18 жнiўня 2022, Чацвер, 17:24
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто напраўду заплаціць за «прадуктовыя карткі» для беларусаў?

28
Хто напраўду заплаціць за «прадуктовыя карткі» для беларусаў?

Эканамістка раскрыла сутнасць хітрыкаў ўлады.

З 17 студзеня беларускія гандлёвыя сеткі пачалі продаж са зніжкай 10% некаторых сацыяльна значных тавараў для ўразлівых катэгорый насельніцтва. Акцыя працягнецца да 30 чэрвеня. Яна дзейнічае ў рамках пагаднення, падпісанага Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю з прадстаўнікамі 16 гандлёвых сетак.

Эканамістка Кацярына Барнукова распавяла "Філіну", што, на ейны погляд, выклікае пытанні ў ініцыятыве ўладаў.

- Праблема ў самім дызайне гэтай акцыі. Не ў тым, што яна такая кароткая, дзеянне можна падоўжыць. Рэч у тым, што дзяржава перакладае сваю сацыяльную функцыю на прыватныя прадпрыемствы. Абсалютна незразумела чаму. Не тое, каб у рытэйле нашым цяпер былі нейкія суперпрыбыткі. Наадварот, ён досыць нядобра сябе адчувае, - адзначыла экспэртка.

Яшчэ адзін момант - неэфектыўнасць самога падыходу, прапанаванага дзяржавай:

- Калі ты не сілкуешся тым, што прапанавана ў спісе, калі твая праблема ў чымсьці іншым, выходзіць, што ты не атрымліваеш гэтай сацыяльнай падтрымкі. З гэтага пункту гледжання, гэта не самы эфектыўны спосаб дапамагчы.

Заўсёды лепш даць людзям грашовую падтрымку, а не даць зніжку на нейкі тавар.

На думку Кацярыны Барнуковай, не ўсе ўразлівыя групы будуць ахопленыя падтрымкай у рамках распачатай акцыі. Зноў размова ідзе аб пенсіянерах, шматдзетных сем'ях і атрымальніках адраснай сацыяльнай дапамогі. Іншымі словамі, ахоплены тыя катэгорыі насельніцтва, якія і так атрымліваюць дапамогу дзяржавы.

- Так, гэта ўразлівыя катэгорыі. Гэта тыя людзі, якія выдаткоўваюць шмат грошай на харчаванне, для іх гэтыя зніжкі актуальныя. Але агулам, гэта не вычарпальны спіс уразлівых катэгорый насельніцтва.

У нас ёсць і працоўная беднасць. Мы ведаем, што сярод малазабяспечаных сем'яў адраснай сацыяльнай дапамогай ахоплены далёка не ўсе. А многія пенсіянеры, наадварот, не з'яўляюцца паводле беларускіх стандартаў малазабяспечанымі. Многія сем'і з дзецьмі, нават з адным ці двума, сем'і з адным з бацькоў, часцей з самотнай маці, не атрымаюць ніякай сацыяльнай падтрымкі праз гэты механізм.

Як гандлёвыя сеткі будуць кампенсаваць свой удзел у акцыі? Суразмоўніца "Філіна" не выключае, што ў выніку прадстаўнікі рытэйлу падвысяць кошты альбо на акцыйныя тавары, альбо на іншыя папулярныя пазіцыі: "У кожным выпадку, хтосьці за гэта будзе плаціць".

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».