У Беларусі надвор'е б'е рэкорды
1- 15.10.2023, 21:18
- 6,652
Адразу на 16 метэастанцыях абноўленыя тэмпературныя максімумы.
На 16 беларускіх метэастанцыях, у тым ліку ў двух абласных цэнтрах, 14 кастрычніка былі абноўленыя тэмпературныя рэкорды. Пра гэта паведамляе BPN, параўнаўшы аператыўныя і архіўныя звесткі Белгідрамета.
У Берасці паветра прагрэлася да 24,3 градуса (24 градусы 14 кастрычніка 1993 года), у Гародні – да 22,8 (21,3 у 2019-м).
Абнавіліся экстрэмумы таксама ў Пружанах – 24,9 (23,2 у 1993-м), Івацэвічах – 24,3 (23,5 у 1993-м), Высокім – 24 (23,2 у 1993-м), Баранавічах – 23 ,7 (22,6 у 1993-м), Стоўбцах — 23,6 (23 у 2019-м), Ваўкавыску – 23,4 (22,2 у 2019-м), Лідзе – 22,5 (21,6 у 2019-м).
Вышэй за 20 градусаў з новымі рэкордамі было ў Нарачы, Шаркаўшчыне (20,9 супраць 20,3 у абодвух выпадках), Лепелі (20,8 супраць 18,3 у 1993-м), Ашмянах (20,8 супраць 20,5 у 2019-м), Докшыцах (20,8 супраць 20,6 у 2019-м), Верхнядзвінску (20,6 супраць 20,1 у 2019-м) і Лынтупах (20,2 супраць 19,5 у 2019-м).
У Менску да паўтарэння рэкорду дня не хапіла 0,1 градуса (22,1 супраць 22,2 чатыры гады таму).
Абсалютны максімум дня для ўсёй тэрыторыі краіны трымаецца 30 гадоў (26,4 градуса 14 кастрычніка 1993 года ў Лельчыцах супраць 25 мінулым днём у Драгічыне).
У другой палове дня 14 кастрычніка на Беларусь пачало распаўсюджвацца халоднае паветра. Як адзначаюць сіноптыкі, відаць, у суботу быў заключны ўсплёск восеньскага цяпла. На наступным тыдні, 16–22 кастрычніка, беларусаў чакае павольнае апусканне ў глыбокую восень з паніжэннем тэмпературы да кастрычніцкай нормы клімату.