26 красавiка 2024, Пятніца, 4:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хай уводзяць санкцыі, абы гэтая брыда сышла»

20
«Хай уводзяць санкцыі, абы гэтая брыда сышла»

Маналогі беларускіх жанчынаў пра жыццё ў краіне пры Лукашэнку.

Захоп самалёта Ryanair – прычына, з якой Беларусь апынулася на новым вітку міжнароднай ізаляцыі. Але калі свет толькі цяпер пачаў заўважаць, што адбываецца ў Беларусі, то яе жыхары жывуць ва ўнутранай акупацыі ўжо амаль год, з жнівеньскіх пратэстаў.

Некалькі самых звычайных, але пры гэтым вельмі асаблівых людзей, расказалі «МБХ медыя», з якімі думкамі і надзеямі ім жывецца на сваёй радзіме.

Імёны некаторых з нашых гераіняў змененыя ў мэтах іхняй бяспекі.

Ганна, кіраўніца ў прыватнай фірме, Гародня, 44 гады

– Такое адчуванне, што рэжым Лукашэнкі забраў у нас усё. Мы нейкія рабы. Летась, калі па ўсіх гарадах падымаліся людзі, была нейкая надзея, што мы зможам нешта памяняць. Але потым ружовыя акуляры спалі. Кветачкамі нічога не мяняецца, усё робіцца толькі горшым. Мяне двойчы забіралі, я сядзела.

Самы мой вялікі страх: па мяне прыйдуць. У горадзе ходзяць па дамах, прыходзяць з ператрусамі без усялякіх дакументаў, забіраюць усё з кватэры, грошы забіраюць. Ходзяць да тых, хто хоць неяк засвяціўся ў мінулым. Прыходзілі да маёй сяброўкі дзяцінства. Прыходзілі да мяне, я не адчыніла. Некалькі дзён я потым сядзела ў кватэры з выключаным святлом і выключаным тэлефонам. Проста запужваюць.

У гэтым пекле жыць немагчыма, мы гатовыя жыць на вадзе, хай уводзяць санкцыі, абы гэтая брыда сышла.

Я ніколі не цікавілася палітыкай, калі шчыра, а цяпер яна забірае ў мяне нервы і здароўе. Мае былыя супрацоўнікі кажуць, што за намі сочаць, кажуць, што мой тэлефон могуць праслухоўваць. Я ўжо не тэлефаную проста на нумар, толькі праз праграмы. Я ўвесь час азіраюся, часам нават дастаю сімкарту з тэлефона. У цэнтры горада панавешвалі камераў з сістэмай распазнання твару. Я ўвесь час гляджу ў дол, калі хаджу міма.

Але надзея ёсць, я гляджу і чытаю розных блогераў, нават раблю з сябрамі расклады таро, каб даведацца будучыню. Карты прадказваюць на лета, што Лукашэнка і ягоныя людзі сыдуць. Мне толькі вельмі хацелася б, каб ён адказаў перад законам, перад беларускім законам. Смяротнае пакаранне ў нас не скасавалі. І каб усіх суддзяў пасадзілі на столькі сама, на колькі яны саджаюць людзей.

Валянціна, прадавачка канцтавараў, Баранавічы, 36 гадоў

– Раней у нас у горадзе была добрая міліцыя, калі ў цябе скралі тэлефон ці машыну, то мы ведалі, што на іх можна спадзявацца. Мы сябравалі з гэтымі людзьмі, святкавалі вяселлі і дні народзінаў. Цяпер нейкія нагляднікі па вуліцах ходзяць. Цэнтр горада ўвесь час патрулююць, гэтыя людзі ўглядаюцца ў твары кожнаму, як быццам мы нейкія злачынцы і бандыты. Гэта ўжо не нашы сябры.

Людзі ў нас дружныя, але цяпер многія павыходзілі з суседскіх чатаў, народ запалохалі. А яшчэ не так даўно ўсе адно аднаму падказвалі, куды трэба хадзіць, а куды не трэба, каб крый Божа не нарвацца на патруль. Гэта хоць і было падобнае на нейкую гульню ў даганялкі, але жыць у такіх умовах цяжка. За гэтай гульнёй мы хавалі страх, усім страшна, што затрымаюць ні за што. У найлепшым выпадку пасядзіш некалькі дзён, а ў найгоршым – некалькі гадоў. Страху ў апошні час стала занадта шмат, людзі ўжо не выходзяць пратэставаць, усе баяцца за сябе і сваякоў.

Мы стараемся па-іншаму пярэчыць. Нядаўна мясцовая газета "Інтэкс" выпусціла інтэрв'ю з Ціханоўскім. І ў горадзе адразу пачалося, газеце забаранілі выдавацца, з крамаў пачалі адбіраць нумары, але некаторыя выпускі паспелі схаваць і ўсё роўна людзям раздавалі.

За ўсімі не ўсочыш, будзь тут хоць усё войска. Мы хоць і патроху, але падтрымліваем адно аднаго. Пакуль за гэта саджаць не пачалі.

На кухні вечарамі смяемся, вядома, з сябрамі, з таго, што гэты Таракан ужо зусім з глузду з'ехаў, спадзяемся, што скінуць яго свае ж ці людзі зноў прачнуцца, але смешна не заўсёды. Калі хто незнаёмы ў дзверы грукае, то адразу змаўкаеш і думаеш «абы пранесла». Мамка мая жартуе, што як у Саюзе ўжо запалохалі нас. Паляцець нікуды нельга, таксама як тады.

Святлана Малашэвіч, Менск, 48 гадоў

Пасля жнівеньскіх пратэстаў дачку Святланы 19-гадовую Соню Малашэвіч асудзілі на два гады калоніі за тое, што яна размалявала міліцэйскія шчыты балончыкам. Соня трымаюць за кратамі ўжо сем месяцаў.

– Падзеі лета 2020 года і наступныя перакрэслілі ўсе, што было да іх. Ні маё жыццё, ні жыццё маёй краіны больш ніколі не вернецца. Яны прайшліся па мне і чырвоным пункцірам падзялілі час на тое, калі мая дачка была на волі, і той даволі доўгі перыяд, калі яна арыштаваная. Гэта жыццём больш не назавеш. Гэта няспынныя эмацыйныя арэлі, гэта стан няспыннага чакання, невядомасці, трывогі.

Людзей у турмах абмяжоўваюць у атрыманні карэспандэнцыі, іхнія лісты не адсылаюць, няма магчымасці выпісаць часопісы, іх пазбаўляюць тэлефанаванняў, памяншаюць колькасць грошай на асабістых рахунках, каб яны не змаглі набыць усё, што ім трэба на патрэбу. Акрамя гэтага ёсць штрафы, карцары, ШІЗА. Гэта тое, што займае мае думкі і гэта малая частка інфармацыі, якая адлюстроўвае трагічную рэальнасць, што працякае ў турме. Цяпер я амаль нічога не ведаю пра сваю дачку.

Соня за апошнія два тыдні ўжо двойчы трапляла ў ШІЗА ў гомельскай калоніі №4, я не атрымліваю ад яе лістоў, адваката да яе не пускаюць. Кажуць, што яна неяк «няправільна сябе павяла» і за гэта апынулася ў такіх жудасных умовах. Там холадна, бетонныя падлогі, ніякай сувязі, паводле некаторай інфармацыі, няма нават пасцельнай бялізны. Калі даведваешся пра такое, то перажываеш чарговы шок. Жыццё выбівае цябе з каляіны, на нейкі час ты перастаеш функцыянаваць. Гэтая сітуацыя робіць цябе безабаронным, але ў ёй трэба сабрацца і выкарыстоўваць усе свае рэсурсы, каб падтрымаць свайго блізкага, маю дачку Соню.

Нядаўна я сабрала перадачку для дачкі, павезла яе ў Гомель і толькі там даведалася, што яе не прымуць, таму што Соня сябе «няправільна павяла». Сістэма перадачаў уладкаваная ў нас значна лепш, калі асуджаныя чакаюць адпраўкі ў калонію. Тады перадачы рэгулярныя – раз на тыдзень. У цябе ёсць магчымасць папоўніць нястачу рацыёну садавіной і іншымі прадуктамі. У рэжыме ж усё жорстка абмежавана – усяго 3-4 перадачы за год і дакладная колькасць кароткіх і доўгіх спатканняў з роднымі. У дадатак гэты мінімум можа быць зрэзаны за парушэнне рэжыму, і сваякам пра гэта ніхто не паведаміць.

На працы да маёй сітуацыі кіраўніцтва паставілася з разуменнем, калегі таксама дапамагалі, і гэта моцна мяне падтрымала ў свой час, калі Соня сядзела яшчэ ў Жодзіне і ў Менску. Я магла наведваць яе і два, і тры разы. Я думала, што калі яе перавядуць у калонію, і мне, і ёй стане псіхалагічна прасцей, усё ж неба над галавой лепшае за краты. Але рэальнасць аказалася жорсткай і забойнай.

Нейкая радасць, звязаная з звычайным вольным часам майго мінулага жыцця, святамі, не ўваходзіць у мае планы.

Сёлета ў мяне нават не было Новага года, таму што той год для мяне яшчэ не скончыўся. Я не разумею, як у стане вайны можна нешта святкаваць.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках