5 жнiўня 2026, Серада, 21:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кошты дрэва проста ўзляцелі»

19
«Кошты дрэва проста ўзляцелі»
ФОТА: ТАЦЦЯНА МАЛЕЖ

Беларусы шакаваныя цэтлікамі на будматэрыялы.

Некалькі дзён таму ў рэдакцыю intex-press.by звярнуўся жыхар Баранавічаў Арцём і расказаў пра моцны рост коштаў будматэрыялаў. Паводле ягоных словаў, цэтлікі змяняюцца ледзь не кожны тыдзень і толькі за апошні час некаторыя пазіцыі тавараў для будоўлі і рамонту падскочылі ў кошце ў некалькі разоў. Што на гэты конт кажуць іншыя гараджане?

Яўген, будаўнік з шматгадовым стажам, індывідуальны прадпрымальнік:

– Мне часта даводзіцца штудыяваць рынак будаўнічых матэрыялаў, і кошты сапраўды растуць на вачах.

Сумесі даражэюць неістотна, а вось што падаражэла вельмі адчувальна, дык гэта дрэва. Кошты проста ўзляцелі.

Калі летась заказчык набываў дрэва (брус, кроквы) за 350 рублёў за кубаметр, то ў студзені цэтлік падскочыў да 450 рублёў, у лютым – да 500 рублёў, а месяц таму куб дрэва каштаваў ужо 600 рублёў. І гэта ў Баранавічах. А ў Менску, кажуць, кошт даходзіць да 700 рублёў. Гэта страшэнна многа.

Што тычыцца металу, то ён даражэе літаральна кожны тыдзень. Летась набываў профіль сабе на плот, за метр пагонны аддаваў 3 рублі. Цяпер такі самы профіль каштуе 6,5 рубля.

На рост коштаў скардзяцца не толькі заказчыкі, але і дырэктары будаўнічых арганізацый, адзначаючы, што цэтлікі на будматэрыялы растуць кожны панядзелак і людзі проста не гатовыя да такога коштаўтварэння.

Беручы да ўвагі памер заробкаў (а яны проста нікуды не вартыя), наш чарговы кліент сто разоў падумае, перш чым пачаць будоўлю. Узяць, да прыкладу, дах. Толькі на дрэва трэба выдаткаваць блізу 6 тысячаў. Каму гэта пад сілу?

Мікола, будаўнік:

– Тое, што кошты прыкметна выраслі, – гэта факт. Той самы цэмент літаральна пару месяцаў таму я набываў за 5,3 рубля за мех, цяпер ён каштуе ўжо 6,4 рубля. На тры рублі падаражэлі таксама некаторыя сумесі.

Профільныя металічныя трубы за пару тыдняў выраслі ў кошце прыкладна на траціну: з 14 да 19 рублёў за метр пагонны.

Нядаўна я набываў 12 паддонаў блокаў і заплаціў за іх на 170 рублёў больш, чым за такі ж аб'ём паўгода таму.

Аналагічная сітуацыя і з інструментам. Добрыя перфаратары, балгаркі каштуюць на рублёў 30 даражэй, чым летась.

У адной з буйных будаўнічых крамаў нашага горада я звярнуў увагу, што на старых цэтліках налеплена вельмі шмат новых. А гэта гаворыць пра тое, што тавары даражэюць, і вельмі часта.

Уладзімір, бляхар, індывідуальны прадпрымальнік:

– Я доўгі час працую з металам. І зыходзячы з цяперашняй сітуацыі на рынку, магу сказаць, што кошты, у параўнанні з мінулым годам, на гэтыя тавары павялічыліся на 70%. Гэта велізарны рост.

Вельмі моцна падаражэў полікарбанат. Год таму ліст таўшчынёй 0,8 см можна было набыць за 90 рублёў, цяпер за такі давядзецца аддаць 250 рублёў. Не разумею, адкуль такая велізарная розніца ў кошце за кароткі прамежак!

Часта маю зносіны з будаўнікамі, і ўсе як адзін кажуць, што даражэе літаральна ўсё.

Што кажа афіцыйная статыстыка

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за год (з красавіка 2020 года да красавіка 2021) у Беларусі сапраўды падаражэлі амаль усе будматэрыялы, прадстаўленыя ў статыстыцы. Мацней за ўсё выраслі кошты піламатэрыялаў (плюс 43%), металу (плюс 37%) і цэменту (на 22%).

Патаннеў, у параўнанні з мінулым годам, толькі цэмент, і тое неістотна – усяго на 2%.

Як змяніліся кошты некаторых будматэрыялаў у Беларусі за год (красавік 2021 года ў параўнанні з красавіком 2020 года)

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта
Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках