Ізраіль правёў лакальныя рэйды ў сектар Газа
- 6,814
Былі задзейнічаныя бранятанкавыя і пяхотныя войскі.
Салдаты Войска абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) сёння, 13 кастрычніка, увайшлі на тэрыторыю сектара Газа ў рамках лакальных рэйдаў. Для гэтага выкарыстоўвалася ваенная тэхніка.
Пра гэта заявіў прэс-сакратар ЦАХАЛу контр-адмірал Даніэль Хагары, паведамляе The Times of Israel.
Паводле ягоных словаў, у рэйдах былі задзейнічаныя бранятанкавыя і пяхотныя войскі. Яны змаглі не даць баевікам ХАМАСу, узброеным супрацьтанкавай зброяй, прабрацца на тэрыторыю Ізраілю.
«Сілы выявілі знаходкі, якія могуць дапамагчы ў пошуках зніклых без вестак», – дадаў Хагары.
Ён падкрэсліў, што Войска абароны Ізраіля прадоўжыць прыкладаць усе намаганні для таго, каб высветліць інфармацыю пра зніклых без вестак і закладнікаў.
Паводле звестак The Times of Israel, 150–200 чалавек былі ўзятыя ў закладнікі ХАМАСам падчас нападу ў суботу, 7 кастрычніка. Да цяперашняга часу ЦАХАЛ апавясціў сем'і 120 закладнікаў, што іх блізкія ўтрымліваюцца ў сектары Газа.