24 красавiка 2024, Серада, 17:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру

53
Беларус Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру
АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ
ФОТА: СЯРГЕЙ ГРЫЦ

Лаўрэатамі таксама сталі расейская і ўкраінская праваабарончыя арганізацыі.

Беларускі праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Прэмія таксама прысуджаная расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» і ўкраінскай праваабарончай арганізацыі «Цэнтр грамадзянскіх свабодаў».

Палітвязень Алесь Бяляцкі з'яўляецца кіраўніком беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна».

14 ліпеня 2021 года Алеся Бяляцкага, а таксама ягоных паплечнікаў Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча арыштавалі паводле «крымінальнай справы», калі ў супрацоўнікаў «Вясны» па ўсёй Беларусі і ў галоўным офісе ў Менску прайшлі ператрусы. Палітвязень ужо больш за год знаходзіцца ў СІЗА.

Раней рэжым Лукашэнкі ўжо кідаў Алеся Бяляцкага за краты. 24 лістапада 2011 года праваабаронцу прысудзілі да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тады кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» правёў за кратамі 1050 дзён (амаль тры гады) і выйшаў на волю 21 чэрвеня 2014 года.

- Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Ён прысвяціў усё сваё жыццё справе дэмакратыі і міру ў сваёй краіне. Бяляцкі ў 1996 годзе стварыў праваабарончую арганізацыю «Вясна» ў 1996 годзе, у адказ на сумнеўныя змены ў Канстытуцыю, якія далі Лукашэнку дыктатарскія паўнамоцтвы, - заявіла прадстаўніца Нобелеўскага камітэта падчас прадстаўлення лаўрэатаў.

Нобелеўская прэмія - адна з найбольш прэстыжных міжнародных узнагарод. Яна прысуджаецца па пяці кірунках. Апроч садзейнічання ўстанаўленню міру ва ўсім свеце, гэта прэмія за навуковыя дасягненні ў вобласці фізікі, хіміі, фізіялогіі ці медыцыны, а таксама літаратуры.

Раней лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў літаратуры стала беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках