26 красавiка 2024, Пятніца, 11:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея апынулася на мяжы другой буйной паразы ва Украіне пасля Харкава

3
Расея апынулася на мяжы другой буйной паразы ва Украіне пасля Харкава

Украінскія войскі амаль атачылі горад Ліман у Данецкай вобласці.

Расея блізкая да другой буйной паразы пасля контрнаступу Украіны пад Харкавам. Украінскія войскі амаль акружылі горад Ліман у Данецкай вобласці і ў найбліжэйшы час могуць узяць у «кацёл» буйную групоўку расейскіх войскаў, піша The Moscow Times са спасылкай на зводку Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Цяпер УСУ знаходзяцца на захадзе, поўначы і паўночным усходзе ад Лімана і ўжо ўзялі пад агнявы кантроль адзіную лінію камунікацыі расейскіх войскаў, якая праходзіць праз населены пункт Торскае. Эксперты прадказваюць, што страта Лімана стане вельмі цяжкай для арміі Расеі і паставіць пад пагрозу раней захопленыя вялікай колькасцю ахвяраў Лісічанск і Севераданецк.

Украінскія сілы ўжо вядуць баі на паўднёвым усходзе ад вёскі Калодзезі і на ўскраінах Торскага, якое размешчанае ад Лімана ўсяго за 12 км. Таксама УСУ прарвалі расейскае ўмацаванне каля Ямполя і вядуць наступ у раёне Торскага яшчэ і з паўднёвага захаду.

«Падзенне ліманскай "кішэні", верагодна, будзе мець вельмі сур'ёзныя наступствы для расейскай групоўкі на поўначы Данецкай вобласці і на захадзе Луганскай», – папярэджваюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны. У той самы час яны адзначаюць, што расейскае ваеннае кіраўніцтва не змагло стварыць інфармацыйны фон для хуткай паразы ў Лімане.

«Міністэрства абароны Расеі не гаварыла пра апошнія расейскія страты ў раёне Лімана і не было гатовае да падзення гэтага сектару фронту, што, верагодна, пагоршыць і без таго невысокі маральны дух», – канстатуюць эксперты.

Дакладна такая ж сітуацыя была перад найбуйнейшай на гэты момант паразай Расеі пад Харкавам у верасні. Пасля нечаканага прарыву фронту расейскае войска апынулася ў паніцы і ратавалася ўцёкамі, дазволіўшы ўкраінскім сілам вызваліць блізу 8 тыс. квадратных кіламетраў менш чым за тыдзень. У выніку амаль уся Харкаўская вобласць была дэакупаваная.

«Незадаволенасць, якая рушыла за гэтым, у расейскай нацыяналістычнай інфармацыйнай прасторы, верагодна, падштурхнула Крэмль да загаду аб частковай мабілізацыі», – мяркуюць аналітыкі ISW. Яны прагназуюць, што ўзяцце Лімана і прасоўванне да Лісічанска і Севераданецка ўзмоцняць разлад паміж расейскімі нацыяналістамі і ваенным кіраўніцтвам, а таксама войскамі і камандаваннем. Усё гэта будзе адбывацца на фоне «частковай» мабілізацыі, абвешчанай Уладзімірам Пуціным, якая рэкордна з пачатку пенсійнай рэформы апусціла ягоны рэйтынг і выклікала рэзкі негатыў у грамадстве.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках