26 красавiка 2024, Пятніца, 10:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы скандал вакол БелАЭС: Лукашэнка майструе «брудную» бомбу?

62
Новы скандал вакол БелАЭС: Лукашэнка майструе «брудную» бомбу?

Вядомы фізік параіў звярнуцца ў міжнародныя структуры кантролю за ядзернай зброяй.

22 ліпеня на нарадзе з «Саветам Міністраў» Лукашэнка ўзняў пытанне ўтылізацыі і захоўвання радыеактыўных адкідаў і заявіў, што гэта – «найкаштоўнейшы прадукт».

Сайт Charter97.org спытаў расейскага фізіка-ядзерніка Андрэя Ажароўскага, наколькі «каштоўны» гэта прадукт:

– Калі б гэта быў каштоўны прадукт, то на яго быў бы попыт і рынак. За ўладанне такога прадукту спаборнічалі б людзі, як за прыродны газ або нафту. Адкіды не могуць быць каштоўным прадуктам. Праблема радыеактыўных адкідаў не развязаная. Калі гэтай эпатажнай заявай Лукашэнка хоча сказаць, што гатовы разглядаць радыеактыўныя адкіды як прадукт, а таксама завозіць яго, то гэта вельмі дрэнны сігнал.

Мы праходзілі гэта ў Расеі, калі ў пачатку 2000-х спрабавалі зрабіць Расею месцам завозу радыеактыўных адкідаў з Тайваня, Японіі, Паўднёвай Карэі. Нават заканадаўства краіны змянілі, каб дазволіць завоз аднаго з віду радыеактыўных адкідаў адпрацаванага ядзернага паліва. Дзякуючы пратэстам і міжнароднай кампаніі гэтага не адбылося, гэта значыць заканадаўства Расеі дазваляе завозіць гэты від адкідаў, але ніякія кантракты з іншымі краінамі не былі складзеныя.

Ёсць палітык Віктар Каранкевіч, які заявіў, што «сапраўды патрабуецца забяспечыць захоўванне радыеактыўных адкідаў». Хутчэй за ўсё, патрабуецца не толькі захоўванне, але і магільнікі, месцы сталага размяшчэння радыеактыўных адкідаў.

Я параіў бы сапраўды заняцца вывучэннем найлепшых тэхналогій, якіх няма, і прыняць пастанову, што вырабляць радыеактыўныя адкіды ў гэтай сітуацыі вельмі безадказныя паводзіны. Менавіта праз неразвязанасць праблемаў радыеактыўных адкідаў многія краіны прынялі пастанову пра адмову ад атамнай энэргетыкі. Для Нямеччыны гэта было адным з важных момантаў, вядома, пасля эканамічнай неэфектыўнасці, рызыкі радыеактыўных аварый і выбухаў рэактара.

Так што кіраўніцтву Беларусі трэба ўсведамляць маштаб праблемы, створанай іх жа рукамі. Бо калі працуе атамная станцыя, то яна вырабляе гэтыя адкіды штосекундна. Чым раней яны гэта зразумеюць, тым больш цвяроза будуць ацэньваць тое, што нарабілі, паддаўшыся ціску Расатама і пагадзіўшыся пабудаваць непатрэбную для эканомікі краіны дарагую і небяспечную атамную станцыю.

– Дыктатар запатрабаваў стварыць сістэму захоўвання адкідаў БелАЭС на тэрыторыі Беларусі. Наколькі радыеактыўныя адкіды небяспечныя? Якія праблемы могуць з’явіцца ў будучага пакалення праз «радыемагільнікі» на тэрыторыі краіны?

– Існуюць дзясяткі відаў і тыпаў радыеактыўных адкідаў. Тут гаворка ідзе пра цвёрдыя радыеактыўныя адкідаў. У кароткатэрміновай перспектыве, калі адкіды знаходзяцца ў кантэйнерах, у спецыяльных сховішчах, то небяспекі яны не маюць. Яны будуць мець небяспеку ў доўгатэрміновай перспектыве, паколькі інжынерныя збудаванні не дазваляюць пры існых тэхналогіях надзейна ізаляваць ад навакольнага асяроддзя небяспечныя рэчывы на ўвесь тэрмін.

Я магу прывесці расейскія прыклады, праекты пахавання радыеактыўных адкідаў сталага размяшчэння. Новыя праекты, якія цяпер збіраюцца будаваць – сумна вядомы камбінат «Маяк», «Северскі», на іншых прадпрыемствах Расатама. У афіцыйных дакументах напісана, што бетонныя канструкцыі могуць пачаць працякаць ужо праз 100 гадоў пасля заканчэння іх запаўнення. Вядома, да гэтага моманту нейкія радыенукліды распадуцца, але, напрыклад, цэзій – канцэнтрацыя паменшыцца, але ўсё роўна будзе мець небяспеку.

Уласна кажучы, адразу згадаю, што гэта не толькі расейская ці беларуская праблема. Цяпер у свеце прыняты такі падыход, каб не будаваць месца сталага размяшчэння, а ў канструкцыі могільніка закласці інжынерныя ідэі, якія дазваляюць будучаму пакаленню выняць небяспечныя рэчывы, калі з'явяцца новыя тэхналогіі, калі нешта пойдзе не так. Гэта азначае, што будучае пакаленне будзе вымушанае разбірацца нейкім чынам з гэтай праблемай.

Паўтару, асноўная праблема радыеактыўных адкідаў – доўгатэрміновасць. Іх колькасць будзе расці з кожным днём працы атамнай станцыі, і велізарная колькасць кантэйнераў, бетонных збудаванняў будзе прыходзіць у непрыдатнасць.

Я ведаю, што ў нас у Расеі ёсць мноства могільнікаў, якія працякаюць, напрыклад могільнік першай атамнай станцыі. Ён быў затоплены вадой, і радыеактыўныя рэчывы вымываліся і вымываюцца ў навакольнае асяроддзе. Могільнікі цякуць – гэта глабальная праблема.

– Лукашэнка таксама заявіў, што будзе выкарыстоўваць у абаронным комплексе «ядзерныя адкіды, атрыманыя ў працэсе эксплуатацыі крыніцаў іанізоўнага выпраменьвання». Ці азначае гэта, што беларускія ўлады хочуць стварыць ядзерную зброю?

– Можна, я не буду каментаваць заявы Аляксандра Лукашэнкі пра ваеннае выкарыстанне мірнага атаму? Мы казалі, у «Беларускай антыядзернай кампаніі», што, на жаль, у такіх умовах не выключаецца, што атамная энэргетыка будзе выкарыстаная як трамплін для ваенных мэтаў. Неабавязкова класічная атамная бомба, можа быць і брудная. Мне здаецца, што гэтую заяву варта паслаць у Арганізацыю забароны ядзернай зброі. Няхай яны дадуць палітычную ацэнку.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках