26 красавiка 2024, Пятніца, 8:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларускія цыгарэты трапляюць у апламбаваныя вагоны з угнаеннем?

49
Як беларускія цыгарэты трапляюць у апламбаваныя вагоны з угнаеннем?

Журналісты паспрабавалі знайсці адказ.

Літоўскія і польскія мытнікі перыядычна знаходзяць упакоўкі з беларускімі цыгарэтамі ў вагонах з угнаеннямі «Беларуськалія» і «Гродна Азота». Як тытунёвыя вырабы могуць там апынуцца? Ці маглі вытворцы ўгнаенняў не ведаць пра кантрабандныя партыі? Што думае з нагоды гэтых выпадкаў Беларуская чыгунка?

Журналісты tut.by паспрабавалі знайсці адказы на гэтыя пытанні.

30 красавіка Мытная служба Літвы выявіла ў адным з вагонаў «Беларуськалія», які ехаў у Клайпеду, 61 скрыню цыгарэтаў. Кошт кантрабанднага тавару – 112 тысячаў еўраў.

Сёння польскія памежнікі паведамілі, што пры праверцы грузавога цягніка з Беларусі ў трох кантэйнерах замест мінеральных угнаенняў і паліўна-награвальных элементаў, заяўленых у дэкларацыі, знайшлі амаль 2,5 млн пачкаў цыгарэтаў. У Польшчы адзначылі, што гэта самая буйная партыя кантрабандных цыгарэтаў у гісторыі краіны. Яна ацэньваецца амаль на 10 млн даляраў!

І гэта толькі факты апошняга часу. Узнікае пытанне: як цыгарэты могуць трапляць у вагоны з угнаеннямі, калі яны апламбаваныя пры адгрузцы прадукцыі на «Беларуськаліі» і «Гродна Азоце»?

– Склад фармуецца на заводзе. Пасля загрузкі вагоны апламбоўваюцца і едуць да заказчыка, – кажа крыніца, знаёмая з працэсам паставак угнаенняў на «Гродна Азоце». – Каб цыгарэты патрапілі ў вагон, на тэрыторыю завода, праз праверку на КПП, павінна ўехаць фура з цыгарэтамі [ад суседняй фабрыкі]. Акрамя таго, калі ідзе ўзважванне, то людзям будзе зразумела, што там не ўгнаенне.

Гэта значыць як мінімум у двух месцах супрацоўнікі прадпрыемства павінны быць у курсе справы. Пры гэтым усім астатнім варта заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца.

На «Гродна Азоце» аспрэчылі наяўнасць кантрабандных схемаў.

Варта адзначыць, леташняй восенню на тэрыторыі «Гродна Азота» ў адным з «зялёных» вагонаў з угнаеннямі, якія рухаліся ў Літву, знайшлі блізу 45 тысячаў пачкаў цыгарэтаў беларускай вытворчасці на суму большую за 51 тысячу рублёў, гаварылася ў паведамленні УУС Гарадзенскага аблвыканкама. Гэтую інфармацыю адміністрацыя завода аператыўна перадала міліцыі, якая канфіскавала тавар. Сілавікі пачалі праверку. Пра яе вынікі атрымаць інфармацыю не ўдалося.

Апламбаваныя вагоны «Беларуськалія» з цыгарэтамі таксама перыядычна трапляюцца на літоўскай мытні.

Як высвятляецца, існуе іншая схема загрузкі вагонаў кантрабанднымі цыгарэтамі.

– Загрузіць вагоны цыгарэтамі можна дзе заўгодна, на любой гатункавальнай станцыі, на любым начным прыпынку. У белкаліеўскіх хоперах на рэдкасць зручныя і шырокія люкі, – расказвае інфармаваная крыніца.

У 2017 годзе буйную партыю гарадзенскіх цыгарэтаў знайшлі ў вагонах «Беларуськалія», якія прыбылі для разгрузкі ў тэрмінал БКТ у порце Клайпеды. («Беларуськалію» ў БКТ належыць 30 адсоткаў акцый, астатнія 70 адсоткаў – у літоўскага бізнэсмэна Ігара Удавіцкага.) Гендырэктар тэрмінала Відмантас Дамбраўскас запэўніваў, што калі б цыгарэты знаходзіліся пад ўгнаеннямі, то было б ясна, што іх размяшчаюць на фабрыцы ў Салігорску. А так яны наверсе.

– Раней пломбы вешалі на просты провад у вагонах. Пасля таго як некалькі разоў злавілі кантрабандыстаў, «Беларуськалій» стаў апячатваць вагоны з дапамогай дроту таўшчынёй 10 міліметраў, – казаў Дамбраўскас.

Аднак больш тоўсты дрот не спыніў кантрабандыстаў.

– Беларусы кажуць, што пломбы [на вагонах, якія прыбываюць у Літву з цыгарэтамі] падробленыя. Так, вагоны выязджаюць з завода, але, бывае, стаяць на станцыях паўдня. На некаторых з такіх станцый цёмна, няма аховы, таму кантрабандысты карыстаюцца сітуацыяй. Мы не можам з гэтым змагацца, – сказаў кіраўнік БКТ.

Беларуская калійная кампанія з'яўляецца трэйдарам «Беларуськалія». Але ў кампаніі не ў курсе, якім чынам цыгарэты трапляюць у хоперы з угнаеннямі.

– Мы не маем інфармацыі пра тое, як і дзе гэта можа адбывацца па шляху руху вагонаў. Мяркуем, што пытаннямі кантрабанды павінны займацца адпаведныя кампетэнтныя органы, – сказалі ў прэс-службе БКК.

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што вагоны, у якіх перавозяцца калійныя ўгнаенні, належаць не трэйдару, а «Беларуськалію». Парк уласных вагонаў налічвае блізу 4000 адзінак. Больш за тое, у «Белкалія» ёсць цэлае кіраванне чыгуначных перавозак, якое рэгулюе працэс пагрузкі.

«На кожным пункце пагрузкі ёсць чыгуначныя шалі, якія дазваляюць дакладна дазаваць колькасць прадукцыі, неабходнай для загрузкі ў вагон у адпаведнасці з тарай вагона з мэтай пазбягання перагрузу, што можа паўплываць на бяспеку руху, а таксама недагрузу вагона, які вынікуе невыкананне дамоўных абавязальніцтваў перад пакупнікамі», – гаворыцца на сайце кампаніі.

Узяць каментар ва ўправе чыгуначных перавозак ААТ «Беларуськалій» не атрымалася.

Перавознікам грузаў з'яўляецца Беларуская чыгунка (БЧ). Кантрабандныя знаходкі ў гэтага дзяржаператара здараліся не толькі ў вагонах з угнаеннямі, але і з вуглём, дранкай і іншымі грузамі.

– Дагледзець увесь цягнік пад 100 вагонаў уласнымі сіламі ім даволі праблематычна. Звычайна глядзяць на цэласнасць пломбаў. А бывае, часу не хапае нават на гэта, – кажуць крыніцы.

У прэс-службе БЧ адмовіліся ад каментароў і параілі звярнуцца з запытам у праваахоўныя органы. Узяць каментар у сілавых структурах не атрымалася.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках