Чарнагорыя ў разгар турыстычнага сезона змяніла правілы ўезду ў краіну
- 21.08.2021, 10:05
- 3,736
Змены ўвойдуць у дзеянне 24 жніўня.
З 24 жніўня Чарнагорыя робіць больш жорсткімі правілы ўезду для замежнікаў з-за пагаршэння сітуацыі з каранавірусам. Пра гэта 20 жніўня паведаміў Інстытут грамадскага здароўя Чарнагорыі.
Грамадзяне Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Харватыі, Сербіі, Паўночнай Македоніі, Косава могуць уязджаць у Чарнагорыі па-ранейшаму без абмежаванняў.
Усе астатнія пры ўездзе ў Чарнагорыю павінны выканаць адную з наступных умоў:
даведку пра вакцынацыю (цалкам або першай дозай, Чарнагорыя прызнае і расейскую вакцыну «Спадарожнік»);
мець адмоўны вынік ПЦР-тэсту, зробленага не больш чым за 72 гадзіны;
мець адмоўны экспрэс-тэст, зроблены не больш чым за 48 гадзін;
падаць доказы таго, што турыст перахварэў на COVID-19, а з моманту атрымання першага станоўчага тэсту прайшло не больш за 180 дзён.
Дзеці да 5 гадоў уязджаюць без даведак.
Калі ў турыста не будзе ні аднаго з дакументаў, яго адправяць на двухтыднёвую самаізаляцыю. Выйсці з самаізаляцыі можна пасля шостага дня знаходжання ў Чарнагорыі пры наяўнасці адмоўнага ПЦР-тэсту.
Узмоцненыя каранцінныя абмежаванні будуць дзейнічаць прынамсі да 10 верасня.
Нагадаем, у красавіку Чарнагорыя скасавала для беларусаў (а таксама расейцаў і ўкраінцаў) усе абмежаванні на ўезд у краіну.