26 красавiка 2024, Пятніца, 15:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пакрыўджаныя

27
Пакрыўджаныя
ІРЫНА ХАЛІП

Ладуцька як адзінка прыніжэння.

Чытаю навіны: «У Сеціве з'явілася пакаяннае відэа дырэктара «Мотавела» Ладуцькі». Цікава, думаю, а яму ГУБАЗіК дзверы выломваў ці ён сам адчыніў? А білі, каб раскаяўся, ці так пагадзіўся? А пасля запісу ў турму павезлі ці проста па нырках пару разоў для страху далі?

Высветлілася, гэта была ініцыятыва знізу. Сам папрасіўся, праз дзяржаўных журналістаў раскаяўся дзейна, назваў хамства Лукашэнкі бацькоўскім словам, якое трэба слухаць і выконваць. Увогуле, трымайцеся там, Віктар, Зміцер і Мікалай - у вас, здаецца, яшчэ адзін брацік з’яўляецца, гадкоў гэтак шасцідзесяці трох ад нараджэння. Будзьце пільныя: з такімі прамовамі, з такім пакаяннем, з такім публічным пасыпаннем галавы попелам ён, глядзіце, хутка будзе прызнаны старэйшым сярод вас і ўспадкуе ўсё бацькоўскае багацце, а вам хіба што залаты пісталецік застанецца, прычым адзін на траіх.

Так, Мікалаю Ладуцьку - 63 гады. Нават з падвышэннем пенсійнага ўзросту ён яго дасягнуў. І ў гэтым самым узросце чалавек, які не мае ўяўлення аб выхаванні, называе яго на «ты» і пад радаснае рогат іншых чыноўнікаў мачае тварам у гразь. На ягоных вачах звяртаецца да намесніцы старшыні гарвыканкама Надзеі Лазаровіч (таксама на «ты», зразумела) і патрабуе знайсці для Ладуцькі пенсійную пасаду, бо ён бегаць не можа і ўвогуле ўжо дрэнна варушыцца. Ладуцька ж замест таго, каб запатрабаваць як мінімум паважлівага звароту ці ўвогуле спыніць хама, пакорліва маўчыць. А потым бяжыць да дзяржаўных журналістаў і расказвае пра строгага, але справядлівага бацьку, каб запісалі ягонае прыніжэнне на камеру і распаўсюдзілі. Гэта ў іх, у чыноўнікаў, такія БДСМ-забаўкі, ці што?

Не ведаю, наколькі дрэнны ці добры Ладуцька ў якасці «моцнага гаспадарніка». (У хвалебным артыкуле «Саўбеліі» пра прагрэсіўнага дырэктара «Мотавела» за 2018 год прачытала, што раней на заводзе працавалі сотні зборшчыкаў, а цяпер іх засталося толькі 10, і Ладуцька ўважае гэта за сваю галоўную заслугу – «захаванне невялікага калектыву энтузіястаў, кожны з якіх можа сабраць матацыкл амаль усляпую».) Але ў якасці «цярпілы» ён ідэальны.

Ладуцька доўга сядзеў у крэсле старшыні менскага гарвыканкама, але заставаўся выканаўцам абавязкаў. Калі журналісты з падкусваючы пыталіся, чаму ж яму да такой ступені не давяраюць, адказваў пакорліва: «Значыць, так пастанавіў прэзідэнт». Потым усё ж выседзеў пасаду мэра і чатыры гады быў узорным хлопчыкам для біцця. Лукашэнка то абяцаў яго пасадзіць, то адпраўляў у адстаўку, то пагражаў адарваць галаву. Казаў, што аднойчы ўвечары закрые гарвыканкам на ключ, а раніцай набярэ новы склад. Увогуле, павесяліўся як мае быць. І ўвесь гэты час Ладуцька маўчаў.

Яны ўсе маўчаць. Тры гады таму Лукашэнка патрабаваў надзець кайданкі на міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца, і той таксама ўзорна маўчаў. Лукашэнка яго тыкаў носам у «абаср…ю скаціну», як ён сам выказаўся, - а той працягваў маўчаць. Лукашэнка крычаў «усіх пад нож!» - таксама маўчаў. Затое зараз Заяц віцэ-прэм'ер, які гэта самая сельская гаспадарка з усёй скацінай курыруе. А Лукашэнка яго па-ранейшаму публічна прыніжае - у апошні раз 5 жніўня ў Пастаўскім раёне, калі паабяцаў усім «паздымаць галовы». Зрэшты, «апошні раз» - гэта проста храналогія. Канешне ж, не ў апошні.

Чыноўнікі даўно ўжо зразумелі: адзінае, што трэба для працы ва ўладзе, - гэта быць «цярпілай». Быць гатовым да публічных прыніжэнняў, а яшчэ лепш - прыніжацца з уласнай ініцыятывы, як Ладуцька. Тады, калі пагоняць з пасады - тут жа наўзамен дадуць новую. Можа, не такую высокую, затое з вялікімі карупцыйнымі магчымасцямі. Або, наадварот, падвысяць, але з меншым хабарным патэнцыялам («вялікія, але па тры» - гэта ўсё класікі сатыры даўно са сцэны расказалі). Чыноўнікі гэта зразумелі яшчэ ў дзевяностыя, калі ахоўнікі Лукашэнкі спачатку міністра абароны Мальцава ў жывым эфіры выводзілі з залі пад лямант «прыбярыце яго адсюль!», потым магілёўскага губернатара Кулічкова - гэтак жа і туды ж. Замест таго каб у канцы скарыстацца сітуацыяй і сказаць падчас трансляцыі ўсё, што думаюць, тыя пакорліва сыходзілі, гнаныя шафамі з аховы. І праз некаторы час (зусім невялікі, шчыра скажам) вярталіся ў звыклую вертыкаль. Мальцаў потым і саўбез узначальваў, і ў роднае міністэрства вяртаўся на той жа пасадзе, і нават зараз, у 73 гады, усё яшчэ дырэктарствуе недзе ў інстытуце дзяржаўнага чагосьці. А Кулічкоў неўзабаве пасля таго, як яго выкінулі з залы пасяджэнняў, стаў міністрам гандлю.

Так што і за Ладуцьку мы можам быць зусім спакойныя. Пасаду яму знойдуць. Магчыма, куды больш хлебную, чым «калектыў з дзесяці энтузіястаў», якія засталіся ад сотняў супрацоўнікаў «Мотавела». Заслужыў, Ладуцька, малайчына. І, галоўнае, добры прыклад таварышам падае. Так што чакаем пакаянных відэа ад чыноўнікаў, якія жадаюць здзейсніць кар'ерны рывок. Дарэчы, для папаўнення бюджэту рэкамендую не выкладваць іх у Інтэрнэт і не трансляваць на тэлевізіі, а запісваць сотнямі і паказваць у кінатэатрах асобнымі сеансамі. «Пакрыўджаныя, 3-ці сезон». Чэргі ў касы і сотні тысяч у бюджэт ад продажу білетаў і набыцця папкорну з кока-колай гарантую.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках