Як адрозніваюцца цэны на сезонную гародніну ў Менску і рэгіёнах
- 21.08.2021, 16:13
- 3,818
Менскія прадаўцы адзначаюць, што летась цэны на некаторую гародніну былі значна ніжэйшыя.
Цэны практычна на ўсю сезонную гародніну на рынках сталіцы і правінцыі адрозніваюцца. Пакупнік сталіцы прынясе дадому пакупак удвая менш, чым пінчук, выдаткаваўшы аднолькавую колькасць грошай, піша сайт «Медиа-Полесье».
Пінскія агуркі, на прылаўках Камароўкі каштуюць даражэй, чым на сваёй радзіме. Кілаграм ацанілі ў два рублі, цана па рынку можа вар'іравацца. У сталіцы Палесся агуркі аддаюць па цане блізу рубля ў залежнасці ад свежасці або памеру.
З памідорамі гісторыя прыкладна такая ж. У Пінску цана на таматы стартуе ад 70 капеек, большасць прадаюць па рублю. У Менску - ад рубля і васьмідзесяці капеек да двух.
Буйная бульба: у Пінску па рублю, там па паўтара. Розніца ў цане на моркву і рэпчатую цыбулю ў два разы: у Пінску прадаюць па паўтара рубля, у Менску цана падымаецца да двух з паловай рублёў.
Кабачкі ў Пінску ад 50 капеек да рубля, у Менску па паўтара рубля. Цана на перцы на правінцыйным рынку пачынаецца ад двух рублёў за невялікія, два і пяцьдзесят капеек за перцы стандартнага памеру. У сталіцы - тры рублі і пяцьдзесят капеек.
Кукуруза пяціхвілінка правінцыялу абыдзецца ў тры рублі за кілаграм. Сталічнаму жыхару танней на 50 капеек, але яшчэ нядаўна цана трымалася на ўзроўні пяці рублёў.
Пінскія бабулі прадаюць зеляніну па 50 капеек за пучок. Сваю працу сталічныя пенсіянеркі ацанілі ўдвая, а то і ўтрая даражэй. На прылаўках зеляніна каштуе ад двух рублёў, але выбар значна лепшы: і кінза, і тархун, і рукала.
Буякі з Берасцейскай вобласці на Камароўцы прадаюць за 10 рублёў кілаграм. У Пінску мясцовую ягаду ацанілі ў 7 рублёў. Кавуны і дыні на сталічным рынку каштуюць па два рублі за кілаграм. У Пінску па паўтара, можна знайсці і па рублю.
Цікава назіраць, як у Менску аграмаркетынг сышоў далёка наперад. На цэнніках ёсць нават ацэнкі і рэкамендацыі па ўжыванні. Агуркі некаторыя прадаўцы дзеляць на звычайныя салатныя і дужыя, хрумсткія для кансервацыі. Кавун - «Цукровы! Саспелы! Салодкі!». Што ні абрыкос, нектарын, персік, то ўсё «як мёд».
Сталічныя прадаўцы таксама адзначылі, што летась цэны на некаторую гародніну былі ніжэйшымі. Напрыклад, морква і буракі каштавалі ўдвая танней.