26 красавiка 2024, Пятніца, 21:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Масква яшчэ доўга памятала дзіду Альгерда

5
Чаму Масква яшчэ доўга памятала дзіду Альгерда

Як князь Дзмітрый Данскі ледзь не страціў Маскоўскае княства.

Да вялікага князя Альгерда, які атрымаў у спадчыну землі літвінаў, паступалі не толькі пагрозы вайны з боку Лівонскага і Тэўтонскага ордэна. Саюз ВКЛ і Цвярскога княства не задавальняў маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча, які таксама спрабаваў не раз развязаць варожасць і напасці на тэрыторыю ВКЛ, піша litvin.pl.

Каб уціхамірыць маладога і неспрактыкаванага ў ваенных справах апанента, Альгерд не стаў чакаць, пакуль ягоныя зямлі апынуцца першымі пад ударам, таму раптоўна сабраў велізарнае войска і арганізаваў паход да маскоўскіх земляў. Князь ужыў такі ж тактычны ход, які не раз выручаў яго ў іншых бітвах і даваў перавагу. Гэта быў эфект нечаканасці. Князь Дзмітрый Данскі не змог прадбачыць, што сілы ворага прыбудуць з паўднёва-заходняга боку. Ён наіўна рыхтаваўся сустракаць літвінаў з паўночнага захаду.

Набліжаючыся да сцен горада, войска Альгерда вокамгненна разграміла атрады Маскоўскай раці і прасунулася наперад. 21 лістапада 1368 года ля берагоў ракі Траена дружыны ваяводы Івана Мініна былі амаль пагалоўна перабітыя пяхотай і конніцай Альгерда. Князь Дзмітрый паспяшаўся схавацца ў горадзе, сваёй нерашучасцю падарваўшы волю да перамогі сваіх войскаў. Спалоханы не на жарт Дзмітрый Данскі чакаў рашучага штурму свайго апошняга прытулку, сабраўшы вакол сябе нешматлікую ахову.

Восем дзён пакутаваў ад сумненняў Дзмітрый, разглядаючы са сцяны Крамля ліцвінскіх коннікаў. На зыходзе восьмага дня ён паслаў аднаго з баяраў з чалабітнай, у якой прасіў Альгерда аб міласці.

Летапісец піша, што ліцвінскі князь не праявіў жорсткасці і «любоў сваю над ім учыніў, з Масквы яго не здабываў ды мір з ім узяў». Высакароднае стаўленне да зрынутага ворага спарадзіла ў масквічоў надзею. Купцы ды баяры сталі збіраць залатыя і сярэбраныя ўпрыгажэнні, посуд для Альгерда. Затым скарбы паклалі ля намёта князя літвінаў, молячы аб выратаванні.

Са сведчанняў відавочцаў, Альгерд-пераможца заявіў амбасадару Дзмітрыя, разглядаючы шчодрыя дары маскавітаў: «Я хачу пад горадам Масквою дзіду сваю прыхіліць, і тую славу адчуць, што вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі Альгерд дзіду сваю пад Масквою прыхіліў!»

Потым Альгерд накіраваў свайго баявога каня да сцен Крамля і ягоная дзіда закранула цвярдыні. Развітваючыся з Дзмітрыем, ён таксама сказаў, калі верыць легендзе: «Памятай, што дзіда літоўская стаяла пад Масквой!»

Набліжаліся зімовыя халады, і маразы прымусілі князя Альгерда вярнуцца дадому. Жаўнерам патрэбная была правізія і цёплае адзенне. Аблога Масквы магла выявіцца паразай ці зацягнуцца на доўгія месяцы, таму ўладар літвінаў даў каманду войску не захопліваць горад, а тэрмінова пачаць зборы для адыходу дадому. Стомленае войска павінна было папоўніць свае шэрагі і цалкам аднавіць сілы.

Яшчэ адной прычынай адмовіцца ад планаў на заваёву маскоўскай сталіцы стаў той факт, што Дзмітрый Данскі выплачваў даніну татарам. Ён заручыўся падтрымкай ханаў Залатой Арды. Звязвацца з небяспечным і моцным праціўнікам, якім былі ў той час ардынцы, было б фатальнай памылкай. Вялікі князь літоўскі вызначыў не рызыкаваць сваімі людзьмі і новымі землямі, захопленымі неймавернай працай.

Узбагаціўшыся дарамі, атрыманымі ад жыхароў размешчаных у ваколіцах Масквы паселішчаў, літоўскае войска вярнулася назад у вобласці Вялікага Княства Літоўскага ўжо іншай дарогай. Тым самым Альгерд развязаў праблему забеспячэння свайго стомленага ад паходу на Маскву войска. Ягоныя воіны карысталіся правіянтам і фуражом, які яны адбіралі ў вёсках Дзмітрыя Данскога, які баязліва адседжваўся за сценамі Маскоўскай цытадэлі.

Паміж масквічамі і літвінамі пасля паходу Альгерда быў укладзены мір, змацаваны шлюбам брата вялікага князя Маскоўскага і дачкі Альгерда Алены.

Але мірныя дачыненні праіснавалі ненадоўга. Усяму віной была Цвер. Да 1372 года маскавіты зноў наважыліся прыбраць да рук зямлі цвярскога князя Міхаіла і той паслаў ганца па падмогу ў Вільню. Альгерд павінген быў стрымаць слова. І ліцвінскае войска зноў пайшло ў трэці маскоўскі паход.

І на гэты раз Дзмітрый Данскі ўхіліўся ад сутычкі. Аблога Масквы скончылася чарговым спусташэннем вёсак і замірэннем. Баяры зноў адкупіліся немалой сумай і каштоўнымі мяхамі. Альгерд прыняў водкуп і адвёў свае войскі назад у ліцвінскія землі, дзе патрабавалася адбіваць набегі лівонскіх рыцараў і іх клеўрэтаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках