26 красавiка 2024, Пятніца, 18:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр вядомы польскі гісторык, палітолаг, публіцыст Ежы Таргальскі

4
Памёр вядомы польскі гісторык, палітолаг, публіцыст Ежы Таргальскі

Ён выкладаў у рамках праграмы Каліноўскага для беларускіх студэнтаў.

19 верасня 2021 года памёр Ежы Таргальскі (Jerzy Targalski) - гісторык, доктар гуманітарных навук, палітолаг, публіцыст, каментатар і дзеяч апазіцыі часоў Польскай Народнай Рэспублікі, паведамляе «Польскае радыё».

Ён таксама выкладаў у рамках праграмы Каліноўскага для беларускіх студэнтаў, у тым ліку для рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў старэйшага пакалення ў 2011-2015 гадах.

У 2020 годзе ён быў узнагароджаны Крыжом свабоды і салідарнасці і Камандорскім крыжам Ордэна адраджэння Польшчы. Ён быў сталым каментатарам «Польскага радыё 24».

Навукова Ежы Таргальскі займаўся пытаннямі сістэмных пераўтварэнняў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ў канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў, асабліва роляй, якую адыгрываюць у гэтых пераўтварэннях спецслужбы. Ён неаднаразова звяртаў увагу на пагрозы, звязаныя з празмернай роляй супрацоўнікаў Службы бяспекі і Службы ваеннай інфармацыі і іх сакрэтных супрацоўнікаў у палітычным і эканамічным жыцці Польшчы пасля палітычных пераўтварэнняў у 1989 годзе.

Ён быў прыхільнікам люстрацыі і дэкамунізацыі.

З 1976 году ён супрацоўнічаў з Камітэтам абароны працоўных, удзельнічаў у зборы сродкаў для рэпрэсаваных, распаўсюджваў незалежныя часопісы, з 1977 года супрацоўнічаў з выданнем «Głos» і выдавецтвам «Krąg». Удзельнічаў у заснаванні выданняў «Niepodległość» і «Obóz». Пісаў пад псеўданімам Юзэф Дарскі.

Пасля ўвядзення ваеннага становішча ён хаваўся і да 1983 года дзейнічаў у падполлі. Потым, да 1997 года, ён жыў у эміграцыі ў Францыі. Супрацоўнічаў з выданнем «Кантакт» і «Парыжскай культурай».

У 1987-1988 гадах быў супрацоўнікам польскай службы «Радыё Свабодная Еўропа», для якой пісаў праграмы «У нашых суседзяў». З 1978 да 1989 год знаходзіўся пад наглядам Службы бяспекі. Пасля вяртання з эміграцыі, у 1998-2000 гадах, быў дырэктарам і галоўным рэдактарам PAI-Press, а ў перыяд 2000-2001 - дырэктарам PAI-Internet.

Ежы Таргальскі быў аўтарам вядомай серыі кніг: «наменклатурныя дзеці» («Resortowe Dzieci») аб спадчыне камуністычных часоў, якая пранізвае грамадскую структуру сённяшняга жыцця; выкладчыкам Варшаўскага ўніверсітэта, чальцом праўлення «Польскага радыё».

У 2006-2009 гадах быў чальцом праўлення «Польскага радыё», дырэктарам «Польскага радыё для замежжа». Ён супрацоўнічаў з выданнем «Gazeta Polska» і быў частым госцем на тэлевізіі «Рэспубліка» і каментатарам TVP Info. Акрамя таго, ён праводзіў заняткі на Факультэце ўсходнееўрапейскіх даследаванняў у Варшаўскім універсітэце. Ён быў сузаснавальнікам інтэрнэт-партала ABCnet і фонду «Арыентацыя».

Разам з суаўтарамі выдання «Наменклатурныя дзеці. Службы» ў 2015 годзе Ежы Таргальскі атрымаў галоўную прэмію за свабоду слова, якую прысуджае Асацыяцыя польскіх журналістаў.

Акрамя сваёй грамадскай і навуковай дзейнасці, Ежы Таргальскі быў вядомы бязмежнай любоўю да катоў. Ён меў адразу некалькі котак, якія нярэдка з'яўляліся ў тэлеэфірах з удзелам свайго гаспадара.

Сайт Charter97.org выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім вялікага сына польскага народа Ежы Таргальскага.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках