26 красавiка 2024, Пятніца, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лепш за ўсё разбіраюць крывянку і ліверку»

5
«Лепш за ўсё разбіраюць крывянку і ліверку»

Аповед беларускай прадавачкі, якая паўстагоддзя адпрацавала за прылаўкам.

Ядзвіге Тадэвушаўне – 63 гады. 45 з іх жанчына адпрацавала прадаўцом у адной і той краме ў Вілейцы «на мясе». Яна і сама дзівіцца колькасці гадоў, праведзеных за прылаўкам. Пра сваю гісторыю яна расказала kraj.by.

«Ад няма чаго рабіць падалася ў гандаль»

– Ніколі і не думала, што стану прадавачкай, ды яшчэ і «ў каўбасах», якія не ем, – кажа мініяцюрная жанчына ў сіне-белай пілотцы і спрытна закідвае кольца «Кракаўскай» каўбасы ў лядоўню.

Біяграфія ў Ядзвігі Тадэвушаўны зямная: адвучылася ў васьмігодцы, потым скончыла вячэрнюю школу і ў 18 гадоў падалася на завод «Зеніт» – збірала мініяцюрныя фотаапараты «Эцюд». Тады ж выйшла замуж за будаўніка. Выгадавала дваіх дзяцей, апошнія гады працуе на пенсіі – «таму што просяць папрацаваць». Ядзвіга Тадэвушаўна ў сваёй краме цэніцца, а на выходныя гаспадарыць на лецішчы пад Вілейкай.

– Заробак на заводзе быў мізэрны, – успамінае наша гераіня пачатак кар'еры прадавачкі. – Пры звальненні далі восем рублёў – жыві, як хочаш. Куды ісці далей? Паштаркай? Ад няма чаго рабіць падалася ў гандаль. Крама №10 тады размяшчалася ў сутарэнні на 17 Верасня. Загадчыцай была Тамара Сіўчык. Прыйшлі дзве неспрактыкаваныя вучаніцы. Тры месяцы за намі назіралі, вучылі прадаваць. У выніку загадчыца пакінула мяне. Недзе праз год у Вілейцы пабудавалі цяперашні «Дзіцячы свет» з прадуктовым на першым паверсе. Перайшлі туды. Ужо 45 гадоў я ў гэтай краме.

Нядаўна за паўвекавую працу да прафсвята жанчыне далі грамату і прэмію, якую «яшчэ не выдаткавала».

Ядзвіга Тадэвушаўна з ліку тых, хто заспеў дэфіцыт і перабудову, успамінае, што ў краме ў савецкія гады былі вітрыны «ад сценкі да сценкі».

– Цяпер каўбасаў – заваліся, назваў і гатункаў якіх хочаш. А тады што? «Доктарская» і «Любіцельская». Шалёныя чэргі стаялі. У адны рукі – кілаграм каўбасы і адна курыца. І адстаяць за імі трэба было не адну гадзіну – усім не ставала, – успамінае жанчына.

«Нават пад’ядаю стоячы»

«Будні» Ядзвігі Тадэвушаўны пачынаюцца а 7 раніцы і заканчваюцца а 10 вечару. Змены на два дні, потым два выходныя. За паўстагоддзя Ядзвіга Тадэвушаўна настолькі «намятала» вока, што адрэжа 400 грамаў каўбасы, і шаляў не трэба. Назвы «зачытае», як урывак з «Анегіна» – хоць сярод ночы падымі.

– Дык 45 гадоў у адным аддзеле: каўбаса і рыба, – здаецца, Ядвіга Тадэвушаўна і сама дзівіцца свайму стажу. – Неяк былі пытанні са здароўем. Села я пасля гэтага на касу. Месяц пасядзела – і ўсё на гэтым. Ну не магу я сядзець. Гэтулькі гадоў на нагах: то каўбасу паднесці, то мяса насячы, нават пад’ядаю стоячы. Прывыкла, – усміхаецца Ядзвіга Тадэвушаўна і дадае, што сама да каўбасы абыякавая.

– Не ведаю чаму. Я сала салёнае люблю. А каб каўбасы ела, дык якая б я была? А людзі ядуць усякую каўбасу: і за 30 рублёў, і за 10, а лепш за ўсё разбіраюць крывянку і ліверку, – удакладняе наша гераіня.

Пра пакупнікоў гаворыць так: людзі розныя, добрым для ўсіх не будзеш.

– Для ўсіх стараюся. Вазьму палку каўбасы, спецыяльна разрэжу, каб пакупнікі бачылі, што ўнутры. Іншы раз проста раю, што браць, што смачней, а што бюджэтней, – удакладняе прадавец.

Гаворыць, з людзьмі трэба ўвесь час размаўляць нават за прылаўкам. 45-гадовай стабільнасці Ядзвігі Тадэвушаўны здзівіліся не толькі мы.

– Ды ўсе знаёмыя дзівяцца, гавораць: «Кідай ужо, Ядзя, досыць». Маладыя прыходзяць працаваць, расказваю ім, што паўстагоддзя амаль за прылаўкам. А яны: «Ого, людзі столькі не жывуць». У 58 гадоў надумала звольніцца. Пайшла да кіраўніцтва заяву пісаць. Іду праз плошчу, і слёзы з вачэй. Спынілася, расплакалася. Не змагла. Засталася, – кажа напрыканцы Ядзвіга Тадэвушаўна.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках