14 жнiўня 2022, Нядзеля, 19:36
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Баец палка Каліноўскага: Апошнія падзеі набліжаюць канец Лукашэнкі

1
Баец палка Каліноўскага: Апошнія падзеі набліжаюць канец Лукашэнкі

Гамяльчук распавёў, як перажыў Бучу і ўступіў у беларускі полк.

Гамяльчук Ігар Краўчанка, які праз палітычны пераслед вымушаны быў выехаць з Беларусі ва Украіну, сустрэў вайну ў Бучы пад Кіевам. Ён на свае вочы назіраў бясчынства расейскіх вайскоўцаў і іх агрэсію ў дачыненні да мірнага насельніцтва. Адчуўшы на сабе жахі расейскай акупацыі, беларус здолеў выбрацца з захопленай тэрыторыі і неўзабаве далучыўся да палка Кастуся Каліноўскага. Сваімі ўражаннямі і думкамі гамяльчук падзяліўся з «Флагштокам».

ІГАР КРАЎЧАНКА

«Былі баі ў самім горадзе, проста пекла. Гадзіну пражыў - і добра»

Беларус упэўнены, што застаўся жывы цудам. Вось што ўспамінае Ігар аб тых страшных днях:

«Пад акупацыяй я прабыў усяго некалькі дзён. 5 сакавіка занялі горад, а 8 сакавіка мы адтуль выйшлі. Праз лінію фронту - Ірпень, Раманаўку і на Кіеў. Фактычна, я быў тры дні пад акупацыяй, але тое, што там рабілася, - гэта было проста пекла. З 25 лютага, калі ў самой Бучы пачаліся баі, не было сувязі, газу, адразу знікла цяпло, стала вельмі холадна ў кватэры, а па пітную ваду даводзілася хадзіць пад абстрэламі. Калі войскі прарываліся з Гастомеля, вайскоўцы проста побач з домам бегалі, потым танкі з-за кута, былі баі проста ў самім горадзе, пры гэтым яшчэ і абстрэлы, і авіяцыя. Проста пекла дзеялася. Гадзіну пражыў - і добра. Стральба магла спыніцца а 2-3 ночы і аднавіцца а 5 раніцы - як паводле раскладу. Жудасна было, калі авіяцыя на Ірпень нізка заходзіла: Су-24 і Ка-52. Такое ўражанне, што ён цяпер у фортачку ўляціць…»

«Я разумею людзей, якія жылі ў шэрай зоне 8 гадоў»

Але на 3-4 дзень прывыкаеш да абстрэлаў, адзначае гамяльчук - ведаеш, адкуль прылятае:

«Страшна, калі выходзіш з дому. Я разумею людзей, якія жылі ў шэрай зоне 8 год. Абвыкаеш да такой ступені: патрапіць дык патрапіць, не дык не. У нас не было ні бамбасховішча, ні нават склепа. Жылі ў трохпакаёвай «хрушчоўцы» з сям'ёй бежанцаў з Менска з чатырма дзецьмі - яны спалі ў калідоры перад дзвярыма туалета. Засунулі шафамі вокны ад аскепкаў. Але да нас нічога не патрапіла. У нас на вачах, на маю думку гэта было 26 ці 27 лютага, расстралялі траіх валанцёраў на аўтамабілі з надпісамі. Яны развозілі лекі і прадукты з Рады. Людзі зацягнулі іх у склеп, і там целы праляжалі амаль 10 дзён - у склепе дома, дзе жылі людзі».

Вакзал у Бучы ў час акупацыі ў лютым
ФОТА: ІГАРА КРАЎЧАНКІ

Аўтамабіль з 5 дзецьмі развярнулі, а потым расстралялі

Гамяльчук расказвае, як сусед Мікалай на сваім «Рэно» вывозіў людзей з Гастомеля і Ворзеля:

«Павёз маці і пяцёра дзяцей. Па ўсім аўто былі на лістах А4 па літары на кожны ліст надпіс «ДЗЕЦІ» - не заўважыць было немагчыма. Яны даехалі да блокпоста расейскага войска, тыя загадалі развярнуцца. Калі ён гэта зрабіў, пачалі страляць. А 6:30 аўто ўляцела ў двор - у маці было скразное раненне ногі, аж кавалак мяса вылецеў, дзіцяці чыркнула па галаве. Проста кашмарная сітуацыя. Няма сувязі, няма лекаў, пачаўся абстрэл, яе ўдалося вывезці толькі на наступны дзень, калі апухла нага».

«Думаў, цяпер паласне ў спіну і ўсё»

5 сакавіка, калі ўбачылі, што расейскія войскі стаяць усюды, пастанавілі, што трэба выходзіць, прадаўжае гамяльчук:

«Калі выходзілі, нарваліся на расейскі патруль, нас цудам не расстралялі. Выходзілі ярамі, і калі б нас там забілі, дык бы там і валяліся невядома колькі. Я пачуў у апошні момант: «Страляю!» Жаўнер стаяў на насыпе, аўтамат у баявым становішчы. Знаёмая кажа: «Пройдзем», а я кажу, што цяпер паласне ў спіну і ўсё. Мы вярнуліся - там былі два зусім маладыя хлопцы, стаяў БМП або БРД, напэўна, яны з яго нас убачылі і выйшлі. Дзякуй Богу, дакументы не пыталіся. У мяне рэчаў практычна не было, у знаёмай былі рэчы, яна паказала. Спыталі ў нас, чаму выходзіце. Распавядаць тады ім, чаму яны акупанты, жадання зусім не было. Сказалі, што святла няма, вады няма, газу няма, увогуле нічога няма, таму выходзім. Тады яны сказалі: добра ідзіце, толькі белыя анучы ў рукі. У нас нічога белага не было, давялося парэзаць белую сукенку знаёмай. Яна прывязала на руку, а я не захацеў, бо расейскія вайскоўцы так насілі, таму проста накінуў, трымаў разам з сумкай. Калі выйшлі на Ірпень, у народа вочы былі па сем капеек - што мы прымудрыліся выйсці з Бучы. У той час недзе 30% Ірпеню было акупавана, але баі ішлі недзе ў іншай частцы горада. Нейкія валанцёры нас падвезлі, і мы выйшлі на Раманаўку, напалову разбітую — там дымілася ўсё, лес цягам некалькіх кіламетраў увесь выгараў…»

РАМАНАЎСКІ МОСТ У ІРПЕНІ. ФОТА: REUTERS

«Гэта быў апакаліпсіс»

Ігар Краўчанка эвакуяваўся праз Ірпень каля таго самага Раманаўскага моста, фота якога абляцелі свет.

«Жудасная карціна была: на некалькі кіламетраў усе палосы проста застаўленыя пустымі аўто, дзесьці нават з ключамі. Мост узарвалі, і людзі проста сыходзілі. Праз прылёты некалькі аўтамабіляў стаялі згарэлыя. Як апакаліпсіс. Пад мостам УСУ стаялі, валанцёры дапамагалі людзей перапраўляць. Пад гэтым мостам інвалідныя вазкі кінутыя, вазкі дзіцячыя, праз рэчку дрэвы ляжаць. Пад мостам былі чалавек пяцьсот ці тысяча, чэргі. Агульная атмасфера - проста кашмар. Калі да Кіева дабраўся, тут проста курорт быў, хоць тады меркавалася, што гэта яшчэ дастаткова гарачае месца».

У інтэрв'ю Ігар прасіў не ўдакладняць свае баявыя задачы і перамяшчэнні, а першапачаткова ў Кіеве ён займаўся дапамогай бежанцам:

«Я не верыў, што такая поўнамаштабная вайна будзе, думаў, што абвастрэнне на ўсходзе толькі. Але калі мы абмяркоўвалі з валанцёрамі, я казаў, што буду ці бараніць, ці дапамагаць. Тады ўжо батальён арганізаваўся, усе, хто ў Кіеве датуль застаўся, усе былі там: і старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, і беларусы, якія прыехалі з Варшавы - у першыя дні вайны яны выехалі з Украіны, але потым вярнуліся. Звязаўся з імі і на наступны дзень ужо быў у батальёне».

Цяпер гамяльчук выконвае задачы на месцы дыслакацыі палка - адказвае за харчовае забеспячэнне як на базе, так і на баявых пазіцыях.

«Пасля Бучы я ўжо ведаў, што нікуды не з'еду»

Ігар быў знаёмы з нядаўна загінулым у баі Іванам «Брэстам». Вось як ён апісвае байца:

«Гэта чалавек вайны, ён жыў вайной. Увесь час ваяваў: пасля баёў мала адпачываў, нервовая напруга адбівалася. Цяпер час такі, што не дазваляе адпачываць. Было такое, што ён прыязджаў з баявых і яму трэба было зноў з'язджаць на баявыя, і ўжо на наступны дзень выязджаў, увогуле без адпачынку».

Пра сябе гамяльчук такога сказаць не можа:

«Я - сапраўды не чалавек вайны, і не шукаў яе. Вайна мяне самога знайшла, на жаль. У такіх абставінах робіць жорсткім, чэрствым, прывыкаеш да страху. Пасля Бучы я ўжо ведаў, што нікуды не з'еду».

Ігар мяркуе, што рана ці позна Пуцін можа прымусіць Лукашэнку, каб ён аддаў загад свайму войску ісці ў наступ:

«Хоць усе разумеюць, што Беларусь сёння не гатовая. У мяне ёсць знаёмыя, якія маюць дачыненне да беларускага войска. Яны паведамлялі яшчэ ў сакавіку, што афіцэры кажуць, што мы вас не павядзем. А калі нас здымуць, то вы ведаеце як выводзіць са строю тэхніку і здавацца ў палон. Такі настрой у войску - катэгарычна супраць, аж да афіцэрскага складу, нават калі паступіць загад. Але пагроза ёсць, бо Лукашэнка прадаў краіну дзеля магчымасці трымацца ва ўладзе».

«Акупанты нацыянальнасці не маюць»

Беларус мяркуе, што сітуацыю вакол Кіева стварыў менавіта Лукашэнка, таму ён такі ж вайсковы злачынца як і Пуцін. І яго злачынства стане яшчэ большым, калі ён кіне беларускіх кантрактнікаў на Данбас:

«Яны стануць такімі ж акупантамі як і расейскае войска - акупанты нацыянальнасці не маюць. Мне будзе шкада, напэўна, што яны - беларускія хлопцы, але яны акупанты».

Таксама Ігар выказаў меркаванне, што чакае Беларусь на фоне вайны Расеі супраць Украіны - ці бліжэй беларусы сталі да перамогі над рэжымам, чым у 2020 годзе?

«Тое, што Пуцін развязаў вайну ва Украіне, напэўна, набліжае канец Лукашэнкі. Параза Расеі ў вайне - а я ўпэўнены, што Украіна пераможа ў гэтай вайне - стане канцом рэжыму Лукашэнкі. Але якімі ахвярамі, якім коштам… Я не думаю, што вайна неўзабаве скончыцца. Яны будуць доўга чапляцца за Херсон, бо гэта іх адзіная сур'ёзная заваёва. Яны за Херсон моцна чапляцца будуць, але зносіць яго, як Марыупаль, мы не можам - гэта наогул па-за рамкамі. Думаю, вайна прадоўжыцца яшчэ недзе паўтара — два гады, і што ўвосень настане такі пералом, пасля якога мы паступова пачнём забіраць сваё», — спадзяецца беларус.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».