Віктару Цою - 60: як песня «Хочу перемен!» стала сімвалам беларускага пратэсту
11- 21.06.2022, 19:48
- 7,740
Якую ролю адыграла ягоная кампазіцыя праз дзесяцігоддзі пасля з'яўлення на свет.
Галоўнае патрабаванне беларусаў у 2020 годзе было правядзенне сумленных выбараў і змена рэжыму Лукашэнкі. І тое, што песня са словамі "Перемен требуют наши сердца" ператварылася ў палітычны лозунг, здаецца цалкам лагічным. Упершыню "Хочу перемен!" Віктар Цой з гуртом "Кіно" выканаў у 1986 годзе, падчас "перабудовы". Аднак сам спявак адмаўляў палітычны характар кампазіцыі. Пра гэта неаднаразова гаварылі і іншыя ўдзельнікі гурта. Але ў кантэксце эпохі людзі ўбачылі ў песні палітычны сэнс і пачалі выкарыстоўваць яе на мітынгах.
"Перемен!" як мелодыя будзільніка
У Беларусі "Хочу перемен!" у якасці пратэстнага лозунгу загучала яшчэ ў 2011 годзе падчас "маўклівых пратэстаў" - удзельнікі акцый устанаўлівалі яе на будзільнікі ў мабільных тэлефонах і ўключалі ў загадзя ўзгоднены час. Нягледзячы на тое, што пратэстоўцы не прамаўлялі ні слова, іх затрымлівалі, а песню Цоя пазней забаранілі трансляваць на радыё.
У 2020 годзе "Хочу перемен" зноў "выйшла на вуліцу" разам з пратэстоўцамі. Яшчэ да выбараў яна часта гучала на пікетах для збору подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, у ланцугах салідарнасці і проста ў падземных пераходах.
Музыкі пачалі ствараць новыя каверы, а паэт Андрэй Хадановіч пераклаў тэкст песні на беларускую мову. Пасля гэтага музыкі Павел Гарадніцкі, Станіслаў Мытнік, Алесь Лютыч, Кетэван Асраташвілі праспявалі гіт Цоя па-беларуску: "Перамен! Хутчэй перамен!".
"Для мяне моўны аспект важны. Адна справа - пераспяваць Цоя. Але мне здаецца, цяпер вельмі важна ствараць кантэнт на роднай мове, на беларускай, - кажа лідар гурта "Разбiтае сэрдца пацана" (РСП) Павел Гарадніцкі ў інтэрв'ю DW. - Трэба сыходзіць ад рускамоўнага Youtube, каб захаваць сябе".
Пасля 15 дзён арышту ў 2021 годзе і забароны на канцэртную дзейнасць у Беларусі Павел Гарадніцкі пакінуў Беларусь. Спачатку ён жыў у Кіеве, а калі ва Украіне пачалася вайна, пераехаў з сям'ёй у Польшчу. Цяпер Павел разам з другім удзельнікам гурта Дзянісам Тарасенкам выступае ў Еўропе.
Самае запамінальнае выкананне доўжылася некалькі секунд
Статус пратэстнага гімна за песняй канчаткова замацавалі "дыджэі перамен" Кірыл Галанаў і Улад Сакалоўскі.
Незадоўга да выбараў яны ўключылі песню на гарадскім свяце ў Менску, якое ўлады зладзілі, каб сарваць перадвыбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай. Кірыл і Улад працавалі тады гукарэжысёрамі на арганізаваным уладамі мерапрыемстве. Пастанову яны прынялі спантанна падчас кароткага дыялогу. "Калі ў нас ёсць гук, можа, што-небудзь уключым?", - спытаў Улад. "Перемен"? - прапанаваў Кірыл.
Выдатны варыянт "прывітацца" з людзьмі, у якіх адабралі іх законнае права, надумалі абодва. Песня прагучала толькі некалькі секунд, пакуль арганізатары адключалі апаратуру, але яе выкананне стала адной з самых яркіх падзей перадвыбарнай кампаніі ў краіне.
"У мяне не было перажыванняў за тое, што будзе далей. Я думаў толькі аб тым, што гэта ўсё адбываецца, і я маю да гэтага дачыненне", – успамінаў Кірыл праз год пасля свайго ўчынку.
За такое выказванне пратэсту хлопцы адсядзелі 10 дзён, а пасля з'ехалі ў Літву. Але песня аб пераменах яшчэ доўга заставалася на беларускіх вуліцах.
Рок-гіт у стылі фолк
Адным з самых незвычайных было выкананне "Перемен" фэнтэзі-фолк-гуртом Irdorath - на масавых пратэстах пасля фальсіфікацыі выбараў і дваровых канцэртах салідарнасці музыкі гралі рок-кампазіцыю на дудах. За гэта заснавальнікаў гурта Надзею і Уладзіміра Калач звольнілі з працы ў цэнтры дадатковай адукацыі. А ў жніўні 2021 года, калі ў краіне ўжо не было мітынгаў і маршаў з-за беспрэцэдэнтных рэпрэсій, сілавікі ўварваліся на лецішча, дзе Надзея адзначала свой дзень нараджэння. Удзельнікаў гурта, а таксама іх сяброў затрымалі. Шасцярых з іх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў. На гэты момант пяцёра ўсё яшчэ адбываюць пакаранне.
Песня, у якую аўтар не ўкладваў палітычнага сэнсу, стала сімвалам барацьбы за незалежнасць цэлага народа. Як мяркуе Павел Гарадніцкі, "Перемен!" ужо не з'яўляецца выключна песняй Каспарана і Цоя. "Гэта ўжо асобны твор мастацтва, які кожны, слухаючы, напаўняе сваім сэнсам. Гэтак жа, як з "Чорным квадратам" Малевіча або карцінай "Джаконда".