12 траўня 2021, Серада, 14:36
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Па рэжыме нанесены самы сур'ёзны ўдар за ўвесь час яго існавання»

49
«Па рэжыме нанесены самы сур'ёзны ўдар за ўвесь час яго існавання»
ФОТА: DEPOSITPHOTOS

Бюджэт трашчыць па швах.

ЗША аднавілі санкцыі супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў. Многія экспэрты адзначаюць, што гэтым разам абмежавальныя захады значна больш сур'ёзныя. Сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць сітуацыю прадпрымальніка і блогера з Барысава Віктара Гарбачова:

- Прадпрыемствы "Белнафтахіма" спрабуюць падстрахавацца, з кімсьці дамовіцца, але я думаю, што гэта найбольш адчувальны ўдар па рэжыме за ўвесь час яго існавання. Калі пытанне тычыцца энэргабяспекі краіны - нафта, газ, бензін, то ўсё значна сур'ёзней, гэта не пажартавалі і забыліся. Я думаю, што санкцыі будуць мець пэўныя наступствы, калі не будзе рэакцыі з боку ўладаў на патрабаванні ЗША, такія як вызваленне палітвязняў, правядзенне сумленных выбараў і гэтак далей.

Калі ўлады прадоўжаць такое ж стаўленне да насельніцтва, то санкцыі будуць пераходзіць з тэорыі ў практыку, а гэта будзе адбівацца на нашай кішэні і пакажа сапраўднае аблічча, калі грашовыя сродкі будуць заканчвацца.

- Расейскія пастаўшчыкі могуць адмовіцца ад паставак нафты ў Беларусь. На вашу думку, ці магчымы «эфект даміно» ад санкцый ЗША з сур'ёзнымі наступствамі для рэжыму?

- Вядома, але пакуль мы павінны ўбачыць рэальную адмову. Наколькі я ведаю, пакуль гэта пастанова не прынятая, але я думаю, што там не дурні сядзяць. Іх мільярдэры ў Крамлі лічаць свае грошы і выдатна разумеюць, у што гэта можа выліцца.

Цяпер рэакцыя расейскіх уладаў у дачыненні да нас - «не хлопцы, мы пакуль перастрахуемся, паглядзім», але яны ведаюць, што праз «эфект даміно» санкцыі могуць пайсці і на расейскія прадпрыемствы. Ім гэта не трэба, у іх сітуацыя не лепшая, чым у нас. Цэны на бензін і на прадукты падымаюцца. Нядаўна паказвалі, што за апошні квартал беларускія тавары - крэветкі, сыры і гэтак далей, - зменшыліся ў некалькі разоў, бо ў нас ёсць абмежаванні з еўрапейскімі краінамі.

Расея пускае нашу ўладу на самацёк, маўляў, самі пакуль пакруціцеся, а мы паглядзім, ці будуць санкцыі дзейнічаць. Калі санкцыі «смяхотныя», то ў чэрвені, можа, падачы адновяцца, а калі не, то Расея адмовіцца і гэта вельмі моцна ўдарыць па нас. У найгоршым выпадку скажуць, што Беларусь павінна далучыцца да Расеі, стаць 86 рэгіёнам, тады будзе і нафту, і газ, санкцыі не будуць страшныя, так бы мовіць, паміраць у акопах будзем разам. Лукашэнка ж казаў: «Мы памром у акопах, але разам».

«Эфект даміно» - адназначна будзе, тут нават нікуды хадзіць не трэба. Пачынаючы ад энэргабяспекі, заканчваючы харчаваннем. Мы ўсё гэта ўбачым.

- Прадпрыемствам забароняць рабіць разлікі ў далярах ЗША. Наколькі гэта моцны ўдар?

- Яны самі сабе закопваюць. З афіцыйных звестак, 85% сусветнага разліку паміж усімі дзяржавамі ў далярах ЗША. Чым плаціць? Золатам, якога становіцца менш? Нашым рублём, які ў прынцыпе нічым не падмацаваны? Алмазамі ці прадуктамі? Я так разумею, што гэта рэальна ударыць па нашых прадпрыемствах, калі разлік будзе рабіцца незразумела чым.

Уладам патрэбная валюта, яны разумеюць, што будзе праз месяц, два, тры. Магчыма, будзе такая сітуацыя, што пачнуць выдаваць валюту паводле курсу беларускага рубля, паперай, якую будуць самі сабе друкаваць у Драздах. Зараз ідзе пошук валюты з усіх шчылін.

- У сеціве з'яўляецца ўсё больш інфармацыі пра тое, што рэжым плануе скарачэнне бюджэтнікаў. У чым прычына?

- Грошай шмат ніколі не бывае, яны заўсёды могуць скончыцца, магчыма, сёння ім ужо не стае. З усіх бакоў эканамічная сітуацыя падціскае, таму і затрымка заробкаў, і скарачэнні чыноўнікаў маюць месца быць.

Сёння бюджэт трашчыць па швах, таму яны падчышчаюць усіх - настаўнікаў, лекараў і астатніх бюджэтнікаў, так бы мовіць, скідваюць баласт з карабля. Пакуль гэта сярэдняе звяно, але неўзабаве дойдуць і да вышэйшага звяна. Гэта сведчыць аб тым, што пацукі пачынаюць жэрці адзін аднаго ў слоіку. Народ яны здушылі, сцягі пазрывалі, а што рабіць цяпер, значыць, зоймемся сваімі, якія сядзелі на кухні і маўчалі. Зараз зоймуцца і чыноўнікамі.

Адназначна будуць скарачэнні, пра гэта кажуць і ў прыватным сектары, і дзяржаўным. Нядаўна я даведаўся, што на Барысаўскім пластмасавым заводзе чатыром супрацоўнікам прапанавалі добраахвотна сысці, бо вытворчасць стаіць і яны ім не патрэбныя.

Улады прыбіраюць просты люд, заводы працуюць на склады, а сілавы блок застаецца такім жа. У скарочаных людзей забіраюць іх заробкі, а потым перакладаюць у кішэню чыноўнікам, супрацоўнікам КДБ, МУС і іншым пагонам. Усё гэта выльецца восенню, калі ён да яе пратрымаецца. Паглядзім, якая будзе сяўба, і ўраджай, і які будзе кошт нафтапрадуктаў. Па капейчыне, але ўжо 12 разоў паднялі кошты на бензін за год, а гэта ўсё б'е па прадпрыемствах, харчаванню і ЖКГ.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».