Сабянін: У Маскве прышчэпленых у разы менш, чым у Еўропе
1- 21.05.2021, 12:51
- 1,588
Мэр Масквы ўпершыню публічна паскардзіўся на нізкія тэмпы вакцынацыі.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін упершыню публічна паскардзіўся на нізкія тэмпы вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі ў расейскай сталіцы. Паводле ягоных слоў, у Маскве прышчэпленых ад каранавіруса менш, чым у "кожным еўрапейскім горадзе", а ў параўнанні з некаторымі гарадамі іх менш у разы, перадае svoboda.org.
Пра тое, што тэмпы вакцынацыі ў Расеі ніжэйшыя чым у многіх развітых краінах - нягледзячы на тое, што Расея адной з першых у свеце заявіла аб распрацоўцы вакцыны і запусціла яе ў абарачэнне - СМІ паведамлялі неаднаразова, аднак улады да апошняга часу не каментавалі гэтыя паведамленні.
Пра сітуацыю з вакцынацыяй Сабянін распавёў на сустрэчы з актывістамі, фрагмент запісу якой апублікаваны ў блогу мэра. Адказнасць за нізкія тэмпы вакцынацыі ён усклаў на саміх грамадзян. "Працягваем хварэць, працягваюць паміраць людзі і пры гэтым не хочуць прышчапляцца", - сказаў Сабянін. Паводле ягоных слоў, людзі не спяшаюцца на прывівачныя пункты, нават нягледзячы на даступнасць вакцыны і стымулюючыя меры. "Мала таго, што мы ў паліклініках прышчапляем, у гандлёвых цэнтрах прышчапляем, цяпер у парках прышчапляем, цяпер яшчэ 1 тысячу рублёў плацім пенсіянерам, каб яны маглі пайсці закупіцца ў крамах, абы толькі прышчапіліся, - але нікога няма" - сказаў Сабянін.
З афіцыйных звестак, у Маскве прышчапіліся 1,3 мільёна чалавек (гэта прыкладна 10 адсоткаў насельніцтва горада) - пры гэтым незразумела, ці ідзе гаворка пра тых, хто атрымаў дзве дозы вакцыны або толькі адну. Са слоў Сабяніна, чакалася, што іх будзе як мінімум удвая больш.
Напярэдадні выданне "Медуза", уключанай уладамі РФ у спіс СМІ- "замежных агентаў", пісала пра тое, што тэмпы вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі новага тыпу ў Маскве знізіліся да прыблізна шасці тысяч чалавек на дзень - гэта ў разы менш, чым зімой. Каб прышчапіць 60 адсоткаў насельніцтва да восені, як плануюць улады, патрабуецца павялічыць колькасць штодзённых прышчэпак у разы. Крыніцы выдання мяркуюць, што нізкая хуткасць можа быць звязаная з пасіўнасцю уладаў пры прасоўванні прэпарата на ўнутраным рынку і іх справаздачамі пра перамогу над пандэміяй. У Расеі карантынныя меры істотна больш мяккія, чым у большасці краін свету.
Апытанні сведчаць пра тое, што дзясяткі адсоткаў насельніцтва Расеі не хочуць прышчапляцца ад каранавіруснай інфекцыі.
У Маскве "Спадарожнікам V" на сераду было прышчэплена менш людзей, чым у сталіцы Аргенціны Буэнас-Айрэсе, куды вакцына пастаўляецца са снежня, - звярнуў увагу рэдактар "Холода" Міхаіл Зяленскі.
Афіцыйных звестак пра колькасць прышчэпленых у Расеі няма. Паводле ацэнак, да сярэдзіны траўня іх колькасць склала блізу 13-14 мільёнаў чалавек, гэта менш за 10 адсоткаў насельніцтва. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін казаў пра 24 мільёны (роскід у звестках можа быць звязаны зноў-такі з нявысветленасцю, што ўлічваецца ў статыстыцы - прышчэпленыя дзвюма дозамі ці ж толькі першай).
Пры гэтым у Вялікабрытаніі і ЗША лік прышчэпленых набліжаецца да 50 адсоткаў, у ЕЗ, дзе вакцынацыя спачатку ішла даволі павольна, зараз прышчапляюцца па некалькі мільёнаў чалавек на дзень, а ў Ізраілі вакцынаваў больш за палову дарослага насельніцтва. Практыка паказвае, што ў краінах з высокім узроўнем вакцынацыі эпідэмія імкліва ідзе на спад.
У Расеі афіцыйная колькасць новых выпадкаў інфекцыі ўжо некалькі месяцаў трымаецца на ўзроўні 8-9 тысяч на дзень, а ў Маскве яна ў апошнія тыдні пачала расці. Міністр аховы здароўя Міхаіл Мурашка ў пятніцу назваў сітуацыю з каранавірусам у Расеі напружанай.