26 красавiка 2024, Пятніца, 17:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэбус Галоўчанкі

7
Рэбус Галоўчанкі
РАМАН ГАЛОЎЧАНКА
ФОТА: TUT.BY

Паказчыкі інфляцыі ў краіне можна смела падвойваць.

Як вядома, урад вызначыў пералік тавараў, кошты якіх з 1 сакавіка нельга падымаць больш чым на 0,2 адсотка штомесяц. У спісе 62 пазіцыі харчовых і нехарчовых тавараў і 50 пазіцый лекавых сродкаў, піша «Народная воля».

Чым выкліканая такая адміністрацыйная пастанова?

Па-першае, груба кажучы, паперла інфляцыя. За мінулы год замест планавых 5 адсоткаў атрымалі 7,2, а ў студзені ў гадавым вылічэнні яна дасягнула 7,7 адсотка і практычна зраўнавалася са стаўкай рэфінансавання Нацбанку. Тым не менш ідзе ціск на Нацбанк, каб ён змякчыў манетарную палітыку, падтрымаў таннымі крэдытамі дзяржаўныя прадпрыемствы, якія тонуць у пазыках, для чаго трэба зніжаць стаўку рэфінансавання. Але куды зніжаць? Крэдытныя банкаўскія адсоткі не могуць быць ніжэйшымі за ўзровень інфляцыі. Можа, апынуўшыся паміж двух агнёў, галоўны рэгулятар зноў адклаў пастанову аб змяненні стаўкі рэфінансавання - ад граху далей.

Па-другое, урад, імаверна, прэвентыўна ўводзіць рэгуляванне коштаў, бо прадбачыць магчымыя абвальныя дэвальвацыі беларускага рубля, якія былі ў сакавіку і жніўні мінулага года і падштурхнулі ў канчатковым рахунку інфляцыю, бо ад росту курсаў даляра і еўра аўтаматычна даражэе імпарт. У сакавіку мінулага года ўрадам таксама было загадана беларускім прадпрыемствам падвышаць кошты не больш чым на 0,5 адсотка на месяц. 20-адсоткавая дэвальвацыя рубля, якая рушыла ўслед, паставіла крыж на рэгуляванні коштаў. Нельга ж Нацбанку загадаць даляру не расці.

Па-трэцяе, на асобныя лекі і тавары ўжо быў павышаны ПДВ, павышаныя тарыфы на паслугі ЖКГ. Грошай у казне ўсё менш, а ўраду ўсімі сіламі трэба за кошт бюджэту ратаваць ад банкруцтва амаль усе дзяржаўныя флагманы.

Агульнавядома, што дастаткова доўгае адміністрацыйнае ўтрыманне цэнаў можа прывесці да дэфіцыту адпаведных тавараў і лекаў. У тым ліку і імпартных, якія завозіць стане нерэнтабельна. Каб кампенсаваць страты, вытворцы і гандаль могуць падняць кошты тавараў і лекаў, якія не трапілі ў пералік. Таму, калі вы, паважаныя чытачы, карыстаецеся лекамі і прадуктамі працяглага захоўвання са спісу ўрада, ёсць сэнс назапасіцца імі.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, трактуючы пастанову Саўміна, адзначыла, што «мэтавая задача пастановы ўрада - гарантыя справядлівых коштаў пазіцый харчовых тавараў і лекавых сродкаў штодзённага попыту». Аднак усякае такое замарожванне і стрымліванне коштаў рана ці позна сканчаецца іх інтэнсіўным ростам, які суправаджаецца спачатку пагрозамі з боку дзяржорганаў цэнаўтварэння, а затым зноў адміністрацыйным рэгуляваннем. І гэтак далей па колу.

Як доўга ўрад мае намер прытрымлівацца курсу ў рамках сваёй пастановы, ніхто не ведае. На гэты конт ёсць свая норма - не больш за 90 дзён. Застаецца спадзявацца, што гэты тэрмін будзе меншым. Наогул, беларусам, асабліва старэйшага пакалення, не прывыкаць да рэгулявання коштаў. Такіх спробаў было мноства. Вынік гэтых спробаў - доўгія гады Беларусь утрымлівала першынство па інфляцыі сярод краін СНД. Таму што такога кшталту пастановы ўрада - гэта барацьба не з прычынамі росту коштаў, а з наступствамі. А спробу запаволіць рост коштаў у першую чаргу на сацыяльна значныя тавары многія аналітыкі проста ўважаюць за папулізм, часовы захад развязання праблемы. Можна ўважаць гэта рэакцыяй урада на выступ Лукашэнкі на «ўсебеларускім народным сходзе», дзе ён рэзка раскрытыкаваў прыватны бізнэс. Ёсць меркаванне, што гэтая пастанова ўладаў палітычная, каб прадухіліць будучыя вясновыя пратэстныя выступы насельніцтва.

Беларусы не вельмі вераць Белстату, калі глядзяць на афіцыйныя паказчыкі інфляцыі. Яны ж глядзяць і на цэннікі ў крамах. Таму калі Нацбанк ладзіць апытанні пакупнікоў, як яны адчуваюць інфляцыю, то па іх выніках афіцыйную інфляцыю можна смела падвойваць. Дарэчы, рэкордную за 5 гадоў інфляцыю фіксуе і ў Расеі мясцовы Расстат, ацэньваючы яе на 5,19 адсотка ў гадавым вылічэнні, тады як апытанні даюць двухзначныя інфляцыю - на ўзроўні 11 адсоткаў. Калі ж глядзець у корань, падвышаная інфляцыя ўзнікае тады, калі на падтрымку вядучых прадпрыемстваў краіны стала марнуюцца надмерныя бюджэтныя грошы. Калі гэтыя прадпрыемствы выконваюць не эканамічную, а сацыяльную функцыю - забеспячэнне патрэбных і непатрэбных працоўных месцаў. Калі адны прадпрыемствы-банкруты функцыянуюць за кошт іншых. Калі рост заробку ніяк не сувымерны з павелічэннем вытворчасці працы, а рост грашова-крэдытнай масы не суправаджаецца ростам ВУП. Калі ва ўрадзе не лічацца з эканамічнымі законамі і заканамернасцямі і краіна прадаўжае жыць не па сродках.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках