26 красавiка 2024, Пятніца, 5:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал Бэн Ходжэс назваў дату кульмінацыі вайны ва Украіне

10
Генерал Бэн Ходжэс назваў дату кульмінацыі вайны ва Украіне

Расея не можа прадаўжаць свае дзеянні да бясконцасці.

Былы камандзір Сухапутных войскаў ЗША ў Еўропе Бэн Ходжэс у інтэрв'ю Голасу Амерыкі прагназуе кульмінацыю расейскай вайны ва Украіне ў канцы лета і падкрэслівае, што ваеннымі поспехамі Пуцін пахваліцца не можа.

НВ расказвае пра ягоныя галоўныя заявы.

Расеі няма чаго святкаваць

«Міністэрства абароны (Расейскай Федэрацыі – рэд.) паказала сябе як карумпаваны інстытут, а іх салдаты – як забойцы, якія выкарыстоўваюць зброю супраць цывільных аб'ектаў. Потым Пуцін нават даў ганаровыя гвардзейскія званні брыгадзе, якая мае дачыненне да забойства цывільных асобаў у Бучы. Таму я не думаю, што ім ёсць што святкаваць», – адзначыў ён.

У той самы час Ходжэс прызнаў, што Расея наносіць Украіне велізарную эканамічную шкоду і блакуе экспарт збожжа.

Былы камандзір Сухапутных сілаў ЗША ў Еўропе таксама звярнуў увагу на тое, што падчас параду 9 траўня ў Маскве не толькі не абвясцілі пра якую-кольвечы перамогу ці ўсеагульную мабілізацыю, але там не было таксама кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова і кіраўніка Генштаба РФ Валерыя Герасімава.

«Я не ведаю, што гэта значыць за кулісамі. Але мы ведаем, што Пуцін персанальна вельмі ўдзельнічае ва ўсіх дэталях ваеннай кампаніі, што з'яўляецца прыкметай таго, што, я думаю, у Крамлі ёсць паніка», – адзначыў Ходжэс.

Ён таксама ацаніў адсутнасць заявы аб мабілізацыі як тое, што ў Крамлі разумеюць, што расейцы не так ужо падтрымліваюць вайну.

«Таму ёсць шмат праблемаў, як, думаю, паказала гэтая вельмі змрочная і няўцешная цырымонія 9 траўня», – падсумаваў генерал.

Ходжэс нагадаў, што ўкраінскія вайскоўцы і насельніцтва змагаюцца за свой дом і абараняюць свае сем'і, у той час як расейскія салдаты выкарыстоўваюцца як гарматнае мяса і іхняе кіраўніцтва не клапоціцца пра іх.

Расейцы выбіраюць такі шлях, таму што яны пацярпелі паразу ва ўсім. Яны перайшлі на вайну на знясіленне, дзе вы проста выкарыстоўваеце колькасць і спрабуеце знішчыць артылерыю ворага, волю да таго, каб забіваць салдатаў, – сказаў ён, патлумачыўшы, што гэта дрэнны выбар, паколькі ён не паляпшае лагістычную сітуацыю РФ, а чалавечая сіла заканчваецца праз спробы ўнікнуць мабілізацыі.

Ядзерная зброя не дасць Пуціну пераваг

Бэн Ходжэс выказаў у інтэрв'ю перакананне, што расейскі дыктатар наўрад ці ўжыве ядзерную зброю «бо гэта не дасць яму ніякіх пераваг», у адрозненне ад яе невыкарыстання.

«Калі гэта цісне на згуртаванасць і гатоўнасць краінаў дапамагаць Украіне, то пагроза выкарыстання ядзернай зброі дае яму пэўныя вагары ўплыву», – растлумачыў ён.

Паводле словаў былога камандзіра Сухапутных войскаў ЗША ў Еўропе, калі Пуцін усё ж наважыцца на выкарыстанне ядзернай зброі, то «адказ Захаду будзе, бадай, няядзерным, але разбуральным, такім, які разбурыць ці сур'ёзна пашкодзіць Чарнаморскі флот Расеі, і расейскія войскі ўнутры Украіны».

Яшчэ адным чыннікам, які, на думку Ходжэса, зніжае верагоднасць выкарыстання РФ ядзернай зброі, з'яўляецца тое, што «вакол Пуціна ёсць людзі, якія думаюць, што жыццё пасля Пуціна існуе».

Кульмінацыя ў канцы лета

Амерыканскі генерал падчас інтэрв'ю падкрэсліў, што РФ не можа прадаўжаць свае дзеянні да бясконцасці.

«Думаю, кульмінацыя надыдзе дзе-небудзь у канцы лета, калі ў іх скончацца людзі, амуніцыя і воля да барацьбы», – сказаў ён.

Пазней, каментуючы тое, што РФ штодня выдаткоўвае на вайну блізу $900 млн, Ходжэс адказаў: «З такімі баямі, стратамі амуніцыі і вайскоўцаў, думаю, што да канца лета – канец жніўня, пачатак верасня – расейскія сілы прыйдуць у заняпад і Украіна будзе мець дастатковы патэнцыял для пачатку контрнаступу. Каб выцесніць расейскія сілы назад, прынамсі, да лініі 23 лютага. Думаю, гэта адбудзецца да верасня».

Заходняя падтрымка Украіны

Падчас інтэрв'ю амерыканскі генерал падкрэсліў, што Пуцін не можа проста здацца і сказаць, што не меў рацыі.

«Расею трэба перамагчы на полі бою, трэба разбіць расейскія сілы на полі бою. Таму нельга тармазіць у вылучэнні Украіне дапамогі і рэсурсаў, якія ёй патрэбныя», – падкрэсліў ён.

Таксама, паводле словаў Ходжэса, важна, каб усе партнёры, якія падтрымліваюць Украіну, былі згуртаванымі, прадаўжалі санкцыі і дыпламатычны ціск.

Генерал дадаў, што акрамя рэсурсаў трэба таксама, каб Украіна змагла наладзіць унутраную лагістычную сетку – «каб да салдатаў паступалі рэчы, якія ім патрэбныя».

Змяненне стратэгіі NATO і супраціў Турцыі ўступленню ў Альянс Швэцыі і Фінляндыі

Каментуючы будучы саміт NATO ў Мадрыдзе, былы камандзір Сухапутных войскаў ЗША ў Еўропе выказаў надзею, што Альянс перагледзіць канцэпцыю стрымлівання і зразумее што «неабходна ў першую чаргу абараняць, а не спадзявацца на магчымасць хутка разгарнуць сілы».

«Думаю, што нашыя хаўруснікі ўздоўж усходніх межаў NATO бачылі, што адбывалася ў Бучы. Яны разумеюць, што ў гэтым выпадку можа не быць што вызваляць і аднаўляць. Таму нельга аддаць ні лапіка зямлі», – падкрэсліў Ходжэс.

Генерал дадаў, што цяпер выкарыстанне боепрыпасаў «перавышае якія-небудзь ацэнкі» і «краінам давядзецца паглядзець, ці вырабляем мы дастаткова ўласных боепрыпасаў для доўгага канфлікту з такімі тэмпамі спажывання».

Ходжэс таксама адзначыў, што большай увагі заслугоўвае супрацьпаветраная абарона і выказаў надзею, што «Альянс і Злучаныя Штаты распрацуюць стратэгію для Чарнаморскага рэгіёну», што «датычыцца нашых сапсаваных стасункаў з Турцыяй».

Паводле ягоных словаў, Турцыя нагадала краінам Захаду, што «як хаўрусніца ў вельмі важным рэгіёне яна чакае павагі і таго, што яе перасцярогі будуць разгледжаныя».

Генерал выказаў перакананне, што Турцыя падтрымае ўступленне Швэцыі і Фінляндыі ў NATO.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках