23 траўня 2026, Субота, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі капітан: Пад новы год карта дэакупаваных тэрыторый істотна зменіцца ў наш бок

Украінскі капітан: Пад новы год карта дэакупаваных тэрыторый істотна зменіцца ў наш бок

Як складваецца сітуацыя на фронце і чаго чакаць найбліжэйшым часам.

Ці ўплываюць масаваныя ракетныя абстрэлы Украіны на сітуацыю на фронце і ці існуе пагроза паўторнага маштабнага наступу на Кіеў з Беларусі, а таксама пра тое, што трэба УСУ для хуткага вызвалення акупаваных тэрыторый - «Апострофу» расказаў украінскі капітан 103-й брыгады ТрА Аляксандр Ганушчын.

- Як масаваныя ракетныя абстрэлы Украіны ўплываюць на сітуацыю на фронце? Ці адчуваеце Вы гэты ціск?

- Калі б яны маглі перамагчы нас абстрэламі на перадавой лініі, яны б гэта ўжо зрабілі. Таму цяпер яны спрабуюць расхістаць нас з тылу. Усе разумеюць, навошта яны гэта робяць і спадзяюся, што ў іх нічога не выйдзе.

- Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў мяркуе, што расейскія войскі могуць пачаць новы маштабны наступ з тэрыторыі Беларусі ўжо ў лютым 2023 года. На Вашу думку, якія рызыкі?

- Хачу пачаць з таго, што мы можам не толькі абараняцца, але і наступаць. І вельмі дакладна кажа Залужны, што нам трэба фармаваць «панцырныя кулакі», насычацца дадатковай панцырнай тэхнікай, якая можа дапамагчы нам у наступальных аперацыях. Сёння ўкраінскае войска можа гэта рабіць, і мы гэта давялі на прыкладзе контрнаступу на Харкаўшчыне і Херсоншчыне.

Калі нам дадуць такую дапамогу, пра якую просіць Залужны, я перакананы, што мы хутка пяройдзем ад размоў аб абароне на кожным кірунку да пытанняў нападу, асабліва, калі гэта дазволіць надвор'е і запасы баявых прыпасаў.

Што да Беларусі. Ні для каго не сакрэт, што адна частка расейскіх мабілізаваных адразу сышла на фронт затыкаць дзіркі, а другая застаецца ў Расеі. Раз магчымасцяў расейскіх навучальных цэнтраў не стае, частку мабілізаваных перакінулі ў Беларусь. І ў расейцаў узнікла такое жаданне, каб там адразу на месцы фармаваць нейкі наступальны патэнцыял, які можа стварыць праблемы ўкраінцам на паўночным фронце. Відавочна, гэта меў на ўвазе наш міністр абароны, і расейцы рыхтуюцца да гэтага варыянту ўжо даўно. Але я думаю, што пакуль гэта пагроза на перспектыву, то бок пад канец зімы, калі навучаная маса мабілізаваных зможа стаць у шэрагі расейскага або гібрыднага беларускага войска.

А цяпер яны сапраўды б'юць у тыл, спрабуюць дастаць нашу энэргетычную інфраструктуру, але як толькі нам дадуць дастаткова сіл і сродкаў для фармавання ўдарных груп, пытанне знаходжання расейцаў на часова акупаваных тэрыторыях будзе вымярацца днямі, тыднямі, месяцамі, але дакладна не гадамі.

- Залужны казаў, што яму трэба 300 танкаў, 600-700 БМП, 500 гаўбіц, тады мы зможам выйсці на межы 23 лютага. Гэта дасягальныя аб'ёмы?

– Безумоўна дасягальныя. Глядзіце, артылерыйская брыгада - гэта 72 гаўбіцы. Размова ідзе аб фармаванні і насычэнні баявой тэхнікай 9-10 артылерыйскіх брыгад. Гэта значыць, гэта звычайныя разлікі, колькі нам чаго трэба, каб праламаць расейцаў на адпаведных дзялянках фронту. Я думаю, што нашы заходнія хаўруснікі разумеюць гэта. І гэты публічны заклік, які мы атрымалі ад Гетмана, думаю, што гэта ўжо вынік пэўных разлікаў і перамоў, і гэтая колькасць тэхнікі сапраўды можа якасна змяніць сітуацыю на лініі фронту.

- Залужны таксама сказаў аб падрыхтоўцы двухсот тысяч расейскіх мабілізаваных для паўторнага наступу на Кіеў. Як вы ацэньваеце небяспеку?

- Расейскі дыктатар патрабуе ад свайго міністэрства абароны і ўсіх датычных да ўкраінска-расейскай вайны вынікаў ужо адразу. Самы просты для іх варыянт, і на пачатку вайны яны менавіта яго ўжывалі - гэта нацэліцца на ўкраінскую сталіцу. Вось толькі ўзровень абароны сталіцы ў лютым і цяпер – гэта непараўнальныя велічыні. І я думаю, што ніякія 200 тысяч толькі што навучаных расейскіх жаўнераў не зменяць сітуацыю. Але вораг хоча дасягнуць для сябе якіх-небудзь мэт у гэтай вайне і, безумоўна, сталіца застаецца для іх прынадным кавалкам. Але я перакананы, як яны ўдушыліся ў лютым 2022 года, так удушацца і цяпер.

- Якая цяпер сітуацыя на фронце?

- Акупанты пакуль збіраюцца вакол галоўных пунктаў супрацьстаяння, а мы нястомна рухаемся наперад. Так, пры гэтым часам цярпяць цэлі зусім не вайсковыя, але для расейцаў гэта звыклая практыка, і яны трацяць вельмі шмат людзей штодня і штотыдзень. Менавіта таму ў іх узнікаюць альтэрнатыўныя сцэнары, а менавіта масаваныя ракетныя ўдары па Украіне. Але ў расейцаў ужо не стае часу, навучаных афіцэраў, матываваных жаўнераў і тэхнікі, бо калі б яны маглі ўжыць тую тактыку, якая давала ім вынікі да сярэдзіны лета, яны, напэўна, прасоўваліся б неяк весялей. А пакуль прасоўваемся мы.

Што да кірунку Сватава і Крамянной, акупанты разумеюць, што неўзабаве апынуцца ў Старабельску. На паўднёвым кірунку таксама маюць разуменне, што ўсё хутка скончыцца. Іншая рэч, што гэта будзе не сёння і заўтра, але конча будзе.

- Калі прымаць да ўвагі прагнозы магчымага наступу расейцаў на Кіеў, ці можам мы да лютага-сакавіка забяспечыць сабе больш выгадныя пазіцыі на ўсходзе і поўдні?

- Мы ўжо рухаемся наперад. Так, цяпер крыху перашкаджае надвор'е, выпаў снег, але за ім абяцаюць дажджы. У такое надвор'е зніжаецца магчымасць апераваць панцырнай тэхнікай і падцягваць артылерыю, але мы ўвесь час рухаемся наперад. А ў расейцаў ёсць толькі прапаганда аб некалькіх сотнях мэтраў на Бахмуцкім кірунку, якія не нясуць ніякага стратэгічнага сэнсу, а болей з'яўляюцца пэўным адказам на тое, а што ж яны там робяць чатыры месяцы.

Што да прагнозаў аб Кіеве, то грэбаваць мы гэтым не можам, і ў нейкі момант давядзецца думаць аб рэзэрвах, якія будуць абараняць Украіну на імаверна новым кірунку з поўначы. Але я ўпэўнены, што такія рэзэрвы мы маем.

Таму будзем цярплівыя. Я ўпэўнены, што пад новы год карта дэакупаваных тэрыторый істотна зменіцца ва ўкраінскі бок.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках