26 красавiка 2024, Пятніца, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі выраслі складскія запасы

4
У Беларусі выраслі складскія запасы

Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці вылічаюцца мільярдамі.

Статорганы абнавілі інфармацыю пра ўзровень складскіх запасаў у прамысловасці. Аб'ёмы нераспрададзеных тавараў у краіне большыя, чым год таму, піша сайт banki24.by.

На стан 1 верасня запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці дасягнулі 5,254 млрд BYN. Гэта больш, чым на тую ж дату ў 2020 годзе. Тады на складах ляжала прадукцыя на суму 5,210 млрд BYN.

Прамысловая вытворчасць у жніўні 2021-га вырасла да 2020 года на 3,7%. Гэта прыкметна менш, чым адзначалася ў 1-2 кварталах гэтага года. У першай палове 2021-га выпуск у прамысловасці ў залежнасці ад месяца рос на 7–16%. У наяўнасці тармажэнне дынамікі ў галіне.

Раней мы пісалі, што падзенне індэксаў у прамысловасці пачалося яшчэ ў чэрвені. Запаволенне прадоўжылася паводле вынікаў ліпеня: у той месяц прамысловы выпуск вырас толькі на 2,7%.

У Менску прамысловая вытворчасць за жнівень павялічылася ўсяго на 0,6% да 2020 года. Пры гэтым на 1 верасня ў сталіцы ўзровень складскіх запасаў прамысловасці склаў 1,129 млрд BYN. Летась на тую ж дату запасы былі вышэйшыя – 1,312 млрд BYN.

У Берасцейскай вобласці вытворчасць прамысловай прадукцыі ў жніўні вырасла на 1,4%. Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці рэгіёну склалі 586 млн BYN. Год таму на складах ляжалі тавары на меншую суму – 538,5 млн BYN.

У Віцебскай вобласці прамысловы выпуск павялічыўся за жнівень на 6,7%. Гэта звязана з нізкай базай параўнання з 2020 годам – тады вытворчасць упала больш чым на 11%. Запасы гатовай прадукцыі на Віцебшчыне дасягнулі 605 млн BYN, што вышэй за ўзровень 2020 года (554,2 млн BYN).

У Гомельскай вобласці прамысловая вытворчасць вырасла ў жніўні на 4,3%. Складскія запасы ў рэгіёне на 1 верасня склалі 515,3 млн BYN. Год таму на складах ляжаў меншы аб’ём тавараў – 432,1 млн BYN.

У Гарадзенскай вобласці вытворчасць у прамысловасці за жнівень вырасла на 2,7%. За актуальны год (12 месяцаў) гарадзенскі рэгіён таксама нарасціў запасы гатовай прадукцыі – 692,8 супраць 645,5 млн BYN.

У Менскай вобласці выпуск прамысловасці вырас у канцы лета на 1,2%. Пры гэтым вытворчасць слаба павялічылася да нізкай базы жніўня 2020 года, калі выпуск знізіўся да 2019-га. Складскія запасы крыху выраслі за актуальны год – 1,305 супраць 1,303 млрд BYN.

У Магілёўскай вобласці прамысловая вытворчасць у жніўні паднялася на 4,1%. Узровень складскіх запасаў на 1 верасня трохі ўпаў да мінулага года – 420,2 супраць 424,2 млн BYN.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках