26 красавiка 2024, Пятніца, 11:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканоміка Беларусі ўжо пачала захлынацца, а наперадзе – яшчэ санкцыі

Эканоміка Беларусі ўжо пачала захлынацца, а наперадзе – яшчэ санкцыі

У краіне – найменшы ў рэгіёне рост ВУП.

Апошні крызісны квартал, дзе яшчэ адчуваліся наступствы пандэміі – гэта I квартал 2021-га – статыстыка больш як паловы дзяржаваў яшчэ фіксавала мінусавы індэкс ВУП, піша «Інфабанк».

Такім чынам, сусветны кавіда-крызіс доўжыўся роўна 1 год – 4 кварталы, з II квартала 2020-га да I квартала 2021-га, і цяпер ужо ўсе краіны паказваюць прырост у эканоміцы, але некаторыя краіны – нават вельмі значны прырост.

Рэкардсмены прыросту – гэта: Грузія, Малдова і Чарнагорыя. Там квартальны індэкс ВУП (рэальны рост эканомікі ў II квартале 2021-га адносна II квартала 2021-га) блізкі, і нават вышэйшы за 20%, а ў Грузіі – увогуле амаль 30%.

Тройка краінаў, дзе эканоміка вырасла менш за ўсё – гэта Украіна, Кыргызстан і Беларусь.

Беларусь стала аўтсайдаркай рэйтынгу II квартала ў рэальным росце ВУП: у Беларусі ён – найменшы сярод 23 краінаў СНД і Новай Еўропы: +5,4% (папярэдні разліковы).

Такім чынам, яшчэ да санкцый, у Беларусі цяпер найгоршая ў рэгіёне дынаміка ВУП.

Але ёсць нюанс.

Трэба быць аб'ектыўным: такі значны плюсавы індэкс ВУП у II квартале 2021-га ва ўсіх краінах мае, перш за ўсё, чыста статыстычнае тлумачэнне, а менавіта: нізкую параўнальную базу, нават вельмі нізкую. Але не для Беларусі.

Бо роўна год таму, у II квартале 2020-га, з якім і ідзе статыстычнае параўнанне, было вельмі моцнае падзенне эканомікі ва ўсіх краінах у сусветны кавіда-крызіс.

І ў Беларусі падзенне ВУП было найменшым у рэгіёне: у Беларусі не ўводзілі лакдаўн, як гэта рабілі іншыя краіны ў кавіда-пандэмію, гэта прывяло да росту смяротнасці насельніцтва Беларусі, цяпер няма нават адпаведнай статыстыкі ў Белстата, яе перасталі публікаваць.

А найбольшае падзенне тады было ў Чарнагорыі, якая цяпер сярод лідараў прыросту.

І калі разлічыць ланцуговы квартальны індэкс ВУП II квартала за 2 гады (2021-ы да 2019-га), што дае магчымасць убачыць рост (падзенне) эканомікі адносна дакавіднага года, то можна ўбачыць, як на самай справе краіны прайшлі кавіда-крызіс.

І атрымалася, што эканоміка Беларусі ўсё ж вырасла – на 1,9% (ВУП II квартала 2021-га да ВУП II квартала 2019-га).

Але Грузія – лідарка росту ў крызісным II квартале 2020-га – засталася лідаркай і тут: ВУП II квартала вырас за 2 гады на 12,7%.

У тройцы лідараў рэальнага росту эканомікі яшчэ: Сербія і Эстонія.

Тройка аўтсайдараў – Чарнагорыя (пацярпелая больш за іншых ад скарачэння турызму ў лакдаўн), Украіна і Кыргызстан, чыя эканоміка ўпала больш за ўсіх за 2 гады.

Як выглядала падзенне ВУП у сусветны эканамічны кавіда-крызіс, і ягонае посткрызіснае аднаўленне – рост эканомікі, – можна ўбачыць на графіках квартальнага індэкса.

У Беларусі яшчэ да пандэміі быў нізкі рост ВУП. Затое падзенне ў сусветны кавіда-крызіс – невялікае праз адмову ад лакдаўну. Але і аднаўленне – вельмі павольнае.

У Латвіі падзенне ў кавіда-крызіс было найбольшае сярод краінаў Балтыі. Затое там цяпер – самы вялікі посткрызісны аднаўленчы рост.

У Літве эканоміка да кавіда-крызісу расла хутка. І падзенне ў крызіс там даволі невялікае, а аднаўленчы рост – вялікі. Таму за 2 гады ВУП там павялічыўся.

У Польшчы падзенне ВУП было зафіксаванае ўпершыню за ўсе гады постсацыялістычнага паслярэформавага яе развіцця. Але аднаўленне было большае за падзення.

У Расеі таксама посткрызісны аднаўленчы рост – большы за крызіснае падзенне. Шмат у чым гэта – вынік дынамікі сусветных коштаў нафты: у крызіс яны вельмі моцна ўпалі, а цяпер – ужо нават вышэйшыя, чым былі да крызісу.

Ва Украіне было найбольшае сярод краінаў-суседак Беларусі падзенне ВУП (II квартал 2020-га да II квартала 2019-га). Але аднаўленне было істотна меншым.

Але ў некаторых краінах падзенне было яшчэ большым. Асабліва ў паўднёвых дзяржавах СНД – Арменіі, Грузіі, Малдове.

Але і аднаўленне там – вельмі хуткае, асабліва ў Грузіі: кавіда-абмежаванні знятыя, і пайшоў струмень у самую дынамічную галіну – турыстычную.

Гадавы індэкс ВУП

За актуальны год, апошнія 4 кварталы (з III квартала 2020-га да II квартал 2021-га) – крыху больш, чым у палове краінаў нашага рэгіёну выйшаў плюсавы індэкс ВУП, у астатніх – застаўся пакуль мінусавы (да перыяду III квартал 2019-га – II квартал 2020-га).

Лідары рэгіёну ў велічыні індэкса гадавога ВУП – Славенія, Сербія, Эстонія.

Аўтсайдары – Чарнагорыя, Кыргызстан, Арменія.

Дынаміка актуальнага гадавога індэкса ВУП у асобных краінах – на графіках.

Беларусь, Латвія, Літва.

Польшча, Расея, Украіна.

Арменія, Грузія, Малдова.

Лідары і аўтсайдары рэгіёну ў росце эканомікі за 5 гадоў

Калі ж глядзець больш доўгі тэрмін, за апошнія 5 гадоў (за 20 кварталаў), то сярэдняе значэнне ўсіх актуальных гадавых індэксаў за ўвесь гэты час пакажа – як змяніўся за гэтыя 5 гадоў эканамічны стан краінаў.

І апынецца, што самыя хутка ў росце краіны апошніх 5 гадоў – усходнееўрапейскія з Новай Еўропы: Румынія, Польшча, Літва і Эстонія.

Менш за ўсё выраслі краіны – Чарнагорыя (праз наймацнейшае падзенне ў кавіда-крызіс, які спыніў галоўную галіну краіны – турыстычную), Беларусь і Расея.

А адзіная краіна, у якой за 5 гадоў рэальна скарацілася эканоміка – Азербайджан, самая залежная ў рэгіёне ад экспарту нафты і газу, і таму больш за ўсіх упалая ад нізкіх коштаў нафты ў крызіс.

Але кавіда-пандэмія ў Еўропе набліжаецца да заканчэння, кошты нафты выраслі да 3-гадовага максімуму. І, значыць, у «суседзяў» Беларусі ў «аўтсайдарстве» ў дынаміцы эканомікі за 5 гадоў – у Азербайджана, Чарнагорыі і Расеі – пойдзе ўздым ВУП.

Беларусі ж, наадварот, свеціць падзенне з пачаткам дзеяння санкцый. І калі нават яшчэ да санкцый дынаміка ВУП за 5 гадоў была адной з найгоршых у рэгіёне, то з санкцыямі Беларусь можа стаць абсалютнай аўтсайдаркай.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках