2 траўня 2024, Чацвер, 1:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Трыванне беларусаў лопнула

23
Станіслаў Шушкевіч: Трыванне беларусаў лопнула
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Кожная ўлада абавязаная падаць у адстаўку, калі сотні тысяч выходзяць на вуліцы.

Інфляцыя ў Беларусі б'е рэкорды. Наша краіна ўвайшла ў «топ» з 408%-й інфляцыяй за апошнія 10 гадоў. Відавочна, што справы ў беларускай эканоміцы ідуць не найлепшым чынам. Ці магло ўсё быць інакш?

Сайт Charter97.org пагаварыў пра гэта з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам.

- Вы ведаеце, адмоўныя ўздзеянні на беларускую эканоміку тлумачацца вельмі простай прычынай - у нас ручное кіраванне дзяржавай. У дэмакратычных краінах кіруюць законы і тэндэнцыі развіцця. У нашай краіне кіраванне адбываецца сілавікамі. Гэта робіцца для таго, каб захаваць уладу.

Як правіла, сілавікі не разумеюць, што такое эканоміка, таму інфляцыя можа быць усялякай. Сёння яна самая горшая ў Еўропе.

- У 90-я гады ў Беларусі былі такія ж стартавыя пазіцыі, як у Польшчы, краінах Балтыі. Чаму нашы суседзі так моцна адарваліся? У чым галоўныя складнікі іх поспеху?

- Стартавыя пазіцыі ў нас былі нават лепшыя, чым у Польшчы ці краін Балтыі, калі паглядзець з пункту гледжання забяспечанасці і сямейнага дабрабыту. Нашы суседзі моцна адарваліся, бо ў іх няма аднаго кіраўніка. У гэтых краінах, калі народ незадаволены уладай, то ёй адразу знаходзяць замену. Там ўлічваецца меркаванне насельніцтва, тэндэнцыі развіцця, а лідары з'яўляюцца пісьменнымі і дасведчаныя.

У нас кіраўніцтва ажыццяўляецца па адным прынцыпе - я начальнік, ты дурань. Трэба безумоўнае падпарадкаванне не закону, а таму хто наверсе піраміды.

- Атрымліваецца, што апошнія 26 гадоў - час страчаных магчымасцяў?

- Я б ацаніў сапраўды такс. Улада робіць стаўку на нерэнтабельныя буйныя прадпрыемствы, не рэфармуе эканоміку, больш за тое, не запускае прыватны капітал законным чынам. У нас фактычна краіна сілавікоў і алігархаў, як сёння ў Расеі прынята казаць - чэкістаў і алігархаў. Яны не могуць кіраваць эканомікай годным чынам.

У Польшчы былі цудоўныя аўтарытэты: Ян Павел II, Лех Валенса і Лешэк Бальцаровіч. З усімі я меў досыць добры кантакт. Яны дамагліся таго, што Польшча стала вялікай еўрапейскай краінай з выдатна функцыянальнай эканомікай і вельмі магутнымі палітычнымі дэбатамі. Там ёсць дзве моцныя партыі: «Грамадзянская платформа» і «Права і справядлівасць», - гэта прыклад таго, як трэба годным чынам развіваць краіну. Людзі выбіраюць тых, хто годна можа развіваць эканоміку.

У нашым выпадку пры змене палітычнага ладу трэба было крыху патрываць пагаршэння, а потым стала б лепш, але нашы камуністычныя чальцы парламента 12-13 склікання меркавалі, што пагаршэнні адбываліся праз дэмакратыю.

Дастукаліся, таму што знайшлі дыктатара, які ў эканоміцы не пісьменны і ўсё ідзе да ўтрымання ўлады. Краіна не можа развівацца з такім дыктатарам.

- У гісторыі былі прыклады, калі аўтарытарныя кіраўнікі, нягледзячы на ўсе праблемы з дэмакратыяй, клапаціліся пра дабрабыт грамадзян. Чаму Лукашэнка абыякавы да партманэтаў беларусаў? Гэта неяк звязана з ягонымі асаблівасцямі?

- Безумоўна, гэта звязана з ягонай асобай. Каб захаваць уладу, на жаль, нельга пайсці на рэформы, бо яны не трываюць прымітыўных кіраўнікоў.

Сёння патрэбныя лідары, якія разумеюць, што такое рэформы і прыводзяць іх у жыццё. У свой час зрухі да рэформаў былі асуджаныя камуністычным парламентам, які пакінуў Лукашэнка пасля так званага рэферэндуму. Гэты «рэферэндум» нічога іншага не зрабіў, акрамя як уручыў уладу Лукашэнку. Выбараў у нас даўно ўжо няма, яны фальсіфікуюцца ўсе 26 гадоў.

- Відавочна, што паляпшэння жыцця пры гэтым рэжыме чакаць не даводзіцца. Беларусы вядуць барацьбу і на эканамічным фронце. Многія заклікаюць да байкоту прадукцыі прадпрыемстваў, якія спансуюць рэжым, пераводзяць грошы ў валюту. Як вы ацэньваеце такія захады барацьбы з рэжымам?

- Людзі прыстасоўваюцца да таго, што ёсць. Яны не змагаюцца з рэжымам, яны змагаюцца за свой дабрабыт.

Лукашэнка выдае народны супраціў за барацьбу з ягонай уладай, антыдзяржаўную дзейнасць і іншыя абсалютна ідыёцкія падыходы. Арыштаваць Фядуту ды іншых людзей, як тэрарыстаў, якія ніколі сілавым метадам нічога не імкнуліся развязаць, можа толькі Лукашэнка для выратавання сваёй улады. Ён заўсёды хлусіў і будзе працягваць хлусіць.

Мне цяжка сказаць, наколькі эфектыўныя такія захады. Іх можна ацэньваць толькі, калі сам датычны да іх, на жаль, у 86 гадоў гэта цяжка рабіць.

- Вось ужо на працягу 254 ідуць пратэсты ў Беларусі. Станіслаў Станіслававіч, скажыце, ці здзівілі вас беларусы?

- Я чакаў пратэстаў, але не такой масавасці. Трыванне беларусаў лопнула. Кожная ўлада абавязаная падаць у адстаўку, калі выходзяць сотні тысяч чалавек на вуліцы, але такая ўлада павінна мець годнасць. Так зрабіў і Гарбачоў, ён быў уладным чалавекам, але захаваў годнасць. Лукашэнку захоўваць няма чаго, таму ён змагаецца з тымі, хто супрацьстаіць уладзе, называе іх здраднікамі. Самы вялікі антыбеларус - ён сам.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках