Прэзідэнт Італіі распусціў парламент
- 21.07.2022, 20:01
- 2,026
Прызначаныя датэрміновыя выбары.
Прэзідэнт Італіі Сэрджа Матарэла падпісаў указ аб распусканні парламента краіны і прызначэнні пазачарговых выбараў. Пра гэта ён абвясціў 21 ліпеня пасля таго, як прэм'ер Італіі Марыё Драгі другі раз падаў у адстаўку, паведамляе канцылярыя прэзідэнта.
Пазачарговыя парламенцкія выбары, паводле пастановы Матарэлы, пройдуць праз 70 дзён.
«Датэрміновае распусканне парламента - гэта заўсёды апошні выбар, асабліва калі, як цяпер, перад палатамі парламента стаіць мноства важных задач, якія неабходна развязаць у інтарэсах нашай краіны. Але ўзніклая палітычная сітуацыя прывяла да гэтай пастановы. Дэбаты, галасаванне і тое, як гэтае галасаванне было выяўленае ўчора ў Сэнаце, выяўна паказалі, што парламенцкая падтрымка ўрада аслабла і што няма ніякіх перспектыў фармавання новай большасці. Гэта ўмова рабіла неўнікнёным датэрміновае распусканне палат», - заявіў прэзідэнт краіны.
Ён падзякаваў Драгі ды ягонаму ўраду за работу і адзначыў, што пасля адстаўкі паўнамоцтвы ўрада (склад кабінета працавацьме да абрання новага) будуць абмежаваныя, аднак ён "мае механізмы, якія дазваляюць рэагаваць на бягучыя патрэбы".
Матарэла гаварыў пра неадкладныя эканамічныя і сацыяльныя крокі ды згадаў у сваёй прамове Украіну.
«Неабходна стрымліваць наступствы вайны Расеі супраць Украіны для бяспекі Еўропы і нашай краіны. Гэта вельмі важна для супрацоўніцтва на еўрапейскім і міжнародным узроўні», - падкрэсліў ён.