26 красавiка 2024, Пятніца, 21:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы, якія захраслі ў Намібіі, вярнуліся дадому

8
Беларусы, якія захраслі ў Намібіі, вярнуліся дадому

З ліхтугамі.

Маладая пара адправілася ў падарожжа ў экзатычную Намібію і затрымалася там праз не менш экзатычны О-мікрон. З'яўленне новага штаму каранавіруса выклікала скасаванне мноства рэйсаў з Паўднёвай Афрыкі, на самалёт да Масквы беларусаў не дапусцілі: Расея прымала толькі сваіх. Давялося затрымацца на некалькі дзён, а ў Менск дабірацца агулам 44 гадзіны з перасадкамі ў Адыс-Абэбе і Стамбуле, піша onliner.by.

У Менску сёння ўсё -15 марозу. Гэта вельмі холадна, калі прылятаеш з Афрыкі. Макс і Даша нахінулі на сябе ўсё чыста, каб не змерзнуць ужо ў аэрапорце.

- Як надвор'е?

- У шоку ад марозу! Калі адляталі - два з паловай тыдня таму - у Менску было 10 цяпла, - дзеляцца першымі ўражаннямі падарожнікі.

Беларусы, нагадаем, паводле плану мелі прыляцець у Менск чатыры дні таму. Але не выпала: у Намібіі іх не пасадзілі на рэйс да Масквы ў сувязі з новымі абмежаваннямі (з Паўднёвай Афрыкі ў Расею ўпускалі толькі грамадзян Расеі). Давялося выкінуць у смецце вынікі PCR-тэстаў, за здачу якіх было заплачана $200, і цярпліва чакаць, пакуль ветлівыя мэнэджэры Ethiopian Airlines знойдуць хоць які-небудзь варыянт даляцець да Беларусі.

- Найбліжэйшы рэйс быў у панядзелак - у Адыс-Абэбу (там перасадка 18 гадзін), затым рэйс у Стамбул (перасадка 10 гадзін), і аб 11 раніцы ў сераду мы мелі апынуцца ў Менску. Агулам пералёт склаў бы 44 гадзіны, але гэта быў адзіны варыянт для нас, - казаў Максім.

На тры дні пары давялося затрымацца ў сонечнай Намібіі. Даплата за розніцу цаны білетаў склала $900 за дваіх да Менска. Прычым цана расла штогадзіны на $100.

- Як прабавілі гэты час?

— Усё было спакойна: шпацыравалі па сталіцы, размаўлялі з тутэйшымі, пражыліся ды купаліся ў гатэлі. Шмат хто з беларусаў у Афрыцы адгукнуўся на папярэднюю публікацыю: нам прапаноўвалі дапамогу і жытло – шчыра дзякуем ім! - расказаў Максім.

- Нават амбасадар Беларусі ў ПАР скантактаваўся з намі і ўдакладніў, ці ўсё ладам.

На жаль або на шчасце, іншых суайчыннікаў у Намібіі мы так і не знайшлі.

- Пералёт, мусіць, быў рэкордна доўгім?

- Скажу так: што да пералётаў сёлета, гештальт закончаны. Мне здаецца, я магу прайсці security check у аэрапорце ўжо з заплюшчанымі вачыма, за пералёт мы гэта рабілі не менш за восем разоў. Ляцелі наступным чынам: Віндгук (Ethiopian Airlines) - Адыс-Абэба (Ethiopian Airlines) - Стамбул (Turkish Airlines) - Менск. Багаж зарэгістравалі адразу да Менска, але я крыху хваляваўся, ці даедзе ён з такой колькасцю перасадак, бо папярэдні досвед быў розны.

Перасадка ў Адыс-Абэбе склала 18 гадзін. Ветлівыя работнікі Ethiopian Airlines параілі звярнуцца наконт ваўчараў у гатэль. Мы атрымалі ваўчар, і кіроўца завёз нас з аэрапорта ў гатэль. Там быў швэдскі стол і нават спартовая зала. Пасля высялення я нават не паверыў, што ўсё гэта ўваходзіла ў кошт білета, і нам не давялося нічога даплачваць. Дарэчы, пры такой перасадцы не трэба было афармляць візу, якая беларусам патрабуецца па прыездзе ў Этыёпію.

- Як вам Этыёпія?

- Перад вылетам у Адыс-Абэбу паглядзелі выданне сямігадовай даўніны папулярнай перадачы пра падарожжы. Што сказаць: упэўніліся, што за 7 гадоў не надта што памянялася. Вакол "жыгулі-капейкі", шмат жабракоў і просек.

Мы выйшлі пашпацыраваць у места і за гадзіну праходкі, адрозна ад Намібіі, не ўбачылі ніводнага чалавека са светлым колерам скуры. Некаторыя этыёпы былі вельмі ветлівыя і нават уставалі з-за абедзеннага стала, каб прывітаць нас. Гэта было крыху недарэчна.

Але адзін тутэйшы выявіў агрэсіўнасць і люта крычаў нам, каб мы вярталіся ў сваю Амэрыку і не чапалі Этыёпію. Мы ўсміхнуліся і пайшлі далей.

- У Стамбуле выпала адпачыць?

- Пералёт у Стамбул быў вельмі доўгі, плюс начная перасадка. Там ужо дарма не было: давялося аддаць 100 даляраў за пакой у гатэлі з трансфэрам. Наважылі не ашчаджаць, каб выспацца і не пакутаваць уначы на падлозе ў аэрапорце. У выніку праз 44 гадзіны пасля вылету мы параўнальна свежыя прыляцелі ў Менск. І багаж разам з намі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках