26 красавiка 2024, Пятніца, 18:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жалезны купал» у Ізраілі перахапіў 90% ракетаў – але ў чым быў збой?

«Жалезны купал» у Ізраілі перахапіў 90% ракетаў – але ў чым быў збой?
ФОТА: AFP

Гэты метад быў апрабаваны тэрарыстычнымі арганізацыямі два з паловай гады таму.

Сістэма «Жалезны купал» з'яўляецца найбольш важным чыннікам супрацьпаветранай абароны Ізраіля, і лічбы паказваюць гэта. З 1200 ракетаў, выпушчаных па Ізраілі за апошнія два дні, блізу 300 упалі ў самім сектары Газа і сама менш адна з іх прывяла да ахвяраў сярод палестынцаў, піша detaly.co.il.

З рэшты 900 і больш (колькасць увесь час расце) блізу траціны ўпала на адкрытай мясцовасці, а з астатніх, якія ляцелі на жылыя раёны, «Жалезны купал» перахапіў прыкладна 90 адсоткаў. Гэта вельмі высокі паказнік, але разам з тым некалькі дзясяткаў ракетаў здолелі прарвацца, і яны прывялі да гібелі людзей і шкоды маёмасці ў Сдэроце, Ашкелоне, Ашдодзе, Рышон ле-Цыёне, Лодзе, Гіватаіме.

11 траўня, як паведамлялі «Дэталі», у сістэме «Жалезны купал» раёна Ашкелона адбыўся тэхнічны збой. Няспраўнасць прывяла да таго, што некалькі ракетаў, выпушчаных з Газы, трапілі ў цывільныя аб'екты.

Ваенная крыніца тлумачыць, што тэрарыстычныя арганізацыі ўвесь час вывучаюць эфектыўнасць ізраільскай сістэмы СПА і спрабуюць яе абысці, у асноўным за кошт масаваных абстрэлаў дзясяткамі ракетаў на розных дыстанцыях.

Гэты метад быў апрабаваны два з паловай гады таму, калі «Ісламскі джыхад» выпусціў дзясяткі ракетаў за лічаныя хвіліны, і некаторыя з іх сапраўды «прабілі» «Жалезны купал». І цяпер ХАМАС і «Ісламскі джыхад» выхваляюцца кожнай ракетай, якая абыходзіць сістэму СПА Ізраіля.

Сістэма «Жалезны купал» уважаецца за самую дасканалую ў свеце. Кожная батарэя каштуе блізу 100 млн даляраў, а кожная ракета-перахопнік «Таміру» – блізу 50 тысячаў даляраў. Сістэма здольная перахопліваць розныя ракеты малой далёкасці на адлегласці да 70 км.

Але «Жалезны купал» мае мінімальную далёкасць дзеяння 4,5 км, што азначае складанасць перахопу ракетаў на блізкай адлегласці. Летась сістэма была мадэрнізаваная і дададзеная магчымасць перахопліваць снарады, запушчаныя з 120- і 160-мм мінамётаў, і цяпер яна праходзіць шэраг мадэрнізацый, якія дазволяць ёй збіваць беспілотнікі і мультыкоптары ў межах далёкасці да 10 км.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках