У Беларусі пазыкі перад скарбніцай пабілі гістарычны рэкорд
1- 21.08.2021, 10:29
- 6,804
За паўгода сума запазычанасці «флагманаў» павялічылася на 19,1%.
Флагманскія прадпрыемствы падалі інфармацыю аб запазычанасці ў падатках, зборах, сацыяльнаму страхаванню і забеспячэнню. Рахунак пайшоў на мільярды рублёў, пішуць banki24.by.
Крэдыторская запазычанасць - гэта запазычанасць за разлікі з пастаўшчыкамі і выканаўцамі за матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя працы і паслугі, за атрыманыя авансы, з даччынымі арганізацыямі, персаналам у аплаце працы, бюджэтам і пазабюджэтнымі фондамі, іншымі крэдыторамі.
Як бачна, паводле прынятай у Беларусі методыкі бывае некалькі відаў крэдыторскай запазычанасці. Адным з іх выступае крэдыторская запазычанасць у падатках, зборах і сацстрахаванні.
На штомесячнай аснове аб суме запазычанасці даюць справаздачу буйныя і сярэднія прадпрыемствы ў рэальным сектары. Гэтыя прадпрыемствы ва ўжытку называюць флагманамі беларускай эканомікі.
На 1 ліпеня 2021 года крэдыторская запазычанасць перад дзяржаўнай скарбніцай дасягнула 4,370 млрд BYN. Гэта максімальная сума завінавачанасці флагманаў за ўвесь час вядзення статыстыкі паводле бягучай методыкі. Папярэдні максімум адзначаўся на 1 красавіка і быў роўны 4,310 млрд BYN.
Такім чынам, мінулы рэкорд пратрымаўся ўсяго 3 месяцы. У жніўні-верасні абнаўлення рэкорду з высокай імавернасцю не будзе, бо на ліпень прыходзіцца перыяд выплаты квартальных падаткаў.
Пасля квартальных падаткаў запазычанасць флагманаў перад скарбніцай як правіла істотна зніжаецца. 12 жніўня міністр фінансаў Юрый Селіверстаў паведаміў, што па выніках 7 месяцаў дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту склаў амаль 300 млн BYN пры планавым дэфіцыце 2 млрд BYN.
Відавочна, скарачэнне дэфіцыту абумоўлена квартальнымі падаткамі, а значыць і крэдыторская запазычанасць флагманаў перад скарбніцай знізілася.
За паўгода сума крэдыторскай запазычанасці флагманаў перад скарбніцай павялічылася на 19,1%.
Завінавачанасць за падаткі, зборы і сацстрахаванне расла самымі хуткімі тэмпамі ў Менскай вобласці - на 62,2% да 911,9 млн BYN. Найбуйнейшую суму запазычанасці перад скарбніцай назапасілі флагманы Менска - 1,475 млрд BYN на 1 ліпеня.
У абласцях (акрамя Менскай) сумы запазычанасці былі наступнымі: Берасцейская - 347,4 млн BYN, Віцебская - 364,3 млн BYN, Гомельская - 572,3 млн BYN, Гарадзенская - 452,2 млн BYN, Магілёўская - 247,3 млн BYN . Сярод відаў дзейнасці звыш паловы запазычанасці перад скарбніцай фармавалі флагманы прамысловасці - 2,213 млрд BYN на справаздачную дату.
З 1 студзеня да 1 ліпеня аб'ём запазычанасці ў прамысловасці вырас на 24,5%. У сельскай гаспадарцы запазычанасць склала 184,6 млн BYN, у будаўніцтве - 309,2 млн BYN, у аптовым гандлі - 182,5 млн BYN, у раздробным гандлі - 533,6 млн BYN, на транспарце - 312,1 млн BYN.