападамі вельмі важная для ўсяго ў гэтым рэгіёне, а таксама для глабальнага клімату, бо адлюстроўвае шмат сонечнага святла», - заявіла Мішэль МакКрыстал з Манітобскага ўніверсітэта ў Канадзе.

"Новыя мадэлі не могуць быць больш яснымі: калі не спыніць пацяпленне, у будучыні Арктыка стане больш вільготнай, моры, калісьці пакрытыя лёдам, адкрыюцца, снег стане дажджом", – заявіў адзін з аўтараў новага даследавання Джэймс Скрын з Універсітэта Эксэтэра.

Навукоўцы ўжо даўно папярэджваюць аб тым, што ў будучыні колькасць ападкаў у Арктыцы павялічыцца праз тое, што ўсё больш вады выпараецца з больш цёплых і вольных ад лёду мораў. Але новае даследаванне паказала, што пад 2100 год тут будзе выпадаць больш дажджоў, чым снягоў.

Снег важны для з'яўлення марскога лёду ўзімку, таму меншая колькасць снегу азначае меншую колькасць лёду і большую колькасць цяпла, што паглынаецца адкрытымі морамі. Даследаванні паказваюць, што ў Грэнландыі павялічваецца колькасць залеў, што паскарае спаўзанне ледавікоў у акіян і, у выніку, прычыняецца да павышэння ўзроўню мора, што нясе пагрозу шмат якім прыбярэжным абшарам.

Большая частка зямлі ў Арктыцы - гэта тундра, пакрытая вечнай мерзлатой, але павелічэнне колькасці дажджоў зменіць гэта.

"Вы заліваеце зямлю цёплай вадой, якая можа падпаліць вечную мерзлату, што стане вялікай праблемай, бо, як мы ведаем, яна з'яўляецца магутным паглынальнікам вугляроду і метану", - заявіла МакКрыстал.

Усё гэта прычыніцца да раставання важных ледзяных дарог, паводак і пагражае голадам мясцовай жывёле. Калі дождж выпадае на снег і замярзае, яны не могуць харчавацца. Пацярпець могуць папуляцыі паўночных аленяў і авечкабыкоў, якія не змогуць дабрацца да травы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках