18 траўня 2021, aўторак, 16:14
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы з дапамогай камеры-нашыйніка адкрылі незвычайныя здольнасці ваўкоў

1
Навукоўцы з дапамогай камеры-нашыйніка адкрылі незвычайныя здольнасці ваўкоў

Эксперымент правялі заолагі з Мінесоты.

Ва ўніверсітэце Мінесоты працуе дакументальны праект Voyageurs Wolf Project. Навукоўцы надзяваюць на ваўкоў камеры-нашыйнікі і адсочваюць сезонныя змены іх паляўнічых паводзінаў, піша Gizmodo.

У пачатку траўня мінулага года заолагі прымацавалі камеру да ваўка-адзіночкі, яму далі імя V089. Ён насіў аброжак цягам шасці тыдняў, потым прылада звалілася, як і было запланавана.

Фрагменты атрыманых запісаў навукоўцы на днях апублікавалі на ютубе. На некаторых з іх складана нешта разабраць – поўсць закрывае агляд. Наступны раз ваўка абяцалі падстрыгчы.

Высветлілася, V089 шмат свайго часу прысвячае рыбалцы. Ён назірае за рыбай каля бабровай плаціны і ловіць тую, што не можа праз яе прабіцца.

«Да нядаўняга часу людзі і не падазравалі, што ваўкі палююць на прэснаводную рыбу. Наш праект пару гадоў таму задакументаваў такія паводзіны ў адной зграі. Мы думалі, што ёю і абмяжоўваецца. Думалі, што рыбалка – гэта дзіўная і цікавая рэч, якую практыкуе канкрэтна гэтая група жывёлаў. Але той факт, што і V089 пачаў гэта рабіць, сведчыць, што гэта не так», – заявіў удзельнік праекта Томас Гейбл.

Навукоўцы мяркуюць, што лоўля рыбы – паводзіны, якім ваўкі здольныя навучыць адзін аднаго. Магчыма, дарослыя асобіны перадаюць гэты навык нашчадкам.

Вядома, што ваўкі на Алясцы і ў некаторых частках Канады ловяць ласося ў перыяд нерасту. Бо ў дробных рэках збіраюцца тысячы рыбаў, злавіць іх няцяжка. Рыбалка ў звычайных абставінах – практычна не вывучаныя паводзіны ваўкоў.

«Паляванне на рыбу паказвае, наколькі ваўкі ўмеюць прыстасоўваюцца і наколькі яны сапраўды спрытныя ў пошуку ўнікальных крыніцаў ежы. Мяркуецца, што ваўкі пераследуюць толькі буйную здабычу: ласёў, аленяў і гэтак далей. Але высветлілася, яны выкарыстоўваюць усе даступныя рэсурсы», – падсумаваў Гейбл.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».