26 красавiка 2024, Пятніца, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што цяпер адбываецца на міні-рынках у рэгіёнах?

Што цяпер адбываецца на міні-рынках у рэгіёнах?

Дробны гандаль патрапіў пад некалькі ўдараў.

Нягледзячы на адкрыццё двух буйных гандлёвых цэнтраў у Гародні, міні-рынкі яшчэ жывуць. Недзе ідзе жвавы гандаль, недзе, наадварот, зацішша. Журналісты "Вячэрняга Гродна" даведаліся, што адбываецца на гарадскіх міні-рынках і ці з'явяцца новыя.

Гандлёвыя цэнтры наступілі на пяткі

Росквіт гарадзенскіх міні-рынкаў прыйшоўся на дзевяностыя і нулявыя. Размешчаныя ў мікрараёнах, яны былі ідэальным месцам для набыткаў у выходны дзень. Узяць прадуктаў на тыдзень наперад, абнавіць гардэроб дарослым і дзецям, знайсці будматэрыялы, сустрэць даўніх сяброў, даведацца пра апошнія навіны – усё гэта пра міні-рынак. Доўгі час у асартыменце ў іх увогуле не было альтэрнатывы, саступалі яны толькі сваім буйнейшым субратам. Але да іх трэба было дабірацца, а міні-рынак – проста побач з домам.

Усё кардынальна змянілася ў 2008 годзе. У Гародні адкрыўся першы гіпермаркет на праспекце Касманаўтаў – "АЛМІ" (цяпер гэта "Карона"). Гарадзенцам прапанавалі набыць тое самае, толькі ў адной краме і з камфортам.

Чарговы ўдар па дробным гандлі прыйшоўся на 2014 год са з'яўленнем гандлёвага цэнтра OldCity. З адкрыццём у 2021-м комплексу Triniti стала зразумела: будучыня за гігантамі. Тым не менш ніводны міні-рынак не зачыніўся. Нават наадварот, з'явіўся новы.

"На кожны гандлёвы аб'ект ёсць свой пакупнік"

Як мяркуе дырэктар ЗАТ "ГроднаГандальСэрвіс" Уладзімір Сычэўскі, у чыім падпарадкаванні сем гарадзенскіх міні-рынкаў, яны застаюцца прывабнымі для пакупнікоў. Сёння ў іх 536 гандлёвых месцаў, з якіх пустуе ўсяго 15.

– На кожны гандлёвы аб'ект ёсць свой пакупнік. Вядома, не магу сказаць, што на нашых міні-рынках поўна моладзі, але людзей старэйшага веку прыходзіць шмат. Яны прывыклі да іх, бо звычка наведваць міні-рынкі фармавалася ў іх дзесяцігоддзямі, – адзначае Уладзімір Сычэўскі.

Акрамя таго, цяпер на ўсіх міні-рынках ЗАТ створаныя побытавыя выгоды – прыбіральні з гарачай вадой і мыйні.

– З'яўленне такіх "монстраў" гандлю, як Triniti або OldCity, вымусіла нас узмоцнена ўдасканальвацца. Мы прадоўжым шукаць варыянты, як палепшыць умовы працы і знаходжання на нашых міні-рынках, – дадаў кіраўнік.

Што з рынкам на Паповіча

Міні-рынак на вуліцы Паповіча, які належыць абутковай фабрыцы, некалькі гадоў таму збіраліся прадаць. Спачатку прасілі два мільёны рублёў, потым удвая менш, але пакупніка не знайшлося. Як расказалі ў адміністрацыі абутковай фабрыкі, аб'ект больш не прадаецца.

Тут па-ранейшаму можна набыць усё, пачынаючы ад садавіны з гароднінай і заканчваючы верхнім адзеннем. Ёсць касметыка, інвентар для лецішча, сантэхніка, рытуальныя тавары. З'явіўся пункт са свежым хлебам з тандыра.

Тэма нумар адзін размоваў у прылаўкаў – будаўніцтва невялікага гандлёвага цэнтра непадалёк. Яго павінны пачаць сёлета. Як мяркуецца, у ім размесціцца дыскаўнтар "Грошык". Навіна тутэйшых гандляроў не ўзрадавала.

– З аднаго боку гэта добра: пойдзе шмат народу, які і да нас будзе заходзіць. З іншага – калі атаварацца там, то што ім рабіць на рынку? – пытаецца адна з прадаўшчыцаў.

Паводле ейных словаў, гэты год пакуль не ўзрадаваў: многія тавары, асабліва садавіна, трапілі ў "санкцыйны" спіс, ім трэба шукаць замену. Пачынаючы з траўня прадаўцы прадуктаў харчавання павінны мець касы. Некаторыя прадпрымальнікі знайшлі выйсце: калі ў пакупніка няма гатоўкі, ён можа расплаціцца, паклаўшы патрэбную суму… на мабільны прадаўца.

"Самы тухлы ў горадзе"

Грандзіцкі рынак на вуліцы Горкага адным з першых з'явіўся ў Гародні. Аднак цяпер у разгар выхаднога дня пералічыць пакупнікоў тут можна было на пальцах адной рукі! Працавала толькі некалькі павільёнаў з садавіной і прысмакамі, з жаночымі шапачкамі і пальчаткамі, з продажам вянкоў. Часам ля намёта з яйкамі з Капцёўкі збіралася некалькі чалавек.

На "калгасных шэрагах", як называюць крамы для сельгасгандлю, стаяла самотная пенсіянерка. Прадаўшчыца з павільёна з садавіной і прысмакамі Юлія тут больш за дваццаць гадоў. Жанчына кажа, што летам народу больш, бо ў шэрагах многія прадаюць свежы ўраджай з градак.

– У нас "стары" раён, прыходзяць адны пенсіянеры. Наш рынак – "самы тухлы" у горадзе. Мінулай вясной насупраць мяне хлопец адкрыў пункт з гарачай гарбатай і кавай, але нядаўна зачыніўся. Вы думалі, з'яўленне Triniti і OldCity абышло нас бокам? – кажа жанчына.

Яна ўспамінае, што дзесяць гадоў таму міні-рынак хацелі выкупіць і пабудаваць на яго месцы ГЦ. Прадпрымальнікі збіралі подпісы супраць гэтага. Цяпер, прызнаецца, яна б сказала дзякуй таму, хто надумаў яго знесці.

З'явіцца новы міні-рынак

У лістападзе 2018 года ўрачыста адкрылі міні-рынак у маладым жылым раёне Альшанка. Сёння ён цалкам запоўнены арандатарамі.

Новы міні-рынак планавалі каля апошняга прыпынку аўтобусаў на Вішнеўцы-6. Сёння гаворкі пра гэта не ідзе, расказалі ў гарвыканкаме.

Паводле словаў намесніка "старшыні" гарвыканкама Андрэя Болтрыка, бачыцца неабходнасць у з'яўленні міні-рынку ў Грандзічах. Прапрацоўваюцца варыянты, дзе яго збудаваць. Потым надзел выставяць на аўкцыён і вызначаць фундатара.

Дарэчы, міні-рынак у Грандзічах стане дзясятым у горадзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках