Дзярждэп ЗША: Сем'і супрацоўнікаў пасольства ў Кіеве павінны пакінуць Украіну
3- 24.01.2022, 9:18
- 5,518
Неасноўныя супрацоўнікі пасольства таксама могуць вярнуцца дадому.
Дзярждэпартамент ЗША аддаў распараджэнне сем'ям амерыканцаў, якія працуюць у пасольстве ЗША ва Украіне, пакінуць краіну. Пра гэта стала вядома ў ноч на панядзелак, 24 студзеня. У якасці прычыны для іх ад'езду названа "захаванне пагрозы вайсковых дзеянняў Расеі", паведамляе "Нямецкая хваля".
Адзначаецца, што і не асноўныя супрацоўнікі пасольства могуць вылецець з Украіны ў ЗША за дзяржаўны рахунак. Акрамя таго, амерыканскае замежнапалітычнае ведамства рэкамендуе ўсім грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца ва Украіне, з'ехаць з краіны, выкарыстоўваючы даступныя тыпы транспарту.
ЗША рэкамендуюць не ездзіць ва Украіну
У спісе афіцыйных рэкамендацый для падарожжаў на сайце Дзярждэпартамента ЗША Украіна пераведзеная на самы строгі 4-ы чырвоны ўзровень - грамадзянам ЗША настойліва рэкамендуецца адмовіцца ад паездак ва Украіну "праз рост пагрозы расейскіх вайсковых дзеянняў і COVID-19".
«Выяўляйце падвышаную асцярожнасць ва Украіне праз магчымую крымінагенную абстаноўку і грамадскія беспарадкі», – таксама сказана ў рэкамендацыях. Раней, 22 студзеня, ЗША скасавалі планы эвакуацыі сем'яў дыпламатаў з Украіны.