13 жнiўня 2026, Чацвер, 17:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна прапанавала Захаду ваенны звяз і адмовілася ад усіх саступак РФ

33
Украіна прапанавала Захаду ваенны звяз і адмовілася ад усіх саступак РФ

Каго Кіеў бачыць гарантамі сваёй бяспекі.

Украіна адмаўляецца ад усіх саступак, якія абмяркоўваліся з Расеяй на перамовах у сакавіку, і прапануе заходнім краінам заключыць аналаг ваеннага звязу, вынікае з праекта дамовы аб гарантыях бяспекі, які ў аўторак апублікаваў Офіс прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Згодна з дакументам, Кіеў бачыць у якасці гарантаў ЗША, Вялікую Брытанію, Канаду, Польшчу, Італію, Нямеччыну, Францыю, Аўстралію і Турцыю, а таксама запрашае далучыцца еўрапейскія краіны: ад краінаў Балтыі да Заходняй Еўропы. З імі плануецца заключыць пагадненне аб стратэгічным партнёрстве з «дакладна сфармуляванымі» гарантыямі і «абавязальніцтвамі».

У адрозненне ад праекту, які абмяркоўваўся ў сакавіку, Украіна больш не гатовая «замарожваць» нявызначаны статус Крыма. У першы месяц вайны, калі расейскія войскі стаялі пад Кіевам, а прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прапаноўваў украінскай арміі «дамовіцца», Кіеў дапускаў «перамовы» аб будучыні паўвострава, якія маглі б доўжыцца 15 гадоў.

У новым дакуменце Украіна настойвае, што гарантыі бяспекі павінны ахопліваць тэрыторыю краіны ў яе «міжнародна прызнаных межах».

Таксама адпраўленая ў смеццевы кошык прапанова аб пазаблокавым або нейтральным статусе, якая абмяркоўвалася з дэлегацыяй расейскіх чыноўнікаў на чале з Уладзімірам Медынскім. Гарантыі бяспекі «не павінны быць элементам абмену на пэўны статус, як нейтралітэт, або накладваць на Украіну іншыя абавязальніцтвы або абмежаванні», гаворыцца ў дакуменце.

Каб абараніць сябе ў адпаведнасці са статутам ААН, Кіеву неабходныя інвестыцыі ў абаронна-прамысловы комплекс, атрымліваць якія ён спадзяецца, атрымаўшы «доступ да праграмаў фінансавання ЕЗ».

Акрамя таго, спатрэбіцца зброя і падтрымка выведзвесткамі ад хаўруснікаў, а таксама супольныя вучэнні з NATO, гаворыцца ў праекце.

Фактычна гаворка пра тое, каб Украіна атрымала гарантыі, аналагічныя тым, што цяпер ёсць у Ізраіля ад ЗША, расказаў на прэс-канферэнцыі ў Кіеве адзін з аўтараў праекта, былы генеральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн, які цяпер займае пасаду памочніка прэзідэнта Украіны.

У дамове не будзе пункта, аналагічнага 5 артыкулу статута NATO аб калектыўнай самаабароне, які патрабуе ваеннага адказу блока на агрэсію супраць аднаго з чальцоў. Ягоная асноўная мэта – замацаваць сувязі Кіева з Захадам і гарантаваць плынь узбраенняў, а таксама дапамогу з выведкай і трэніроўкай войскаў.

«Мы павінны гарантаваць, што Расея ніколі больш не зможа ўварвацца ва Украіну. Найлепшы спосаб зрабіць гэта – забяспечыць Украіне ваенную сілу, якая была б здольная супрацьстаяць любому будучаму расейскаму нападу», – заявіў Расмусэн.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках