28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што вядома пра «партманэты Лукашэнкі», якія ўжо сёння могуць трапіць пад санкцыі

12
Што вядома пра «партманэты Лукашэнкі», якія ўжо сёння могуць трапіць пад санкцыі
ФОТА: BELTA

Якія актывы яны маюць?

Паводле інфармацыі СМІ, 21 чэрвеня Еўразвяз мусіць увесці санкцыі супраць пяці бізнесоўцаў, шчыльна звязаных з рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі. Абмежаванні закрануць Аляксея Алексіна, Аляксандра Зайцава, Сяргея Цяцерына, Аляксандра Шатрова і Міхаіла Гуцэрыева. Belsat.eu распавядае, чым вядомыя гэтыя асобы і якія актывы яны маюць.

Міхаіл Гуцэрыеў

Міхаіл Гуцэрыеў.
Фота – REUTERS/Anton Golubev/File Photo

62-гадовы расейскі алігарх зʼяўляецца старшынёй рады дырэктараў групы «Сафмар» і НК «Руснафта», ягоны асабісты капітал ацэньваюць у $2 млрд. Сямʼя Гуцэрыева цягам пяці гадоў займала першае месца ў спісе найбагацейшых кланаў у сучаснай Расеі і толькі летась апусцілася ў рэйтынгу Forbes на трэцяе месца.

Сяброўства Гуцэрыева і Лукашэнкі пачалося з 2000-х, калі алігарх стаў прэзідэнтам кампаніі «Слаўнафта» і заняўся будаўніцтвам аўтазаправак і нафтабазаў у Беларусі. Цёплыя стасункі Лукашэнкі і Гуцэрыева ніколі не хаваліся.

«Гэта чалавек, якому прэзідэнт Беларусі няўхільна давярае», – у 2018 годзе заявіла Forbes кіраўніца прэс-службы Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Фота: presdeint.gov.by

Дзякуючы Лукашэнку расейскі алігарх атрымаў на рэалізацыю буйны інвестыцыйны праект – будаўніцтва ў Любанскім раёне новага калійнага камбіната (Нежынскі горнаўзбагачальны камбінат).

«Ты адзін з нямногіх, хто атрымаў беларускія нетры», – сказаў у свой час Гуцэрыеву Лукашэнка.

Акрамя таго, Гуцэрыеў пабудаваў у Менску гатэль «Рэнесанс», тэрмінал для бізнес-авіяцыі ў сталічным аэрапорце ды шэраг іншых аб’ектаў.

Паводле неафіцыйных звестак, менавіта Гуцэрыеў разам з Віктарам Пракапеней угаварылі Лукашэнку падпісаць дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Сын алігарха Саід Гуцэрыеў неўзабаве пасля гэтага стаў саўладальнікам першай крыптабіржы ў Беларусі. У 2020 годзе Саід таксама выкупіў беларускі «Парытэтбанк».

Саід Гуцэрыеў. Фота: safmargroup.ru

У якасці падзякі Гуцэрыеў рэгулярна аказваў Лукашэнка розныя паслугі і рабіў дарагія падарункі. Паводле СМІ, у 2013 годзе менавіта Гуцэрыеў падарыў Лукашэнку на дзень народзінаў адну з самых дарагіх машын на свеце – «Майбах» мадэлі 57/62, якая каштуе каля 500 тысяч долараў.

Расейскі алігарх пабудаваў вілу каля Радашковічаў, якую рэгулярна наведвае Лукашэнка, а таксама набыў прыкладна за 12 млн. еўра VIP-верталёт, аформлены ў колерах дзяржаўнага сцягу Беларусі. Акрамя таго, ён арганізоўваў выступленне зорак расейскага шоу-бізнесу на канцэрце для Лукашэнкі.

У 2020 годзе алігарх некалькі разоў фактычна выручаў Лукашэнку. У разгар нафтавай вайны з Расеяй кампаніі Гуцэрыева былі адзінымі пастаўшчыкамі нафты на беларускія НПЗ. А ў жніўні алігарх арганізаваў «агітацыйны дэсант» – тэрміновае перакідванне ў Беларусі працаўнікоў расейскага тэлебачання, якія мусілі замяніць работнікаў БТ, якія звольніліся на знак пратэсту. Менавіта пасля прыбыцця расейцаў афіцыйная прапаганда набыла рэзка агрэсіўны, чалавеканенавісніцкі змест.

Аляксей Алексін

Аляксей Алексін. Скрыншот з відэа president.gov.by

Аляксей Алексін лічыцца адным з найбольш набліжаных да сям’і Лукашэнкі алігархаў. Разам з Віктарам Лукашэнкам бізнесовец з’ўляецца на байкерскіх злётах, разам яны ляталі на прыватным самалёце ў ААЭ. Сам Алексін пачынаў сваю кар’еру на дзяржаўнай службе, працаваў у кампаніі «Белзнешгандальінвест», якая ўваходзіла ў склад Упраўлення справамі прэзідэнта.

Арцём Чайка і Аляксей Алексін, Варонеж. Фота – https://riavrn.ru/

Сёння бізнес Алексіна мае прывеліяваны статус у Беларусі. Гэтак у апошнія гады Алексін атрымаў ад дзяржавы выключныя правы ў сферы гандлю тытунём. У снежні 2017 года Лукашэнка дазволіў кампаніі алігарха «Энерго-Оіл» стварыць адзіную тавараправадную сетку ў тытунёвай сферы. Менавіта ў межах рэалізацыі гэтага праекту ў Беларусі з’явіліся кіёскі «Табакеркі» (агулам планавалася стварыць да 2,5 тысяч аб’ектаў).

Падчас пратэстаў 2020 года «Табакеркі» ўспрымаліся як адзін з сімвалаў рэжыму Лукашэнкі – людзі пакідалі на шапіках пратэставыя надпісы, а ў некаторых выпадках нават падпальвалі іх. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Дзеля тытунёвай вытворчасці Алексіна ўлады нават змянялі адміністратыўныя межы Менску. Са жніўня 2018 года «Энерга-Оіл» стала эксклюзіўным дыстрыбутарам прадукцыі Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» Алігарху таксама дазволілі імпартаваць цыгарэты L&M, Parliament, Marlboro, хаця раней такое права мела толькі прадпрыемства «Беларусьгандаль» Упраўлення справамі прэзідэнта.

Акрамя таго, Алексін, разам з Зайцавым і Вараб’ём, з’яўляецца суўладальнікам кампаніі «Брэміна Груп», якая займаецца развіццём прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Ворша». Праз непразрыстасць праекту і розныя прывілеі, атрыманыя ад дзяржавы, СМІ называюць гэты комплекс «аршанскім афшорам».

Паводле СМІ, Алексін можа быць звязаны з шэрагам незак онных бізнес-схемаў – у прыватнасці, з кантрабандай цыгарэтаў. У Літве Алексін кантраляваў некалькіх фірмаў, якія, як высветліла супольнае журналісцкае расследаванне «Белсата», Siena.lt і OCCRP, мелі яўныя прыкметы адмывання грошай. Напрыклад, у свой час у Вільні Алексін заснаваў кампанію ў паўразбураным будынку, а затым купіў праз яе кватэру, у якой зарэгістраваў яшчэ дзве фірмы. Кампаніі, якія нават не мелі супрацоўнікаў, менш чым за два гады правялі праз свае рахункі 46 мільёнаў еўра.

Сыны алігарха – Дзмітрый і Віталь Алексіны. Фота для калажу: alfoot.net і Дима Олексин / vk.com

Чакалася, што Алексін трапіць пад санкцыі яшчэ ў канцы 2020 года, але ў апошні момант ён быў выкраслены са спісу – па неафіцыйнай інфармацыі, на гэтым настаяла Латвія, дзе алігарх у тым ліку вядзе бізнес. Але Алексін усё роўна падрыхтаваўся да еўрапейскіх санкцыяў і ў студзені 2021 года перапісаў свае ключавыя актывы («Энерго-Оіл» і «Белтрансгаз») на сыноў – Віталя і Дзмітрыя.

Аляксандр Зайцаў

ФОТА: TUT.BY

У 2000-х Аляксандр Зайцаў быў «непрыкметным клеркам» у апараце Савету Міністраў, а таксама, паводле СМІ, працаваў памочнікам Віктара Лукашэнкі. А потым сышоў у камерцыйны сектар і за кароткі тэрмін стаў адным з самых уплывовых алігархаў краін. Зайцава лічаць асобаю, набліжанай да Віктара Лукашэнкі, які да 2021 года ўваходзіў у Савет бяспекі і быў памочнікам свайго бацькі ў справе нацыянальнай бяспекі. Іх кантакты выходзяць за межы выключна дзелавых пытанняў: напрыклад, калі футбольны клуб «Дынама-Берасце», якім валодае бізнесовец, выйграў чэмпіянат Беларусі, то на святочны банкет прыехаў асабіста Віктар Лукашэнка.

Фота: pressball.by

Бізнес Зайцава ледзь не з самага пачатку быў завязаны на ААЭ – ён рэзідэнт гэтай краіны з 2008 года. Ягоная кампанія «Sohra Overseas» пазіцыянуе сябе як асноўны пастаўляльнік цывільнай прадукцыі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў у краіны Персідскай затокі і Афрыку. Адным з самых вядомых бізнес-партнёраў Зайцава ў арабскім свеце з’яўляецца Таджэдзін Сэйф – чалавек, які называе цяперашняга прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку «дарагім сябрам» і «любімым братам».

Фота: INWEX Innovation Business Center / Facebook

Зайцаў таксама звязаны з праектамі ў абарончай сферы. Праз «Sohra Overseas» бізнесовец з’яўляецца саўладальнікам ААТ «Кідма тэк» (старая назва – «БСЗТ – Новыя тэхналогіі»). «Кідма тэк» выконвае своеасаблівую ролю «прадзюсара» ў беларускім ВПК і пазіцыянуецца як «дачка» дзяржаўнага прадпрыемства «Белспецзнештэхніка», што займаецца экспартам зброі і вайсковай тэхнікі. Як высветліла расследаванне «Белсата», абарончы бізнес Зайцава звязаны з некалькімі падазронымі кампаніямі ў Латвіі і Украіне, які больш падобныя да фірмаў-пракладак. Акрамя таго, бізнесовец значыцца сярод саўладальнікам украінскай фірмы «Sigma Technology», якая рэгулярна ўдзельнічае ў тэндарах Нацпаліцыі і займацца пастаўкамі цеплавізараў, прыладаў начнога бачання ды аксесуараў да стралковай зброі.

Зайцаў таксама мае актывы ў Літве, на Кіпры і Мальце. Літоўскі бізнес Зайцава (у прыватнасці, UAB «Sohra», якой ён валодае праз кіпрскую фірму Litenburgo Investments), паводле СМІ, мае яўныя прыкметы адмывання грошаў. На Мальце Зайцаў з’яўляецца саўладальнікам кампаніі Stork Alliance Holding Limited – разам з Мікалаем Вараб’ём, турэцкім бізнесоўцам Аллацінам Айкачам і таямнічай Еurope Consulting Group Inc, зарэгістраванай у Панаме.

Сергей Цяцерын

ФОТА З СЯМЕЙНАГА АЛЬБОМУ АЛЕНЫ ЖАЛНАРОВІЧ У 2014 ГОДЗЕ АПУБЛІКАВАЎ «TUT.BY»

Сяргей Цяцерын – старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі, чалавек, які ўваходзіць у бліжняе кола Лукашэнкі. Яго можна часта ўбачыць разам з Лукашэнкам на нефармальных мерапрыемствах.

У маладосці Цяцерын прафесійна займаўся спортам, быў чэмпіёнам БССР па тэнісу, выступаў на міжнародных спаборніцтвах. Потым перайшоў на трэнерскую працу.

Лукашэнка і Цяцерын на матчы Кубка Федэрацыі (справа). Фота: nn.by

Пазнаёміліся Цяцерын і Лукашэнка яшчэ ў 90-е, разам гулялі ў тэніс і ў хакей. У розныя часы Цяцерын быў намеснікам міністра спорту і турызм у, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

У 2012 годзе пасля сыходу з НАК заняўся бізнесам: ён заснавальнік і дырэктар холдынгу «БелГлобалСтарт». Кампаніі холдынгу займаюцца продажам мэблі і прадметаў інтэр’еру, валодаюць сеткай кінабараў, пастаўляе на беларускі рынак алкаголь і некаторыя прадукты харчавання.

ФОТА: BELTA

Як і іншыя набліжаныя да Лукашэнкі бізнесоўцы, Цяцерын рэгулярна атрымлівае розныя прэферэнцыі для свайго бізнесу. Напрыклад, у 2014 годзе падчас Чэмпіяната свету па хакею падкантрольная Цяцерыну кампанія была прызначана афіцыйным аператарам грамадскага харчавання. У 2015 годзе кампанія Цяцерына ўвайшла ў спіс спецыяльных імпартэраў алкагольнай прадукцыі.

Таксама Цяцерын мае актывы ў медыябізнесу – ён саўладальнік кампаніі «ТНТ-International», якая кіруе вяшчаннем расейскага тэлеканала ТНТ у Беларусі.

Аляксандр Шатроў

ФОТА: АЛЯКСАНДР ГЛЕБАЎ/PROBUSINESS.IO

Аляксандр Шатроў – кіраўнік IT-кампаніі «Synesis», якая займаецца распрацоўкай і дыстрыбуцыяй сістэмаў відэаназірання і аналітыкі. Створаная «Synesis» платформа для маніторынгу грамадскай бяспекі «Kipod» стала важным інструментаў спецслужбаў для ідэнтыфікацыі і пераследу пратэстоўцаў падчас падзеяў 2020 года. Праз гэта «Synesis» яшчэ ў 2020 годзе трапіў пад санкцыі Еўразвязу.

Сам Шатроў аспрэчваў усе абвінавачванні і нават падаў позву ў суд ЕЗ, каб санкцыі былі ануляваныя.

Цікава, што да нядаўняга часу амаль чвэрць ТАА «Сінэзіс» належыла кампаніі «Энерга-Оіл-Інвест» і жонцы галоўнага бенефіцыяра «Энерга-Оілу» – Іне Алексінай. Аднак пасля ўвядзенне санкцыяў ЕЗ усе 100 % кампаніі перайшлі ва ўласнасць Шатрова. Шатроў і Алексін таксама прымалі ўдзел у запуску сістэмы маніторынгу транзітных перавозак «БНГарант». Бізнес Шатрова засвяціўся і ў сумесных праектах з Упраўленнем справамі прэзідэнта – у прыватнасці яны распрацоўвалі праграмнае забеспячэнне для онлайн-латарэі BelBet.

Пры гэтым Шатроў, бадай, адзіны бізнесовец з санкцыйнага спісу, якога нельга назваць чалавекам, асабіста набліжаным да сям’і Лукашэнкі. Ён ніколі не з’яўляўся на публічных мерапрыемствах побач з Лукашэнкам або ягонымі сынамі. Пра іх асабістыя кантакты таксама нічога невядома.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках