26 красавiка 2024, Пятніца, 20:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта наогул што?»: падатковая дасылае беларусам лісты з дзіўнымі пытаннямі

27
«Гэта наогул што?»: падатковая дасылае беларусам лісты з дзіўнымі пытаннямі

Новыя «лісты шчасця» прыходзяць нават праз гады пасля змены месца працы.

У рэдакцыю onliner.by звярнуўся Фёдар, мама якога працавала ў ІП, які займаўся шыццём адзення. Праз 4 гады пасля гэтага ёй прыйшоў ліст з падатковай Маскоўскага раёна Менска з цікавымі пытаннямі. Напрыклад, інспекцыя цікавіцца, ці атрымлівала жанчына заробак у канверце і ці адрознівалася сума ад названай у ведамасці, а калі і не атрымлівала – ці не заўважала такога за іншымі супрацоўнікамі.

- Гэты ліст мы атрымалі праз пошту пазаўчора, 22 красавіка, - распавядае Фёдар. - Мама прынесла мне яго з вялікімі вачамі з пытаннем «Гэта ўвогуле што?». Хоць жанчына 50+, нават ёй не страшна. Мы смяемся, я так наогул проста б'юся ў істэрыцы ад усяго таго, што адбываецца. Мы ўсе разумеем, навошта гэта робіцца.

Указаны ў лісце ІП - знаёмы Фёдара, працавала жанчына ў яго нядоўга і не на поўную стаўку: «За 3-4 месяцы яна дапамагла наладзіць вытворчы працэс, і на гэтым усё скончылася». Мужчына мяркуе, што такая цікаўнасць у падатковай да ІП праз ягоную грамадзянскую пазіцыю. Гаспадара бізнэсу аштрафавалі і ён быў арыштаваны паводле адміністрацыйных артыкулаў.

- Я не бачу больш ніякіх прычын для складання такіх дзіўных лістоў пра пошукі грошай у канвертах. Больш за тое, гэта атрымалі ўсе людзі, якія працавалі ў гэтага чалавека за ўвесь час існавання бізнэсу, - кажа Фёдар.

Паводле ліста, адказаць трэба да 31 красавіка (у красавіку ўсяго 30 дзён). Атрымальнікі лісты пакуль разважаюць, ці адказваць на яго.

- Мы яшчэ думаем, ці адказваць. Калі і адкажам, то максімальна расплывіста. Як увогуле можна адказаць на гэтыя пытанні праз 4 гады? - задаецца пытаннем Фёдар. - Цікава, што падатковая спасылаецца на артыкул 107 Падатковага кодэкса аб падатковых выліках. Адчуванне, што хацелася напісаць хоць што-небудзь, каб ліст грозна выглядаў. Бо ў падатковых выліках ніхто нічога ўсё адно не разумее.

Журналісты патэлефанавалі на ўказаны ў лісце тэлефон, але патлумачыць там нічога не змаглі: адказваць маюць намер толькі на пытанні атрымальніка ліста. Onliner спрабуе атрымаць афіцыйны каментар.

Нагадаем, у пачатку сакавіка пытанне пра заробкі ў канвертах усплыло чарговым разам. Лукашэнка ў размове са старшынём КДК Васілём Герасімавым загаварыў пра заробкі ў канверце, якія павінны быць выкараненыя. Пазней у сюжэце БТ Герасімаў паведаміў, што для атрымальнікаў такіх грошай можа быць уведзеная адміністрацыйная адказнасць - калі яны самі не даложаць аб парушэнні.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках