21 траўня 2024, aўторак, 18:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У судзе Слонімскага раёна прайшоў абсурдны працэс над 72-гадовым Барысам Кучынскім

16
У судзе Слонімскага раёна прайшоў абсурдны працэс над 72-гадовым Барысам Кучынскім

Пенсіянера абвінавацілі адразу паводле двух артыкулаў КК.

10 лістапада 2022 года ў судзе Слонімскага раёна асудзілі 72-гадовага мясцовага жыхара і актывіста Барыса Кучынскага. Падчас судовага працэсу мужчына скардзіўся на дрэнны слых і маленькую пенсію, «пацярпелы» міліцыянт казаў пра «АЗГ Аўтуховіча», а суддзя цікавіўся, ці чытае абвінавачаны такія telegram-каналы, у якіх добра апісваецца дзяржава. «Вясна» расказвае, як праходзіў судовы працэс над Барысам.

Адна ўпадабайка - два артыкулы

Барыса Кучынскага абвінавацілі адразу ў двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках» (заўв. 1 ч. 3 арт. 203 КК). Усё гэта - за адзін перадрук у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» допісу аб участковым інспектары міліцыі АУС Ваўкавыска Віктары Лутчанку.

У гэтым допісе, размешчаным у суполцы «Гарадзенская вобласць. Перамен», была фатаграфія Лутчанкі ў службовай форме, а таксама яго асабістыя звесткі: нумар тэлефона і хатні адрас. Акрамя таго, тэкст допісу знаёміў чытачоў з Лутчанкам як з тым самым міліцыянтам, які запытаў з Мікалая Аўтуховіча 15 000 беларускіх рублёў за сваю «маральна-маёмасную шкоду» — гаворка ідзе пра падпал дома і аўтамабіля міліцыянта, што і паставілі ў віну Аўтуховічу.

«Упэўненыя, што гэта не адзіная справа Лутчанкі, мы збіраем інфармацыю: кожны, хто калі-небудзь сутыкаўся з ім і можа расказаць нешта, можа падзяліцца з намі пра ілжэсведчанне на судах, ужыванне гвалту да затрыманых, перавышэнне службовых паўнамоцтваў — паведамляйце нам», - гаварылася ў допісе.

На гэты допіс Барыс Кучынскі паставіў упадабайку — такім чынам допіс і апынуўся на ягонай асабістай старонцы ў «Аднакласніках». Гэта адбылося, паводле абвінавачання, 28 ліпеня 2022 года. А 26 жніўня 2022 года, пасля размовы са следчым, Барыс адразу ж выдаліў сваю старонку ў сацыяльнай сетцы. Але да гэтага моманту, як лічыць абвінавачанне, Кучынскі «незаконна распаўсюджваў інфармацыю» пра Лутчанку, бо старонка ў «Аднакласніках» не была закрытай, і, значыць, усе людзі маглі яе бачыць.

Падпісаны не на тыя каналы

На судовым працэсе суддзя спытаў у Барыса Кучынскага, чаму ён не падпісаны на праўладныя каналы, напрыклад «Пул першага»? У Кучынскага ў межах крымінальнай справы канфіскоўвалі і аглядалі ягоны мабільны тэлефон — і не ўбачылі там падпіскі на «нейкія праўладныя, добрыя каналы, якія сапраўды станоўча характарызуюць супрацоўнікаў АУС». Аднак у Барыса каналы супрацьлеглыя - тыя, «якія нельга называць», звярнуў увагу суддзя.

«Мая мэта - параўнаць інфармацыю, якая падаецца ў дзяржкрыніцах і незалежных крыніцах», - сказаў Кучынскі на гэта.

Суддзя пацікавіўся ў Барыса, каму менавіта з гэтых дзвюх крыніц ён верыць.

«Сабе», - адказаў Кучынскі.

Як вядома, суддзя Сяргей Манько быў прызначаны суддзёй Слонімскага раёна ўказам Лукашэнкі 15 кастрычніка 2020 года. На адным са сваіх судовых працэсаў у траўні 2022 года Манько папрасіў у абвінавачанага праспяваць дзяржаўны гімн Беларусі і расказаць пра тое, што азначае кожны з колераў лукашэнкаўскага сцяга (чырвона-зялёнага).

Вядома, што ўчастковы інспектар Віктар Лутчанка ў чэрвені 2022 года выступаў пацярпелым па справе Аўтуховіча. Калі ішоў крымінальны працэс над Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11-цю фігурантамі справы, праўладныя СМІ згадвалі пра тое, што Лутчанка працаваў у Ваўкавыску на акцыях пратэсту супраць «прэзідэнцкіх выбараў» і «тлумачыў наступствы ўдзелу ў незаконных акцыях. Уся праца вялася з ужываннем відэафіксацыі, таму Лутчанка перыядычна выступаў сведкам на адміністрацыйных працэсах над затрыманымі на акцыях». Нехта сфатаграфаваў Лутчанку на акцыі і размясціў інфармацыю пра яго ў інтэрнэце.

На судзе ў абвінавачанні Барыса Кучынскага Лутчанка распавёў, што распаўсюджванне яго асабістых звестак успрымаецца ім і яго сям'ёй вельмі цяжка. І ўспомніў пра гісторыю з падпалам яго аўтамабіля і дома, які будуецца, згадаўшы, што праз гэта пачаўся судовы працэс над «АЗГ Аўтуховіча» — менавіта такую фармулёўку выкарыстаў міліцыянт.

Лутчанка папрасіў у суда спагнаць з Кучынскага кампенсацыю сваёй «маральнай шкоды» ад распаўсюджвання допісу аб ім. Ён ацаніў прычыненую сабе шкоду ў 5 000 беларускіх рублёў.

Сам Барыс Кучынскі папрасіў паменшыць суму, бо ягоная пенсія вельмі маленькая, а жыць неяк трэба. Таксама Кучынскі папрасіў у суда вярнуць яму канфіскаваныя падчас крымінальнай справы рэчы: ноўтбук і мабільны тэлефон.

Дзяржабвінавачанне хацела калонію

Дзяржабвінавачанне запытала пакараць Барыса Кучынскага пазбаўленнем волі тэрмінам на 2 гады з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф сумаю 150 базавых велічыняў (што складае 4 800 беларускіх рублёў). І задаволіць іск пацярпелага міліцыянера.

Сам Віктар Лутчанка адзначыў, што дзеянні Кучынскага былі сур'ёзнымі для яго, таму то дараваць ён маральнага права не мае. Аднак Лутчанка хадайнічаў перад судом аб тым, каб да абвінавачанага не прымянялі меру пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі — у сілу яго старэчага ўзросту.

У выніку суддзя Сяргей Манько вынес наступны прысуд: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады (так званая «хатняя хімія»). Акрамя таго, Кучынскі павінен выплаціць штраф сумаю 150 базавых велічыняў (4 800 рублёў), а таксама аплаціць пацярпеламу міліцыянту Віктару Лутчанку маральныя пакуты сумаю 5 000 беларускіх рублёў.

Барыс Кучынскі не адразу пачуў агучанае пакаранне - і суддзя паўтарыў. Сам 72-гадовы абвінавачаны падчас судовага працэсу часта перапытваў, пра што ідзе гаворка, бо мае праблемы са слыхам.

Акрамя гэтага, суддзя вынес прыватную пастанову: следчым па крымінальнай справе не было ўказанае ў якасці абставін, якія змякчаюць адказнасць, што злачынства ўчыненае састарэлай асобай. Таксама Барыс Кучынскі паставіў упадабайку на допіс пра Лутчанку пры дапамозе свайго ноўтбука - аднак следчым гэты ноўтбук не быў прызнаны ні рэчавым доказам па справе, ні сродкам учынення злачынства. На гэтыя парушэнні трэба звярнуць увагу начальніку, адзначыў Сяргей Манько.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках