16 верасня 2021, Чацвер, 22:29
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонка Статкевіча: Мікалай у сваім сталым спакойным баявым настроі

2
Жонка Статкевіча: Мікалай у сваім сталым спакойным баявым настроі

Марына Адамовіч і Дар'я Лосік пракаментавалі пачатак судзілішча ў Гомелі.

У Гомелі ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд «крымінальнай справы» галоўных апанентаў дыктатара Лукашэнкі - Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча. З імі таксама судзяць палітвязняў Ігара Лосіка, Уладзіміра Цыгановіча, Дзмітрыя Папова і Арцёма Сакава.

Туды дапусцілі толькі адвакатаў і прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. Сваякі засталіся чакаць на вуліцы. «Наша Ніва» запісала іх уражанні ад пачатку працэсу.

Як і чакала жонка Статкевіча Марына Адамовіч, сваякам не дадуць прысутнічаць у судзе.

«Працэс закрыты, таму я паспрабавала дзейнічаць іншым спосабам - папрасіла Мікалая, каб ён заявіў мяне ў якасці абаронцы на судзе. Закон дазваляе аднаму з блізкіх сваякоў быць абаронцам - пастанова прымаецца на меркаванне суддзі. Сёння Мікалай павінен быў заявіць пра гэта».

Дзяржаўныя прэса і тэлевізія, хутчэй за ўсё, прысутнічалі там толькі да пачатку працэсу, бо потым усе яны выйшлі з СІЗА.

«Людзей на падыходах разганялі. Кожнага, хто проста вуліцай хацеў прайсці, разварочвалі людзі ў цывільным. Аднаго нашага таварыша, Аляксея Кірэева, затрымалі, завезлі ў РУУС, чакаем, што далей.

Я вельмі ўдзячная дыпламатам. Нягледзячы на амаль поўную безнадзейнасць, што іх могуць дапусціць, яны ўсё ж прыехалі, каб падтрымаць і сказаць, што Еўразвяз намагае на вызваленні палітвязняў і будзе за гэта змагацца», - дадала Марына.

Мужа яна бачыла сёння толькі на відэа дзяржаўных СМІ.

«Мяркуючы з іх, Мікалай у сваім сталым спакойным баявым настроі. Ён адразу павітаў, выгукнуў «Жыве Беларусь!» нягледзячы на тое, што там знаходзіліся людзі, якія відавочна не з'яўляюцца ягонымі прыхільнікамі. Мікалай трымаецца ўпэўнена, у мяне няма падставаў думаць, што ён нейкім чынам змяніўся сам, памяняў сваё стаўленне да таго, што адбываецца.

Я настроена насцярожана, крышачку злосна, бо колькі гэта можа прадаўжацца! Вы ж бачыце, што ідзе раскручванне спіралі, якая нагадвае 1930-я гады, калі машына павінна раскручвацца далей - ні дня без арышту, ні дня без судоў. Таму я назіраю за тым, што адбываецца, фіксую і раблю свае высновы».

Жонка Ігара Лосіка Дар'я таксама прыехала раніцай у Гомель.

«Калі я стаяла насупраць СІЗА і адвакатаў пачалі запускаць, падышоў мужчына ў цывільным і кажа: пакажыце тэлефон. Кажу: назавіцеся. Ён на магае: пакажыце тэлефон, тады назавуся. Пытаюся, навошта яму мой тэлефон. «Здымаць нельга, будзеце здымаць - мы вас забярэм». Кажу: дык забірайце проста цяпер», - распавяла яна.

Яна кажа, што дзяржаўныя СМІ спрабавалі ўзяць каментары ў яе і дыпламатаў, але яны ігнаравалі тэлевізійшчыкаў. Яна абураная, што на паседжанне не пусцілі сваякоў, але дазволілі зайсці прапагандыстам.

«Гэта двайныя стандарты. Калі суд закрыты, то ён закрыты для ўсіх. Гэта такі метад прадставіць сваіх апанентаў у дрэнным святле. Прадстаўнікі дзяржаўных СМІ могуць запісаць і нагаварыць што заўгодна, і падсудныя ім, натуральна, не адкажуць».

У аўторак, 22 чэрвеня, калі Ігара Лосіка наведваў адвакат, палітвязень быў у жудасным настроі.

«Чаму? Ігар заўсёды паўтарае: я вывучыў усе матэрыялы справы ад пачатку да канца і довадаў сваёй віны не знайшоў, таму мяне злуе і раздражняе, што я ўжо цэлы год знаходжуся за кратамі. Або рабіце адкрыты суд, або выпускайце».

Журналістка «СБ» Людміла Гладкая ўжо паспяшалася пажартаваць: «Лосік, адразу скажу, есць (гэта на той выпадак, калі ягоная жонка завядзе старую песню пра галадоўку)».

«Я бачыла відэа з ім, - кажа Дар'я. - І ён выдатна выглядае?! Так, ён есць, галадоўку не абвяшчаў. Але выглядае ён жудасна. Бледны, зялёны - я знервавалася.

Іх заводзяць, скруціўшы рукі за спіну, як асабліва небяспечных злачынцаў, якія забівалі, гвалтавалі і прадавалі наркотыкі. Гэта той жа метад абесчалавечвання апанента - вось, маўляў, паглядзіце: яны страшныя, небяспечныя, таму з імі гэта ўсё і адбываецца.

Гэта будзе судзілішча, фарс. Нічога добрага не чакаю. Мы ўсе бачым, якія прысуды выносяцца, - нават Віктару Бабарыку запыталі 15 гадоў. На мяккі прысуд я не разлічваю. Гэта будзе, хутчэй за ўсё, нешта накшталт паказальнай кары. На жаль, у мяне такія прагнозы».

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».