Што і за колькі прадаюць на Камароўцы ў гэтыя выходныя
5- 5.11.2022, 20:24
- 6,600
Бульбу можна знайсці і за 80 капеек.
Апошнія дні надвор'е не надта радуе менчукоў: то пахмурна, то дождж, то з раніцы стаіць туман. Субота выдалася крыху цяплейшай, таму і людзей на рынку было нямала. "Мінск-Навіны" зазірнулі на Камароўку і высветлілі, што зараз самае папулярнае і за колькі прадаюць сезонную прадукцыю.
Усё яшчэ ўражвае, што ў пачатку лістапада некаторыя прадаўцы прапануюць купіць летнія ягады: буякі за 25 рублёў (1 кг) — задавальненне зараз нятаннае. Актыўна рэалізуюць і яблыкі, якія, здаецца, не страчваюць актуальнасці ніколі. І кошт на іх прыемны: ад 1,5 да 3,5. Танней каштуюць мяльчэйшыя, дзе-нідзе падбітыя і кіслыя плады, але цалкам рэальна знайсці добрую прапанову ўсяго за 1,7–2 рубля.

Усё больш аранжавага колеру з'яўляецца на прылаўках: мандарыны і хурма прыцягваюць увагу пакупнікоў. Кошт на мандарыны стартуе ад 5 рублёў.
Хурма ж крыху адстае ад папулярнасці мандарынаў. Людзі цікавяцца, пытаюцца, ці вяжа, ці салодкая, але пакуль не спяшаюцца купляць. Відаць, сезон яшчэ не наступіў. Прадаюць за 4-6 рублёў. Сярод іншага на рынку можна набыць ківі за 6-8, апельсіны за 4 рублі. Усё яшчэ карыстаецца папулярнасцю вінаград: сярэдні кошт на рынку - 5 рублёў, ёсць гатункі, якія можна купіць за 3, а знакаміты «кіш-міш» без костачак - за 5-6.

Кошт памідораў радуе - 2-4 за кг, даражэй каштуюць чэрі, на якія лепш адкладаць не менш за 10 рублёў (за кіло). А вось кошт агуркоў моцна адрозніваецца: дзесьці хрумсткія пупырчатыя гатункі можна купіць за 4, дзесьці - за ўсе 15. Так што прыглядайцеся да коштаў. На вока: балгарскія перцы ёсць за 4 рублі, можна знайсці і за 7. Праўда, гародніна даражэй выглядае больш выйгрышна ў параўнанні з першым варыянтам.

Беларускай бульбы на Камароўцы стае. Ёсць і буйныя гатункі, і мяльчэйшыя. Можна знайсці і за 80 капеек, але часцей за сустракаецца ад 1,2. Не моцна саступае ў кошце і морква - у сярэднім кіло можна купіць за 1,5 рубля. Крыху даражэй каштуе бурак - кошт стартуе ад 2 рублёў. За 5 можна набыць кіло кабачкоў, якія яшчэ засталіся ў прадаўцоў.

Грыбоў зранку мала. Польскія баравікі прадаюць за 8–10 рублёў, кошты белых грыбоў стартуюць ад 15 (за 1 кг). Калі плануеце купіць дары лесу, то прыходзьце пасля поўдня, калі грыбнікі паспеюць вярнуцца з «ціхага палявання». Цяпер надвор'е больш спрыяльнае для росту пладоў грыбніцы: цяпло і моцныя дажджы робяць цуды.
