21 красавiка 2021, Серада, 8:50
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым мы адрозніваемся ад улады

20
Чым мы адрозніваемся ад улады
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Беларуская рэвалюцыя адбылася ў вельмі складаны час.

Не разумею і не прымаю ніякіх, нават самых добразычлівых, папрокаў у тым, што беларусы дагэтуль не перамаглі. Прызнаючы слабасць і несістэмнасць дзеянняў новаўзніклых лідараў, многіх з якіх выпадкова вынесла на хвалі рэвалюцыі, павінна адзначыць, што нам давялося дзейнічаць ва ўмовах, з якімі наўрад ці б дала рады якая-небудзь іншая нацыя.

Беларуская рэвалюцыя адбылася ў вельмі складаны час. Увесь свет другі год як сцяўся ад неспасцігальнай, небяспечнай і непрадказальнай эпідэміі каранавіруса. Спыніліся міжнародныя кантакты, людзі забыліся пра падарожжы, імклівымі тэмпамі руйнуецца бізнэс, дзяржавы выдаткоўваюць на барацьбу з кавідам каласальныя сродкі. Лічбы заражаных і памерлых блізкія да астранамічных. Вуліцы гарадоў па ўсім свеце пустыя, рэдкія мінакі асцерагаюцца адзін аднаго і практычна не размаўляюць. І не дзіва: у многіх краінах, у тым ліку суседзях Беларусі, у параўнанні з леташнім дзённым захворваннем на каранавірус вясной 2021 года колькасць вырасла ў 30-40 разоў. У нашай краіне сітуацыя можа быць яшчэ горшая, бо ніякіх карантынных захадаў улады па-ранейшаму не робяць.

І на гэтым фоне - сотні тысяч людзей на дэманстрацыях па ўсёй Беларусі ў жніўні - лістападзе 2020 года і бесперапынныя ўжо дзявяты (!) месяц «партызанскія» акцыі пратэсту. Якая яшчэ рэвалюцыя ў гісторыі доўжылася так доўга, ды яшчэ ва ўмовах эпідэміі?

І генацыд у Беларусі пачаўся яшчэ вясной 2020 года, калі даўно звар’яцелы Лукашэнка адмовіўся прызнаваць эпідэмію і не ўвёў у краіне патрэбны карантын. Колькасць памерлых ад гэтай хваробы ў краіне сёння ідзе на дзясяткі тысяч. Вядома, гэтыя смерці хаваюцца, у афіцыйнай статыстыцы іх няма, але ўсе выдатна разумеюць, што лічбы Міністэрства аховы здароўя сёння трэба павялічваць у 20-30 разоў, каб зразумець прыблізную карціну беларускай катастрофы.

Больш за тое, тысячы людзей, якія прайшлі праз беларускія турмы падчас пратэстаў, былі наўмысна заражаныя каранавірусам. Сярод іх, безумоўна, ёсць загінулыя. Акрамя адсутнасці карантыну, у Беларусі не адбываецца вакцынавання нават расейскім «Спадарожнікам». Не прышчэпленыя нават медыкі, якія вымушаныя працаваць у «чырвонай» зоне з хворымі на кавід, а затым, праз вострую нястачу кадраў, прымаюць пацыентаў у «зялёнай» зоне паліклінікі і між волі заражаць здаровых людзей. У той жа час у суседняй Польшчы ўжо прышчэпленыя і лекары, і работнікі шырокай сферы адукацыі, і людзі старэйшага ўзросту. І нават мяне, не грамадзянку Польшчы, ужо запрасілі на бясплатную вакцынацыю на канкрэтную дату.

Што можна патрабаваць ад людзей у сітуацыі эпідэміі і развязаных перапалоханым да смерці дыктатарам рэпрэсій? Беларускі народ сёння дэманструе свету небывалы гераізм, і не трэба параўноўваць нашы рэаліі з армянскімі, кіргізскімі або малдаўскімі. Параўнанне настолькі некарэктнае, што выклікае нават не раздражненне, а сумневы ў адэкватнасці крытыкаў.

Не варта сумаваць і самім беларусам. Мы - смелыя, адважныя людзі. Сёння, калі свет накрыла чарговая эпідэміялагічная хваля, гэта нармальна - берагчы сябе на працягу небяспечнага з пункту гледжання эпідэміі перыяду. Для таго, каб працягваць змагацца, патрэбныя сілы. Чалавек не можа бясконца працаваць або пратэставаць, асабліва ў такіх неймаверных умовах. Сёння беларусам трэба капіяваць метады барацьбы з пандэміяй і індывідуальнай абховы ў цывілізаваных краінах: насіць маску, па магчымасці не пускаць дзяцей у дзіцячыя садкі і школы, не наведваць кавярні, рэстарацыі і гандлёвыя цэнтры, выконваць іншыя захады сацыяльнай дыстанцыі. З прагнозаў спецыялістаў, красавік - самы небяспечны месяц, калі назіраецца пік захворвання кавіду.

Мы працягнем змагацца найбліжэйшым часам. Абавязкова працягнем. Але сёння наша самая галоўная задача - захаваць сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх. Гэтым мы адрозніваемся ад улады.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».