Жартуеш, хлопча
- Фелікс Мірскі, «Беларусы і рынак»
- 3.10.2026, 13:44
- 1,026
Што агульнага ў «Амкодара», Лукашэнкі і Элачкі-людаедкі.
Мінулую пятніцу, 25 верасня, Аляксандр Лукашэнка наведаў завод «Амкодор-Лесмаш» у Лагойскім раёне. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці лесанарыхтоўчай тэхнікі. Дзяржаўнае агенцтва БелТА адзначыла візіт Лукашэнкі вялікім артыкулам пад загалоўкам «Стаўка Лукашэнкі на лес спрацавала. Як Беларусь насуперак санкцыям асвоіла новую галіну».
«АМКОДОР-ЛЕСМАШ удалося заняць вузкаспецыялізаваную нішу. Канкурэнцыю беларускаму вытворцу складаюць такія прамысловыя гіганты, як амерыканскі John Deere, фінскі Ponsse, японскі Komatsu», — гаварылася ў артыкуле БелТА.
Калі хтосьці пачынае канкурыраваць з сусветнымі гігантамі, адразу ўспамінаецца адзін каларытны літаратурны персанаж. Для «Амкодора» канкурэнцыя з прамысловымі гігантамі скончылася прыкладна так, як для Элачкі-людаедкі суперніцтва з мільянеркай Вандэрбільт.
То-бок фінансавым крахам.
Бо пакуль «Амкодор» не пачаў супернічаць, усё ў яго было добра. Паспяховае аб’яднанне, якое займала сваю ўнікальную нішу, прадавала машыны ў сорак краін свету.
Але Лукашэнка ўвесь час патрабаваў ад «Амкодора», які, дарэчы, быў прыватнай кампаніяй, забяспечыць яму поўнае імпартазамяшчэнне. Каб усё было сваё, і нічога не трэба было купляць у гэтых заходніх імперыялістаў. І былы ўжо ўладальнік, Шакутын, не мог яму адмовіць.
«Калі мы хвалімся, што мы разумная машынабудаўнічая краіна, мы мусім гэта рабіць. Чаго б гэта ні каштавала», — казаў Лукашэнка.
Хваліўся Лукашэнка, а расплачвацца давялося іншым. У выніку завод асвоіў выпуск 125 новых мадэляў, штогод прэзентуючы па 10–15 навінак. Праўда, на карысць яму гэта не пайшло.
Некаторыя мадэлі завод выпускаў літаральна па штучцы, так і не здолеўшы наладзіць іх серыйную вытворчасць. Напрыклад, уклалі велізарныя інвестыцыі ў распрацоўку бульдозераў і цяжкіх каткоў, але з разгромным лікам прайгралі канкурэнцыю кітайскім вытворцам на расійскім рынку.
Іншыя мадэлі, як рубільная машына для драбнення лесасечных адходаў у шчапу або камянезбіральная машына, былі занадта вузкаспецыялізаванымі, каб іх увогуле можна было запусціць у серыю.
Серыйную вытворчасць такіх машын могуць дазволіць сабе сапраўды сусветныя прамысловыя гіганты. А «Амкодару» гэтыя машыны проста няма каму прадаваць. У Беларусі яны ў таварных колькасцях не патрэбныя, а іншыя рынкі занятыя.
А калі вы выпускаеце нейкую машыну па штучцы, то не дзіўна, што яна ў вас атрымліваецца залатой. Бо мала таго, што вы ўкладаеце вялікія грошы ў распрацоўку, дык вам яшчэ і збіраць машыну даводзіцца фактычна ўручную. У «Амкодара» проста не было такіх грошай.
Таму, каб выканаць капрызы Лукашэнкі, прадпрыемству ўсё больш і больш даводзілася залазіць у даўгі. На пачатак 2025 года даўгі «Амкодара» складалі 300 мільёнаў долараў. Вярнуць даўгі аб’яднанне не было ў стане. Таму ў тым жа 2025 годзе Лукашэнка яго нацыяналізаваў. Аплату даўгоў аб’яднання ўзяло на сябе дзяржава.
Так што агенцтва БелТА нават не схлусіла. З сусветнымі прамысловымі гігантамі «Амкодор» сапраўды канкуруе. Ніхто ж не кажа, што гэта канкурэнцыя для «Амкодара» паспяховая.
Цяпер, праўда, улады ўсё ж зрабілі пэўныя высновы. Новы дырэктар «Амкодара» сказаў, што прадпрыемства змяняе стратэгію. Яно больш не будзе бясконца пашыраць мадэльны шэраг, а засяродзіцца на масавым выпуску найбольш прыбытковых відаў тэхнікі.
То-бок спатрэбілася ўсяго толькі давесці паспяховае аб’яднанне да стану фактычнага банкруцтва, каб зразумець, што вашыя імпартазамяшчальныя стратэгіі не працуюць.
Фелікс Мірскі, «Беларусы і рынак»