26 красавiка 2024, Пятніца, 21:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі абраны Алег Буткевіч

5
Старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі абраны Алег Буткевіч
ФОТА: CATHOLIC.BY

У пасяджэнні ўдзельнічалі ўсе беларускія ерархі і апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

14 красавіка ў Менску адбылося пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі (ККББ), прымеркаванае да 30-годдзя аднаўлення структураў Каталіцкай царквы ў нашай краіне, піша Сatholic.by.

У пасяджэнні ўдзельнічалі ўсе беларускія ерархі і апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прысутнічаў таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які пасля выхаду на пенсію прадаўжае выконваць шэраг функцый у структуры ККББ.

Удзельнікі памаліліся за здароўе апостальскага візітатара для беларускіх грэка-каталікоў архімандрыта Сяргея Гаека, які нядаўна быў шпіталізаваны з пнеўманіяй у адну з менскіх лякарняў, а таксама за ўсіх хворых на каранавірус і медыцынскіх супрацоўнікаў.

Галоўным пунктам парадку пасяджэння стала абранне новага старшыні, пасада якога вызвалілася пасля выхаду на пенсію арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

У выніку галасавання новым старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў быў абраны біскуп віцебскі Алег Буткевіч. Ягоным намеснікам – біскуп гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч. Генеральным сакратаром ККББ – дапаможны біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які застаецца старшынёй Камісіі Божага культу і дысцыпліны таямніцаў і Рады ў справах экуменізму, быў абраны таксама старшынёй Камісіі ў справах агульнага пастырства пры ККББ.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі правядзенне Будслаўскага фэсту сёлета. Было пастаноўлена, што традыцыйныя ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай пройдуць 2 і 3 ліпеня ў леташнім фармаце, з захаваннем санітарных прадпісанняў і без правядзення арганізаваных пілігрымак. Ахвотныя могуць здзяйсняць паломніцтва ў індывідуальным парадку.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках