12 траўня 2026, aўторак, 6:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першы выпадак за апошнія 10 гадоў: Расея адмовілася падаўжаць візу журналістцы BBC Сары Рэйнсфорд

11
Першы выпадак за апошнія 10 гадоў: Расея адмовілася падаўжаць візу журналістцы BBC Сары Рэйнсфорд

Яна 9 жніўня задала пытанні Лукашэнку пра санкцыі і страты легітымнасці.

У Расеі адмовіліся падаўжаць візу журналістцы - карэспандэнтцы маскоўскага бюро BBC Сары Рэйнсфорд. Яна павінна пакінуць РФ да 31 жніўня, паведамляе «Настоящее время» са спасылкай на Bloomberg.

У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Россия 24» паказалі паведамленне тэлеграм-канала «Дипломатический источник» ад 11 жніўня, дзе гаварылася, што такія захады прынятыя «ў сувязі з адмовай у прадаўжэнні дзейных і выдачы новых віз расейскім карэспандэнтам, а таксама агульным дыскрымінацыйным становішчам прадстаўнікоў айчынных СМІ, якія працуюць у Вялікабрытаніі».

Затым вядоўца Антон Падкавенка, спасылаючыся на неназваныя крыніцы, сказаў, што «гэта знакавая высылка» і «не ў персоне нават справа», таму што Вялікабрытанія, з яго слоў, «у медыйным сэнсе перайшла ўсе «чырвоныя лініі».

Сара Рэйнсфорд працуе ў Расеі з пачатку двухтысячных, яна была адной з першых замежных карэспандэнтак, якія прыехалі ў Беслан асвятляць захоп закладнікаў у школе ў верасні 2004 года. Пасля гэтага яна працавала ў Стамбуле, Мадрыдзе і Гаване. Гэта першы выпадак за апошнія дзесяць гадоў, калі Расея высылае брытанскага журналіста.

Карэспандэнтка BBС 9 жніўня таксама брала ўдзел у вялікай прэс-канферэнцыі Лукашэнкі ў Менску. Яна, між іншым, задала пытанні пра рэпрэсіі, санкцыі і страту легітымнасці. На пытанне аб брытанскіх санкцыях Лукашэнка адказаў: «Ды падавіцеся вы гэтымі санкцыямі ў Вялікабрытаніі».

На пытанне Рэйнсфорд, ці не лічыць Лукашэнка, што пасля рэпрэсій у дачыненні да мірных грамадзян ён страціў легітымнасць, ён адчытаў брытанскую журналістку і заклікаў да адказу за ўсіх, хто «пакутуе ў турмах па «вашынгтонскай справе». Ён заявіў, што ніякіх катаванняў затрыманых удзельнікаў пратэстаў не было і ўсё гэта выдумкі заходніх СМІ.

Дзясятага жніўня МЗС РФ паведаміла, што Расея ў адказ на персанальныя санкцыі Лондана ў дачыненні да расейскіх грамадзян закрывае ўезд у краіну шэрагу брытанскіх прадстаўнікоў, «шчыльна ўцягнутых у антырасейскую дзейнасць». Вялікабрытанія ў красавіку ўнесла ў санкцыйных спіс 14 расейскіх грамадзян, звязаных са справай загінулага ў маскоўскім СІЗА юрыста Сяргея Магніцкага і меркаваным крадзяжом $230 млн з расейскага бюджэту, якое ён расследаваў. Ім забаранілі прыязджаць у краіну і замарозілі іх актывы.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках