19 красавiка 2024, Пятніца, 19:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асяродак Лукашэнкі карыстаецца тытунёвым афшорам у Саудаўскай Аравіі

4
Асяродак Лукашэнкі карыстаецца тытунёвым афшорам у Саудаўскай Аравіі
ФОТА: BELSAT.EU

Расследаванне.

Расследаванне «Давайце разбірацца» супольна з літоўскім расследніцкім парталам Siena.lt і Міжнародным цэнтрам расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) выявіла схемы, згодна з якімі грошы ад рэалізацыі цыгарэтаў ідуць у эмірацкі афшор, які належыць блізкаму да ўладаў бізнэсмэну.

21 студзеня 2021 года літоўскія памежнікі правяраюць цягнік, які вязе ўгнаенні з Беларусі. На вагонах паказана, што прадукцыя едзе з «Беларуськалія». У памежнікаў ужо была інфармацыя, што цягнік можа перавозіць кантрабанду. Інфармацыя пацвердзілася. У адным з вагонаў знайшлі дзясяткі скрыняў, а ў іх амаль 45 тысячаў пачкаў цыгарэтаў «Фэст» з беларускімі маркамі. Раздробны кошт аднаго такога грузу пры рэалізацыі ў Літве – амаль паўтары сотні тысячаў еўраў.

«Праз Літву ідзе велізарная плынь угнаенняў, вырабленых у Беларусі. Гэта пераважна “Беларуськалій” і “Гродна Азот”. І гэтая плынь выкарыстоўваецца для кантрабанды, і літоўскія мытнікі таксама пацвердзілі, што грузы гэтых дзвюх кампаній часта трапляюцца з грузамі кантрабанды», – тлумачыць Шарунас Чарняўскас, кіраўнік расследніцкага праекта Siena.lt.

Між тым, як выявіла наша расследаванне, не ўсе грошы ад экспарту цыгарэтаў застаюцца ў Беларусі. Згодна з экспартна-імпартнай базай звестак «ImportGenius», у ліпені 2019 года эмірацкая кампанія «Petrotrade» паставіла расейскай кампаніі «Фрихаус» цэлую фуру цыгарэтаў «Фэст», «Credo» і «NZ», якія вырабляюць на тытунёвай фабрыцы «Нёман».

Уладальнік «Фрихаус» Зміцер Анюшаў сцвярджае, што гэта была разавая пастаўка. Ягоная кампанія гандлюе цыгарэтамі праз краму «Duty free» ў Бранскай вобласці на мяжы з Украінай. Цяпер гандаль згорнуты праз каранавірус.

Што да кампаніі «Petrotrade», то яна размяшчаецца ў свабоднай эканамічнай зоне Рос-аль-Хайма за гадзіну язды ад Дубая. У гэтай зоне не плацяць падаткі і мыта на рээкспартаваныя тавары. Кіраўнік «Petrotrade» – Дзмітрый Алексін, сын уплывовага беларускага бізнэсоўца Аляксея Алексіна.

«У нас плацельнік акцызу – вытворца і імпарцёр. Адпаведна, калі прадаеш, то акцыз пры экспарце кладзецца на сабекошт прадукцыі. Таму калі беларуская кампанія набывае ў беларускай кампаніі любы падакцызны тавар і экспартуе яго, акцыз ідзе на сабекошт. Гэта значыць павялічваецца кошт тавару пры экспарце», – тлумачыць бізнэсмэн Аляксей Алексін.

На літоўскай мытні не выключаюць, што такія схемы могуць служыць для кантрабанды цыгарэтаў у Еўразвяз. Гэта называецца перарваны транзіт, альбо карусель.

«Карусель – гэта такая схема, калі цыгарэты заязджаюць на тэрыторыю Літвы як транзіт, яны павінны патрапіць у якую-небудзь іншую дзяржаву. Але яны так едуць з адной краіны ў іншую, мінаюць межы і недзе, у нейкім пункце, цыгарэты знікаюць. І гэты груз трапляе, напэўна, на чорны рынак», – дадае кіраўнік расследніцкага праекта Siena.lt Шарунас Чарняўскас.

Спыніць распаўсюджванне кантрабанды, на думку спецыялістаў, дапамогуць высокія і рэгулярныя штрафы за перавоз і збыт нелегальнай прадукцыі, абавязковае знішчэнне канфіскаванай нелегальнай прадукцыі, а таксама захады ў барацьбе з карупцыяй.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках