26 красавiка 2024, Пятніца, 22:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што вядома пра ператрус у доме Дональда Трампа.

16
Што вядома пра ператрус у доме Дональда Трампа.
ФОТА: EPA

Ператрусы ФБР трымаліся ў строгай таямніцы – пра іх не ведаў нават Байдэн.

Кіраўніцтва ФБР, супрацоўнікі якога ў панядзелак абшукалі дом экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, не раскрываюць прычыну ператрусу, але крыніцы ў амерыканскіх СМІ гавораць, што следчыя дзеянні прайшлі ў рамках справы аб абыходжанні Трампа з сакрэтнымі дзяржаўнымі дакументамі. Прыхільнікі Трампа праводзяць акцыі ў ягоную падтрымку, а былыя паплечнікі патрабуюць ад ФБР неадкладных тлумачэнняў, паведамляе BBC.

Ператрусы ФБР у доме Дональда Трампа ў Мар-а-Лага трымаліся ў строгай таямніцы – пра іх не ведаў нават прэзідэнт Джо Байдэн, запэўніваюць у Белым доме.

«Ніхто ў Белым доме не быў праінфармаваны пра ордар на ператрус у рэзідэнцыі Дональда Трампа ў Мар-а-Лага. Супрацоўнікі адміністрацыі прэзідэнта Байдэна даведаліся пра ператрус з публічных паведамленняў», – заявіла прэс-сакратарка Белага дому Карын Жан-П'ер.

У Белым доме адмовіліся каментаваць ператрусы і параілі журналістам задаваць пытанні Міністэрству юстыцыі. Пры гэтым прэс-сакратарка дадала, што Джо Байдэн не сумняваецца ў «вяршэнстве закона».

Яшчэ ў красавіку паведамлялася, што Міністэрства юстыцыі ЗША пачало расследаванне паводле факта вывазу Трампам афіцыйных прэзідэнцкіх дакументаў у рэзідэнцыю Мар-а-Лага, дзе ён увесь час жыве са студзеня 2021 года.

Расследаванне пачалося пасля таго, як у лютым Нацыянальная ўправа архіваў і дакументацыі ЗША паведаміла кангрэсмэнам, што яго супрацоўнікі знайшлі ў маёнтку блізу 15 скрыняў з дакументамі Белага дому, некаторыя з якіх утрымлівалі сакрэтныя матэрыялы.

Трамп назваў інцыдэнт у панядзелак сярэднявеччам, самі ператрусы – рэйдам, і заявіў, што ні з адным з былых прэзідэнтаў ЗША нічога падобнага не здаралася.

У дачыненні да Трампа цяпер вядуцца шматлікія расследаванні, у тым ліку курыраваная Кангрэсам справа наконт беспарадкаў у Капітоліі 6 студзеня 2021 года.

Як адрэагавалі ў ЗША

Былыя паплечнікі Трампа патрабуюць ад ФБР тлумачэнняў і мяркуюць, што ў ператрусах ёсць палітычная падаплёка.

Так, Мік Малвані, у мінулым кіраўнік адміністрацыі Трампа, у інтэрв'ю Бі-бі-сі заявіў, што ператрус ФБР у прыватнай рэзідэнцыі ў Мар-а-Лага, з'яўляецца «альбо самай абуральнай у нашай гісторыі палітычнай замовай, альбо часткай самага значнага крымінальнага расследавання».

Нават былы віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс, які не падтрымліваў Трампа пасля нападу яго прыхільнікаў на Капітолій, заклікаў генеральнага пракурора ЗША Мерыка Гарланда даць грамадскасці поўную справаздачу, чаму быў выдадзены ордар на ператрус.

Ён таксама выказаў глыбокую заклапочанасць з нагоды рэйду ФБР і сказаў, што гэта папахвае небесстароннасцю Міністэрства юстыцыі і што справа палітычна матываваная.

«Я падзяляю глыбокую занепакоенасць мільёнаў амерыканцаў з нагоды беспрэцэдэнтнага ператрусу ў асабістай рэзідэнцыі прэзідэнта Трампа», – напісаў Пэнс у «Твітэры», адзначыўшы, што ніводны былы прэзідэнт Злучаных Штатаў ніколі не зазнаваў падобнага ператрусу за ўсю гісторыю краіны.

Чалец Палаты прадстаўнікоў, вядомы рэспубліканец Майк Тэрнер таксама назваў ордар на ператрус беспрэцэдэнтным і накіраваў дырэктару ФБР Крыстаферу Рэю ліст з патрабаваннем правесці экстранны брыфінг і растлумачыць грамадзянам краіны, што адбываецца.

Прыхільнікі Трампа выказваюць яму падтрымку ў сацсетках, а некалькі дзясяткаў нават правялі акцыю пратэсту каля рэзідэнцыі ў Флорыдзе і «Трамп-таўар» у Нью-Ёрку, дастаўшы транспаранты і сцягі з перадвыбарнай кампаніі Трампа 2020 года.

У ФБР афіцыйную прычыну ператрусаў пакуль не называюць. Аднак, на думку Дэйва Аранберга, дзяржаўнага пракурора Палм-Біч, штат Флорыда, палітычныя матывы правядзення ператрусу цалкам выключаныя.

Аранберг кажа, што на падставе ўласнага юрыдычнага досведу ён цалкам перакананы: беручы да ўвагі беспрэцэдэнтнасць запыту, суддзя, які выдаў ордар на ператрус, напэўна вывучыў усе акалічнасці справы настолькі старанна, наколькі гэта толькі магчыма.

Ён таксама запэўніў, што яго ніхто не папярэджваў, што ФБР будзе праводзіць ператрус у доме прэзідэнта Трампа ў Мар-а-Лага. «Але такая таемнасць нармальная для федэралаў, асабліва калі гаворка ідзе пра справу такую далікатную, як ператрус у доме былога прэзідэнта», – дадаў Аранберг у гутарцы з Бі-бі-сі.

Што робіць сам Дональд Трамп і ягоныя прыхільнікі

Дональд Трамп, які раней намякаў, што хоча вярнуцца ў Белы дом, заявіў, што рэйд ФБР – «гэта ператварэнне сістэмы правасуддзя ў зброю радыкальнымі левымі дэмакратамі, якія адчайна не хочуць, каб я балатаваўся ў прэзідэнты ў 2024 годзе».

Не выключана, што Рэспубліканская партыя спрабуе выкарыстаць абурэнне прыхільнікаў Трампа наконт ператрусу ФБР, каб сабраць больш грошай для фінансавання кампаній кандыдатаў ад партыі напярэдадні блізкіх прамежкавых выбараў у ЗША.

Цяпер Трамп знаходзіцца ў сваім гольф-клубе ў Бэдмінстары, штат Нью-Джэрсі. Туды ён прыехаў пасля ператрусаў і, як паведамляе карэспандэнт Бі-бі-сі ў Нью-Джэрсі, збіраецца сёння паабедаць з высокапастаўленымі чальцамі Рэспубліканскай партыі.

Паводле словаў карэспандэнта, ахова на пад'ездах да гольф-клуба была сур'ёзна ўзмоцненая, а сама сустрэча, якая была запланаваная ўжо даўно, будзе падобная на сустрэчу генерала з салдатамі перад сур'ёзнай бітвай.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках