26 красавiка 2024, Пятніца, 22:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларускія ўлады балююць падчас чумы

2
Як беларускія ўлады балююць падчас чумы

Наперадзе нас чакае час іншых эканамічных цудаў, ужо са знакам мінус.

Пра што гаворыць дынаміка валавога ўнутранага прадукту і чаму беларускі ўрад зусім дарма гучна хваліцца экспартным цудам, тлумачыць Telegram-канал "Нашы грошы".

- Нам кажуць: глядзіце, усё ж добра, у нас экспартны цуд - ВУП краіны расце, пра якія праблемы ў эканоміцы вы кажаце? Не замінайце святкаваць перамогу. Але мы ўсё ж паглядзім, і паспрабуем зразумець, ці такі цудоўны гэты цуд? І калі не, то што стаіць за прыгожымі лічбамі.

Сёння ВУП расце не ў сферычным вакууме, а на фоне краху мінулага году. Груба кажучы, калі летась мы гандлявалі дрэнна, а ў гэтым - лепш, то параўнальная дынаміка будзе выглядаць як вельмі станоўчая. Дэльта вялікая, ёсць адчуванне, што ўсё проста прэ.

Але ў чым прычыны росту? Магчыма, тут ёсць заслугі ўрада, адбыліся нейкія нечаканыя, рэвалюцыйныя рэформы, якія дазволілі эканоміцы краіны раскрыцца? На жаль няма.

Ніякіх эканамічных адкрыццяў не здарылася, а прычына росту - нечакана (у тым ліку і для беларускіх чыноўнікаў) удалая эканамічная кан'юнктура, нечакана высокія цэны тавараў, якія пастаўляе Беларусь на замежныя рынкі. Але цуды маюць уласцівасць заканчвацца, што, уласна, мы сёння і можам назіраць на свае вочы.

Калі ВУП у красавіку гэтага года ў параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года быў вышэйшы на 7,5%, то травень ужо скаціўся да 5,3%. А далей - усё ніжэй і ніжэй. Ліпень - 2,9%, верасень - 0,7%, кастрычнік - 0,3%. Мяркуючы з усяго, так справа можа прывесці да адмоўных паказчыкаў. Так, пакуль гэта рост, але ўжо мінімальны, і гэта вельмі паказальна.

Пры такім мінімальным росце эканомікі вельмі небяспечна пазычаць. Калі краіна генеруе рост ВУП на 2, 4% (гэта паказчык агульна за студзень-кастрычнік гэтага года ў параўнанні да аналагічнага перыяду мінулага), як можна пазычаць у Расеі грошы пад 5-6% гадавых?

На нядаўняй прэс-канферэнцыі Нацбанка гэтае непрыемнае пытанне задалі кіраўніцтву фінансавага рэгулятара. На што яны адказалі, што ў Японіі дзяржаўная запазычанасць яшчэ большая, і нічога - жывуць. Вельмі сумна, калі чыноўнік ці не разумее, ці не хоча прыняць той факт, што Японія можа абслугоўваць дзяржаўную пазыку на 200% ВУП, а Беларусь наўрад ці пацягне і 50%.

Сітуацыя, якая адбываецца цяпер у Беларусі, нагадвае баль падчас чумы. На фоне падзення тэмпаў росту ВУП дзяржава старанна набірае дарагія крэдыты (у Расеі і на ўнутраным рынку) і (увага!) павышае заробкі насельніцтва. Эканоміка буксуе, а заробкі растуць.

Пра што гэта гаворыць? Пра тое, што гэты банкет трэба аплачваць за нечыя грошы. Але калі таго, хто дасць грошы звонку, няма, у дзяржавы ёсць яшчэ адна опцыя - уключэнне друкарскага станка. Толькі наступствы такіх экспэрыментаў добра знаёмы ўсім беларусам.

Падводзячы вынікі, мы ўбачым карціну, якая ўжо ніяк не ўпісваецца ў рамкі «цуду»: рост ВУП запавольваецца (імкліва), заробкі растуць (неапраўдана), уключыўся друкарскі станок, неўзабаве набудуць моц санкцыі, якіх урад так дэманстратыўна «не баяўся».

Мяркуючы з усяго, наперадзе нас чакае час іншых цудаў, ужо са знакам “мінус”, ды і час таннага даляра рана ці позна падыходзіць да канца: занадта шмат акалічнасцяў цяпер гуляюць супраць устойлівасці беларускага рубля.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках