26 красавiка 2024, Пятніца, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністр унутраных спраў Польшчы: Беларускія сілавікі цэляць у польскіх памежнікаў

20
Міністр унутраных спраў Польшчы: Беларускія сілавікі цэляць у польскіх памежнікаў

Марыюш Камінскі распавёў пра правакацыі лукашыстаў на мяжы.

Сярод мігрантаў, якія незаконна перасеклі польска-беларускую мяжу, ёсць тыя, хто можа быць звязаны з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Такую інфармацыю агучылі на прэс-канферэнцыі 27 верасня ў Варшаве. У ёй удзельнічалі міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак, міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Камінскі, прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын і начальнік памежнай службы генерал-маёр Томаш Прага, паведамляе zerkalo.io.

- Сітуацыя [на мяжы] вельмі напружаная, даходзіць да правакацыйных інцыдэнтаў з удзелам супрацоўнікаў беларускіх сілавых структур і да спроб масавага парушэння цэласнасці нашай мяжы - распавёў Марыюш Камінскі. - Цяпер мы не кажам пра асобныя перасоўванні ўцекачоў, а пра выкліканую палітычнымі рашэннямі, масавую нелегальную міграцыю. Людзям, якія спрабуюць перайсці праз мяжу, нічога не пагражае ў Беларусі. Яны там знаходзяцца легальна яны, можна сказаць, запрошаны туды рэжымам Лукашэнкі і выкарыстоўваюцца ім як зброя з палітычных матываў.

Камінскі распавёў, што кожнага затрыманага мігранта правяраюць адпаведныя службы. Ужо верыфікавалі некалькі сотняў чалавек. Праца ўскладняецца тым, што ў многіх мігрантаў няма ніякіх дакументаў.

- Са жніўня намі было зафіксавана больш за 9 тысяч спроб незаконна перасекчы мяжу. 8,2 тысячы былі паспяхова перарваныя ў памежнай паласе. Затрымана амаль 1,2 тысячы мігрантаў. Многія з іх не маюць ніякіх дакументаў або маюць падробленыя. Службы высвятляюць іх сапраўдную асобу і тое, ці не нясуць яны пагрозы для нашай краіны, - дадаў Камінскі.

Таксама на мяжы было затрымана 144 чалавекі, якія падазраюцца ў дапамаганні нелегальнага пераходу праз мяжу. Паводле пададзеных звестак, 25% ад правераных асоб маюць «небяспечныя» сувязі і ўдзельнічаюць у «незаконных» справах.

Пра сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі і крыміналам

Паводле звестак польскіх службаў, кожны дзясяты апытаны мігрант можа мець сувязі з «тэрарыстычнымі арганізацыямі, крымінальнымі злачынствамі, а таксама кантрабандай людзей». У некаторых з затрыманых ёсць вайсковы досвед, адна пятая апытаных мігрантаў маюць сувязі з тэрыторыяй Расейскай Федэрацыі. У якасці доказу былі паказаны скрыншоты з тэлефонаў затрыманых з фотаздымкамі маскоўскага метро, краявідаў Масквы і Санкт-Пецярбурга.

Некаторыя мігранты хавалі гэтую і і іншую «няёмкую інфармацыю» падчас допытаў, прагучала на прэс-канферэнцыі.

Прывялі прыклад. Адзін з затрыманых мігрантаў - грамадзянін Ірака - у тэлефоне захоўваў звесткі і вёў перапіску са спецыялістам падрыўной справы і ўзбраенню, які ў сваю чаргу быў звязаны з «Ісламскай дзяржавай».

Таксама на адным з міграцыйных маршрутаў польскія вайскоўцы знайшлі SD-мапу са здымкамі.

- Пакуль высвятляецца, хто можа быць уладальнікам гэтага носьбіта звестак, але ўжо вядома, што на гэтай мапе ёсць шэраг фотаздымкаў, на якіх адлюстравана сустрэча розных тэрарыстычных груп, - паведаміў Станіслаў Жарын.

Таксама ён распавёў, што сярод фатаграфій былі здымкі і грамадзяніна Ірака, у бронекамізэльцы і з пісталетам.

- Першапачатковая інфармацыя ад спецслужбаў паказвае на тое, што гэты чалавек мог быць актывістам у нефармальных узброеных фармаваннях, - дадаў ён.

Некаторыя з затрыманых мігрантаў, як высветлілі польскія спецслужбы, звязаныя з афганскім войскам і маюць досвед прымянення зброі, некаторыя валодаюць навыкамі падробкі дакументаў.

У тэлефонах некаторых затрыманых мігрантаў таксама былі выяўленыя фатаграфіі, якія могуць паказваць на «педафілію і заафілію».

- Казаць такое не паліткарэктна, але мы ставім бяспеку нашай краіны вышэй за ўсё, таму падаем гэтыя матэрыялы, якія паказваюць, што тыя, хто штурмуюць нашы межы, маюць кантакты з тэрарыстычнымі групоўкамі і нясуць пагрозу для Польшчы. Яны нясуць пагрозу для ЕЗ, таму што польская мяжа - гэта мяжа ЕЗ, - адзначыў Марыюш Блашчак.

Пра «правакацыі беларускіх сілавікоў» і метадон для дзяцей

На заяву польскага боку, беларусы даюць мігрантам невядомыя субстанцыі і таблеткі, пераконваючы, што гэтыя сродкі дапамогуць пры перасячэнні мяжы. Адзін з мігрантаў, цела якога было знойдзена на тэрыторыі Польшчы, мог прымаць такія таблеткі. У Літве ў бальніцу трапіла дзіця, якое атруцілася такой таблеткай. Высветлілася, што гэта быў метадон.

Палякі кажуць, што гэтую інфармацыю пацвярджаюць і літоўскія калегі.

Са слоў Станіслава Жарына, 22 ліпеня літоўскія памежнікі затрымалі каля Друскіненкая 15 чалавек іракцаў. Сярод іх было двое дзяцей - шасці і паўтары гадоў. Мігранты паскардзіліся памежнікам, што не могуць абудзіць дзяцей, а яшчэ распавялі, што адзін з беларускіх памежнікаў даў для дзяцей па дзве нейкія таблеткі, каб яны не плакалі падчас пераходу мяжы. Дзяцей шпіталізавалі і тым самым ім выратавалі жыццё - высветлілася, што гэта быў метадон.

Марыюш Камінскі распавёў, што польскіх вайскоўцаў спрабуюць правакаваць.

- Калі беларускі салдат цэліцца ў нашага салдата з аўтамата, перазараджаючы яго, наш можа падумаць, што зараз раздасца стрэл. Пакуль гэтага не здарылася. [...] У салдат, якія ўсталёўваюць загароды на мяжы, кідаюць петарды, пакідаюць падазроныя пакеты. Калі беларускі салдат, які зрабіў гэта, хутка ўцякае, то можна выказаць здагадку, што адбудзецца выбух. З такімі сітуацыямі мы сутыкаемся кожны дзень.

Марыюш Камінскі заявіў, што парэкамендуе ўраду падоўжыць надзвычайнае становішча на мяжы яшчэ на 60 дзён.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках